Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чарнобыльскі шлях” пачнецца а 18-й гадзіне


Любоў Лунёва, Менск Арганізатары “Чарнобыльскага шляху” ў Менску спадзяюцца, што акцыя пройдзе мірна й будзе шматлюднай. Яны чакаюць адказу ад Маскоўскага суду на скаргу на чыноўнікаў Менгарвыканкаму, якія самавольна зьмянілі маршрут акцыі.

БРСМ за свае мітынгі ня плаціць

Шэсьце пачнецца ў 18 гадзінаў ад Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы, што на вуліцы Карастаянавай. Некалькі заяўнікаў будуць сустракаць людзей на плошчы Якуба Коласа, каб накіроўваць іх да Акадэміі навук.

Менгарвыканкам запатрабаваў, каб арганізатары шэсьця заплацілі міліцыі за працу падчас акцыі, а “Менскзелянбуду” — за патаптаныя газоны.

Юрась Зянковіч паведаміў “Свабодзе”:

“Закон аб масавых мерапрыемствах распаўсюджваецца толькі на нас. На тыя мерапрыемствы, якія ладзяць са згоды органаў дзяржаўнага кіраваньня, гэта не распаўсюджваецца. Паводле закону, яны маюць права патрабаваць ад нас аплаты сваіх паслугаў.

Любыя недзяржаўныя арганізацыі, у тым ліку пратэстанты, апазыцыя, грамадзкія аб’яднаньні, дзеці, якія ладзяць свае сьвяты, паводле дзейнага заканадаўства павінны аплачваць паслугі міліцыі, службы мэдычнай дапамогі, “Зелянбуду” і гэтак далей.

БРСМ — гэта ў нас грамадзка-дзяржаўная арганізацыя фактычна. Таму на іх гэта не распаўсюджваецца. Яна ў нас па-над правам”.

В.Івашкевіч: ідзем да Чарнобыльскай капліцы

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч падчас прэсавай канфэрэнцыі выказаў спадзяваньне, што прадстаўнікі ўсіх палітычных партыяў і грамадзкіх рухаў устрымаюцца ад радыкальных дзеяньняў. Ён мяркуе, што людзі пойдуць адзінай калёнай да Чарнобыльскай капліцы, што на вуліцы Карастаянавай.

Віктар Івашкевіч падкрэсьліў, што гэта ніяк не зьвязана з плошчай Бангалор — месцам, дзе звычайна ўлады дазваляюць апазыцыі ладзіць акцыі.

“У інтэрнэце зьявіліся непрадуманыя заявы некаторых людзей, кшталту: “На Бангалор не пайду!”. Хачу падкрэсьцліць, што Чарнобыльская капліца — хрысьціянскі храм, пабудаваны адмыслова, каб ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобылю. Пайсьці туды — гэта высакароднае дзеяньне, якое ня мае ніякага дачыненьня да палітыканскіх спэкуляцыяў на прадмет “хто тут больш радыкальны”.

Заяўнікі “Чарнобыльскага шляху” чакаюць, што сёньня альбо заўтра, 25 красавіка, суд Маскоўскага раёну дасьць адказ на скаргу на чыноўнікаў Менгарвыканкаму.

Заяўнікі спаслаліся на 6-ты артыкул “Закону аб масавых мерапрыемствах”, паводле якога нельга зьмяняць маршруту акцыі без папярэдняга ўзгадненьня з арганізатарамі.

Гаворыць Юрась Зянковіч:

“На час да разгляду нашай скаргі па сутнасьці мы просім суд прыпыніць дзеяньне рашэньня Менгарвыканкаму ў частцы забароны правядзеньня паводле вызначанага маршруту”.

Ф.Вячорка: задзейнічаем "Лысага вожыка"

Актывіст Партыі БНФ Франак Вячорка распавёў, што моладзь падрыхтавала шэраг імпрэзаў падчас “Чарнобыльскага шляху”.

Большасьць імпрэзаў задзейнічае “Лысага вожыка” — пэрсанажа моладзевых інтэрнэт-сайтаў. Моладзевыя актывісты надзенуць майкі жоўтага колеру з выявай вожыка. Арганізатары пойдуць у майках зь лягатыпам “Чарнобыльскага шляху”.

Гаворыць Франак Вячорка:

“Падрыхтавалі вялікую моладзевую мабілізацыйную кампанію пад агульнай назвай “Лысы вожык”. Гэта ня ёсьць нейкай сур’ёзнай кампаніяй. Нельга казаць, што гэта знак “Чарнобыльскага шляху-2007”. Гэта ёсьць тое, што называецца моладзевым сьцёбам.

“Лысы вожык” ёсьць прадуктам савецкай і постсавецкай эпохі, вынікам Чарнобыльскай аварыі, вынікам парадаксальнасьці й абсурднасьці дзеяньняў улады. “Лысы вожык” — віртуальны пэрсанаж, якому ня страшныя ні Акрэсьціна, ні турмы. Ён спакойна выказваецца на прасторы беларускага інтэрнэту”.

Каля капліцы ўдзельнікі акцыі запаляць жалобныя сьвечкі.

Наступны онлайн – са старшынём аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” Іванам Нікітчанкам



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG