Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пляны пашырэньня радыёвяшчаньня на Беларусь


Тацяна Поклад, Вільня Парлямэнцкі камітэт замежных справаў і Міністэрства замежных справаў Літвы прынялі рашэньне падтрымаць праект Эўрапейскага Зьвязу ў стварэньні беларускамоўнага незалежнага радыёвяшчаньня на Беларусь.

Міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс адзначыў, што, на яго думку, трансляцыю зь Літвы радыёстанцыі нельга лічыць умяшаньнем ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы. Паводле Валёніса, Літва “ніколі не займалася экспартам дэмакратыі і прадстаўляе толькі мадэль грамадзянскай супольнасьці.”

У Сойме Літвы на ўчорашнім вечаровым закрытым пасяджэньні камітэту замежных справаў сярод іншага абмярковалася пытаньне ўдзелу Літвы ў праекце Эўразьвязу ў справе наладжваньня радыёвяшчаньня на беларускай мове, якое ахоплівала б тэрыторыю Беларусі. У пасяджэньні бралі удзел міністр замежных справаў Літоўскай Рэспублікі Антанас Валёніс, іншыя прадстаўнікі міністэрства замежных справаў і парлямэнцкага камітэту замежных справаў, а таксама прадстаўнік недзяржаўнага “Радыё Балтыйскія Хвалі”, якое з 20 студзеня 2000 году рэтранслюе беларускую “Свабоду” і больш за год рыхтавала арыгінальныя перадачы на беларускай мове зь Вільні.

Гаворыць каардынатар праектаў “Радыё Балтыйскія Хвалі” Рымантас Плейкіс:

(Плейкіс: ) “Як вядома, такую трансляцыю арганізаваць прпаноўваюць і журналісты зь Беларусі, і іх калегі з Польшчы. “Балтыйскія хвалі” ўжо падалі у Дырэктарат камісіі Эўразьвязу замежных сувязяў праект у справе стварэньня моцнай радыёстанцыі, якая будзе чутная на тэрыторыі Беларусі ў дыяпазоне сярэдніх хваляў і рыхтаваць свае ўласныя перадачы, і таксама, магчыма, рэтрансляваць і перадачы на беларускай мове іншых радыёстанцыяў, да прыкладу, “Свабоды”, польскага радыё, радыё “Ватыкан”. Пасьля пасяджэньня у соймаўскім камітэце паводле агульнай згоды было вырашана, што радыётрансляцыя на Беларусь – гэта добрая ініцыятыва, якую падтрымлівае і міністэрства замежных справаў Літвы, і парлямэнцкі камітэт замежных справаў.

Міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс сказаў з гэтай нагоды, што “радыётрансляцыя зь Літвы ня зьяўляецца умяшаньнем ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы”.

Каардынатар праектаў “Радыё Балтыйскія Хвалі” падкрэсьлівае:

(Плейкіс: ) “Такая дзейнасьць – дапамога у справе распаўсюду інфармацыі жыхарам Беларусі - насамрэч адпавядае палітыцы добрасуседзкіх дачыненьняў, якую і балтыйскія краіны, і Польшча, і Украіна падтрымліваюць у дачыненьні да сваёй суседкі Беларусі і яе жыхароў. Думаю, гэта важны крок – такое абагульненае меркаваньне літоўскіх афіцыйных прадстаўнікоў: калі Эўрапейскі Зьвяз вырашыць насамрэч арганізаваць такую трансляцыю і на гэта будзе вылучанае адпаведнае фінансаваньне, то Літва, як і прыватныя кампаніі (грамадзкія недзяржаўныя установы), “Радыё Балтыйскія Хвалі”, так і дзяржаўныя інстытуцыі гэты праект падтрымліваюць. Гэта, без сумневу, важна.”

Рымантас Плейкіс, былы літоўскі парлямэнтар, зьяўляецца сталым каардынатарым праектаў грамадзкай недзяржаўнай установы “Радыё Балтыйскія Хвалі” ад пачатку яе дзейнасьці.

Напрыканцы мінулага году радыё “Свабода” паведамляла пра ініцыятыву літоўскага эўрапарлямэнтара, сацыял-дэмакрата Алаізаса Сакаласа, які заклікаў падтрымаць ідэю радыёвяшчаньня ў Беларусь зь Літвы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG