Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Джынсавы фэст" на плошчы Бангалор - фотарэпартаж


Валер Каліноўскі, Менск У акцыі салідарнасьці ў Менску, прымеркаванай да гадавіны зьнікненьня апанэнтаў дзейных уладаў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, прыняло ўдзел некалькі тысяч чалавек. Некаторыя актывісты выказалі намер сёньня ўвечары запаліць сьвечкі салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы. З такім заклікам на фэсьце публічна выступіў і А. Мілінкевіч. А 19.15 адключылася электрычнасьць, што выклікала пратэст удзельнікаў акцыі.

На сцэне Джынсавага фэсту арганізатары прымацавалі партрэты зьніклых апанэнтаў улады і паставілі сымбалічны намёт, такі, якія стаялі на Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку.

Паколькі ўлады забаранілі выкарыстаньне на фэсьце нацыянальнай сымболікі, то бел-чырвона-белыя сьцягі моладзь насіла на сваіх плячах, як аздабленьне вопраткі. Недахоп сымболікі таксама кампэнсавалі ўзьнятымі над галовамі джынсавымі кашулямі, а таксама афіцыйнымі сьцягамі гораду Менску і Эўразьвязу. Фэст пачаўся з гучных скандаваньняў “Жыве Беларусь!”і выступаў родзічаў зьніклых апанэнтаў улады. Гаворыць дачка Анатоля Красоўскага Валерыя.

( Красоўская: ) “Мы пакутуем ад невядомасьці ўжо сем год, страшней за невядомасьць толькі ўсьведамленьне таго, што павінныя ў гвалтоўных зьнікненьня Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, працягваюць бяскарна чыніць зло”.

Валерыя Красоўская заявіла, што цяпер мае толькі адну мару – каб злачынцы панесьлі пакараньне.

(Красоўская: ) “І чакаць засталося нядоўга, сябры. Усё залежыць ад нашай з вамі салідарнасьці. Жыве Беларусь!”

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька заклікаў выкарыстаць кампанію па выбарах мясцовых саветаў як магчымасьць прыйсьці да людзей, сказаць праўду пра зьніклых і пра сытуацыю ў краіне:

( Лябедзька: ) “Свабоду нельга абмяняць па бартэры, свабоду нам не прынясе ніхто. Яе не пабудуе брыгада замежных будаўнікоў. Свабода і перамены – гэта нацыянальны беларускі праект, і мы можам яго рэалізаваць яго толькі тады, калі мы разам!”





У джынсавай вопратцы на фэст прыйшоў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандар Мілінкевіч. Пад час выступу ён заявіў, што дыктатуру можна перамагчы толькі на плошчах. Ён заклікаў сёньня а 21-й гадзіне запаліць сьвечкі салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы. За гэта міліцыя папярэдзіла, што ён можа быць арыштаваны:

(Мілінкевіч: ) “Мы ўдзячныя, што сёньня моладзь прыйшла, бо агрэсія ва ўладаў страшэнная, запалохваюць ва ўнівэрсытэтах, здымаюць з заняткаў, спыняюць аўтамабілі, людзей хапаюць у кватэрах, каб не прыехалі… Значыцца вынік ёсьць, калі праводзім такое”.

Аляксандар Мілінкевіч зазначыў, што надалей будуць праводзіцца сустрэчы з людзьмі ў рэгіёнах, апазыцыяй усё будзе рабіцца, каб пераадолець апатыю, прыцягнуць да сябе больш грамадзян.

На фэсьце выступалі ўдзельнікі акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку гэтага года, прадпрымальнік і былы палітвязень Валер Леванеўскі, журналістка Ірына Халіп, сваякі палітвязьняў Валеры Дранчук і Павал Марыніч. Большасьць аўдыторыі склалі маладыя людзі.

( Хлопец: ) “Ёсьць такая рэч як салідарнасьць, яна ёсьць сярод усёй моладзі Беларусі. Кожны свабодны ў думках чалавек павінен быў сюды прыйсьці”.

( Іншы хлопец: ) “Я супраць дыктатуры, хачу жыць у вольнай краіне”.

(Спадар: ) “Мы прыйшлі заявіць, што мы разам і што мы пераможам”.

(Іншы спадар: ) “Мне падаецца вельмі бесхрыбетнай наша апазыцыя, паглядзіце, тут 15-16- гадовыя дзеці, наўрад ці што яны змогуць зрабіць. Можа праз 10 гадоў, калі падрастуць”.

































Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG