Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У царкве зьбіралі подпісы супраць будаўніцтва касьцёлаў


Алесь Дашчынскі, Менск У царкве Куцеінскага праваслаўнага манастыру ў Воршы ініцыявалі збор подпісаў супраць будаўніцтва касьцёлаў у Беларусі. Прадстаўнікі Менскай эпархіяльнай управы зьняпраўджваюць цьверджаньні, што Беларуская праваслаўная царква ініцыявала кампанію супраць каталікоў.

“Белорусская деловая газета” апублікавала артыкул, у якім гаворыцца, што прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы адкрыта заклікаюць вернікаў заняць актыўную пазыцыю супраць экспансіі каталіцкай царквы. У сувязі з гэтым праваслаўныя прыходы пачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва ў краіне касьцёлаў. Аўтар гэтага газэтнага артыкулу Аляксандар Нікалайчук цьвердзіць, што бачыў такую аб’яву на свае вочы.

(Нікалайчук: ) “У выходны дзень былі хрэсьбіны ў сына, і я заехаў у Куцеінскую царкву ў Воршы. Царква вельмі вядомая ў Віцебскай вобласьці. У гэтай царкве каля абраза Мікалая Цудатворцы вісела паперка, на якой было напісана, што вядзецца збор подпісаў супраць будаўніцтва каталіцкага храму ў Воршы, і таксама тлумачэньне, што царква ня супраць каталіцкай веры, а супраць экспансіі рымска-каталіцкай царквы на ўсход”.

Гэтая аб’ява разьмяшчалася ў храме, а гэта азначае, што яна была санкцыянавана зьверху. Аднак у Менскай эпархіяльнай управе цьвердзяць, што ў самым высокім кіраўніцтве ніхто не даваў дазволу на збор подпісаў супраць будаўніцтва касьцёлаў у Беларусі. Пра гэта заявіў сакратар эпархіяльнай управы айцец Мікалай Коржыч:

(Коржыч: ) “Першы раз чую. Я ня бачыў, не сустракаў, і блаславеньня такога нікому не было дадзена”.

Паводле архімандрыта айца Аляксея Шынкевіча, шмат у якіх населеных пунктах Беларусі царква і касьцёл стаяць побач, а вернікі сябруюць паміж сабой, таму ніхто не павінен займацца зборам подпісаў супраць будаўніцтва касьцёлаў.

(Шынкевіч: ) “Гэтага ня можа быць, таму што такія рэчы ў нас ня робяцца – каталікі маюць такое самае права ставіць свае малітоўныя будынкі, як і праваслаўныя, як вернікі іншых канфэсіяў. Такой ініцыятывы з боку праваслаўных прыходаў ці вернікаў ніколі ня будзе. Можа быць, што існуюць пэўныя такія канфліктныя сытуацыі, але яны заўсёды вырашаюцца на ўзроўні прыходаў, эпархіяльных упраўленьняў і кіраўніцтваў цэркваў. А такая ініцыятыва – неразумная, няграматная, агрэсіўная – ніколі не зыходзіць з боку праваслаўнай царквы”.

Паводле прафэсара Юр’я Хадыкі, існуе, аднак, многа доказаў таго, што ў пазыцыі найвышэйшай герархіі Расейскай праваслаўнай царквы карэніцца нелюбоў радавых вернікаў да каталікоў. Гэта пацьвярджае, напрыклад, адмова прыняць у Расеі папу рымскага, хаця ён зьвяртаўся з просьбаю аб такім візыце. У кіраўніцтве царквы выказваюцца пра кананічныя тэрыторыі, згодна зь якімі Беларусь, маўляў, належыць да прасторы Маскоўскага патрыярхату. Можна прыгадаць і адмову ў стварэньні структур для расейскіх уніятаў у Расеі, хаця там іх налічваецца каля мільёна.

(Хадыка: ) “Таму, хаця яны й заяўляюць, абвяргаюць гэта, але на нізкім узроўні ад якога-небудзь сьвятара такая ініцыятыва цалкам магла зыходзіць, хаця гэтаму нельга радавацца, нельга гэтага папулярызаваць. Гэта проста вельмі прыкры факт, таму што рэлігія вучыць людзей талерантнасьці: абараняй свае погляды, але не навязвай іх нікому”.

Дадам, што ў параўнаньні з праваслаўнай царквой іншыя канфэсіі ў Беларусі ня маюць пакуль што аналягічных магчымасьцяў у адкрыцьці сваіх храмаў у войску ці вязьніцах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG