Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня ТБМ: публікацыя МЗС наконт беларускай мовы неаб’ектыўная


Валер Каліноўскі, Менск Міністэрства замежных справаў апублікавала справаздачу “Аб сучасным становішчы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь”, у якой заяўлена пра пашырэньне ўжытку беларускай мовы ў розных сфэрах жыцьця: адукацыі, культуры, СМІ. МЗС таксама падае шэраг фактаў і лічбаў на карысьць гэтай тэзы. У Таварыстве беларускай мовы лічаць публікацыю МЗС неаб’ектыўнай.

У публікацыі МЗС сьцьвярджаецца, што “ў XXI стагодзьдзе беларуская мова ўступіла як дзяржаўная мова Беларусі, як высокаразьвітая літаратурная мова, якая пасьпяхова абслугоўвае ўсе камунікацыйныя патрэбы беларускага грамадзтва”.

“Працэс пашырэньня ўжытку беларускай мовы адбываецца ў гэты час у розных галінах жыцьця грамадзтва, перш за ўсё, у сыстэме адукацыі, галіне культуры, СМІ і іншых”, — зазначае МЗС Беларусі і прыводзіць прыклады: 60% усіх установаў сярэдняй адукацыі краіны працуюць па-беларуску, 40% дзіцячых садкоў — беларускамоўныя, у Беларускім дзяржаўным пэдунівэрсытэце на беларускай мове навучаецца больш за 3000 студэнтаў, ад 2000 году агульная колькасьць беларускамоўных школ у гарадах вырасла ўдвая. Аднак дакладных лічбаў такіх школ МЗС Беларусі не прыводзіць, як і адсотку беларускамоўных навучэнцаў у школах і ВНУ. Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў называе такі падыход неаб’ектыўным:

(Трусаў: ) “Яны зноў лічаць маленькія вясковыя школы, дзе вучыцца некалькі дзясяткаў вучняў, і не называюць рэальнага ліку беларускамоўных вучняў. А сытуацыя такая, што колькасьць усіх беларускамоўных вучняў меней за 30%. Гэта катастрафічна, у адпаведнасьці са стандартамі ЮНЭСКО”.

Алег Трусаў пры гэтым зазначае, што колькасьць беларускіх школ у гарадах не павялічваецца, а зьмяншаецца — напрыклад, у Менску яшчэ нядаўна было 11 беларускамоўных школ, а цяпер засталося толькі 4, што гвалтоўна закрыты адзіны беларускамоўны ліцэй, скасаваны выпускны экзамэн па беларускай літаратуры, што ў Беларусі няма ніводнай ВНУ, дзе б усе прадметы выкладаліся па-беларуску, пра што МЗС маўчыць, абураецца спадар Трусаў.

Інфармацыю МЗС аб тым, што расьце колькасьць кінастужак, якія здымаюцца па-беларуску, спадар Трусаў увогуле абвяргае, такіх даўно няма.

Гаворачы пра СМІ, аўтары справаздачы МЗС зазначаюць, што на дзяржаўных радыёканалах 80% беларускамоўнага эфіру, але пры гэтым не падаюць, які адсотак беларускамоўных перадач на тэлеканалах. Ды і ў цэлым ніякіх прыкладаў звужэньня выкарыстаньня беларускай мовы ў дзяржаве, ніякіх праблемных фактаў справаздача МЗС не прыводзіць.

На думку старшыня Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, МЗС такім чынам сьвядома ўводзіць у зман замежных партнэраў Беларусі, падаючы неаб’ектыўную і несправядлівую інфармацыю:

(Трусаў: ) “Канечне, гэтая інфармацыя не адпавядае рэальнасьці ў большасьці сваёй. Праблема ў тым, што Закон аб мовах не адпавядае Канстытуцыі, і пакуль мы яго не памяняем і ня выкінем гэтыя “і” ці “або”, ніякай роўнасьці ня будзе нідзе — ні ў адукацыі, ні ў культуры, усюды будзе панаваць расейшчына”.

У МЗС Беларусі патлумачылі, што гэтая публікацыя — калектыўная праца супрацоўнікаў іх ведамства, зробленая на падставе зьвестак, атрыманых зь міністэрстваў адукацыі, інфармацыі, культуры ды іншых ведамстваў. Прадстаўнік МЗС Руслан Есін заявіў “Свабодзе”, што заўвагі наконт неаб’ектыўнасьці публікацыі будуць вывучаныя і праз тыдзень на іх будзе дадзены адказ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG