Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў Беларусі адменяць сьмяротнае пакараньне?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Эўропе праходзіць дзень супраць сьмяротнага пакараньня. Зь ідэяй ўстанаўленьня 10 кастрычніка такога дня выступілі ў чэрвені сумесна Эўракамісія і Рада Эўропы. Скасаваньне сьмяротнай кары прадугледжана ў Эўрапэйскай Канвэнцыі правоў чалавека. Яе ратыфікалі 40 эўрапэйскіх краін і 7 падпісалі. Вярхоўны суд Беларусі акурат напярэдадні прысудзіў да сьмерці яшчэ двух чалавек. Калі ж у Беларусі адменяць сьмяротнае пакараньне?

Учора я быў на прысудзе бандзе Марозава. У Сяргея Марозава й Ігара Данчанку, асуджаных да сьмерці за забойствы, усе пільна ўглядаліся. Магчыма, прысутныя думалі, ці сапраўды вартыя сьмерці гэтыя людзі, якія зьнешне зусім не выглядалі монстрамі?

Беларусь засталася адзінай краінай у Эўропе, дзе сьмяротная кара не адмененая, ці на яе не накладзены мараторый, як у Расеі. Болей як 10 гадоў таму беларусы прагаласавалі за захаваньне сьмяротнай кары на рэфэрэндуме. Ці зьмянілася з тых часоў стаўленьне да гэтай меры пакараньня? Што думаюць людзі на менскіх вуліцах?

“Я супраць, бо мы дэмакратычная краіна. Калі ва ўсім сьвеце прыйшлі да высновы, што сьмяротная кара – гэта надзвычай жорстка, то і мы мусім яе адмяніць. Трэба замест яе выкарыстоўваць пажыцьцёвае пакараньне”.

“Я лічу, што калі чалавек заслугоўвае сваімі справамі такога пакараньня, то хай яно і будзе. І яму лягчэй – ня трэба мучацца, і дзяржаве ня трэба яго ўсё жыцьцё ўтрымліваць”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, ад 1997-га году на сьмерць асуджаны 161 чалавек. Калі суд асудзіў чалавека да расстрэлу і ягоная скарга на прысуд засталася не задаволеная, захаваць жыцьцё можа толькі прэзыдэнт – паводле закону толькі яму дадзена права на памілаваньне. Аднак за час прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі вядомы толькі адзін выпадак, калі ён памілаваў асуджанага на сьмерць. Неаднаразова Аляксандар Лукашэнка публічна заяўляў пра тое, што Беларусь “не гатовая да скасаваньня сьмяротнай кары”.
На сёньняшні дзень 129 краінаў сьвету скасавалі сьмяротнае пакараньне ў заканадаўстве альбо на практыцы: 89 цалкам адмовіліся ад сьмяротных прысудаў; 10 захавалі кару толькі за ваенныя злачынствы; 30 увялі мараторый на выкананьне прысудаў.
Між тым праціўнікі сьмяротнага пакараньня кажуць пра верагоднасьць судовай памылкі, з-за якой могуць пазбавіць жыцьця невінаватага. Гэтак, у 1970-ых гадох мінулага стагодзьдзя за злачынствы віцебскага маньяка Міхасевіча сапраўды пакаралі сьмерцю невінаватага чалавека. Вось і ў справе банды Марозава быў эпізод, калі за забойства асудзілі невінаватага.

Праваабаронца Тацяна Процька на баку тых, хто кажа: каб пазбавіцца рызыкі караць невінаватых, ад сьмяротнай кары трэба тэрмінова адмовіцца. Таксама Тацяна Процька кажа пра страты, якія наносіць гэта працэдура супрацоўнікам міліцыі:

“Тыя людзі, якія выконваюць прысуды, ужо псыхічна ненармальныя. Бо як ні кажы, а яны мусяць быць забойцамі”.

У прэсавай службе генэральнай пракуратуры мне адмовіліся выказаць асабістае стаўленьне да сьмяротнага пакараньня. “Мы ж выканаўцы законаў. Лепш зьвярніцеся да дэпутатаў, яны ж прымаюць законы”, – сказаў супрацоўнік.

Некалькі дэпутатаў, да якіх я зьвярнуўся, таксама палічылі за лепшае прамаўчаць. А вось дэпутат Сяргей Гайдукевіч сказаў, што салідарны ў гэтым пытаньні з дэмакратамі. Ён асабіста супраць сьмяротнага пакараньня, паколькі лічыць жыцьцё чалавека галоўнай каштоўнасьцю:

“Да гэтага грамадзтву яшчэ трэба дайсьці, з гэтым нічога пакуль не зрабіць. Але ў пэрспэктыве, безумоўна, сьмяротнае пакараньне трэба адмяняць”.

• Беларусь сапсавала Эўропе імідж самага гуманнага кантынэнту , 7.09.2007 • Беларусь адна зь першых у Эўропе паводле колькасьці зьняволеных, 4.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG