Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэты шырокамаштабны праект гарантуе Пуціну палітычны ўплыў”


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў Расеі пайшоў у адстаўку ўрад Міхаіла Фрадкова. Пакуль не зацьвердзяць новага прэм’ера, Міхаіл Фрадкоў працягне кіраваць урадам як выканаўца абавязкаў. Сёньня ж прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прапанаваў на пасаду прэм’ер-міністра кіраўніка “Росфинмониторинга” (гэтак званай фінансавай выведкі) Віктара Зубкова. Перастаноўкі ў расейскім урадзе камэнтуюць беларускія палітыкі й палітолягі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян лічыць, што зьмена кіраўніка ўраду Расеі не адаб’ецца на стасунках Беларусі й Расеі.

“Таму што гэтыя дачыненьні, на маю думку, і так замарожаныя. І таму ні пагаршэньня, ні паляпшэньня сувязяў са зьменай ураду не адбудзецца”.

Віктару Зубкову, кандыдатуру якога прапанаваў Уладзімер Пуцін, 65 гадоў.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што ягоны ўзрост ня можа быць перашкодай для таго, каб заняць высокую пасаду.

“Перад тым, як прызначыць Пуціна прэм’ер-міністрам, кіраўніком ураду быў Прымакоў... Я думаю, што гэта можа сьведчыць толькі пра адно: такія перастаноўкі — сцэнарныя, архетыпічныя, і яны сьведчаць пра адно — ідзе пошук, перабор і падрыхтоўка, каб прызначыць наступнага чалавека, які ўжо можа быць пераемнікам”, — кажа палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі гэтак камэнтуе перастаноўкі ў расейскім урадзе:

“Гэта ўнутраная справа кожнай краіны. Я думаю, што наўрад ці адаб’ецца на дачыненьнях паміж Расеяй і Беларусьсю. Гэта праблемы найвышэйшага ўзроўню. Найперш эканамічныя і палітычныя праблемы”.

А палітоляг Аляксей Кароль зьвязвае перастаноўкі ва ўрадзе Расеі ня толькі з будучымі парлямэнцкімі, але і прэзыдэнцкімі выбарамі ў гэтай краіне.

“Я ня думаю, што гэта зьвязана з магчымасьцю трэцяга тэрміну Пуціна. Гэта наадварот, найхутчэй, зьвязана з тым, што ён сыходзіць, але рыхтуе сабе пераемніка ня толькі ў адной асобе прэзыдэнта (бо гэта ня ёсьць гарантыяй уласнага ўплыву на палітыку ў далейшым), а і ўсяго фундамэнту гэтай улады.

Маецца на ўвазе і выканаўчая, і заканадаўчая. Гэты шырокамаштабны праект гарантуе яму далейшы ўплыў у расейскай палітыцы, і вяртаньне яго на першыя ролі ў той ці іншай форме”, — мяркуе Аляксей Кароль.

• А.Мілінкевіч: “У Беларусі няма сур’ёзных антырасейскіх сілаў”, 12.09.2007 • М.Статкевіч пра адстаўку М.Фрадкова: “Паглынаньне Беларусі працягнецца”, 12.09.2007 • Расея: урад Фрадкова не дажыў да выбараў, 12.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG