Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея прыпыняе ўдзел у Дамове аб звычайных узбраеньнях


Юры Дракахруст, Прага Учора Дзяржаўная Дума Расеі аднагалосна ўхваліла прыпыненьне ўдзелу Расеі ў дамове аб звычайных узбраеньнях у Эўропе. Мараторый на абавязкі Расеі па гэтай дамове ўступіць у дзеяньне з 12 сьнежня.

Фармальна рашэньне ўступіць у сілу, калі будзе зацьверджанае Саветам Фэдэрацыі і падпісанае прэзыдэнтам. Але з прапановай аб прыпыненьні удзелу Расеі ў дамове выступіў сам Ўладзімер Пуцін яшчэ ў ліпені, упершыню пра такую магчымасьць ён заявіў, выступаючы сёлета ў красавіку са штогадовым пасланьнем. Старшыня верхняй палаты Фэдэральнага сходу Расеі Сяргей Міронаў ужо заявіў, што ня сумняецца, што Савет Фэдэрацыі таксама ўхваліць закон.

Дамова аб звычайных узбраеньнях у Эўропе была падпісаная ў 1990 годзе. Рэспубліка Беларусь, як сувэрэнная дзяржава, далучылася да яе ў 1992 годзе. Гэтае пагадненьне заключалася, калі яшчэ існавала супрацьстаяньне блёкаў НАТО і Варшаўскай дамовы. Дамова ўводзіць абмежаваньні на разьмяшчэньне звычайных, няядзерных узбраеньняў у Эўропе. Яго падпісалі 28 эўрапейскіх дзяржаваў, а таксама ЗША і Канада.

У 1999 годзе абмежаваньні, якія вынікаюць з дамовы, былі перагледжаныя ў сувязі са зьменай вайскова-палітычнай сытуацыі на кантынэнце. Аднак ЗША і шэраг іншых краінаў НАТО не ратыфікавалі гэтую адаптаваную дамову, матывуючы гэта тым, што Масква не выконвае ўзятыя ёй на сябе абавязкі вывесьці свае войскі з Малдовы і Грузіі.

На дадзены момант адаптаваную дамову аб звычайных узбраеньнях у Эўропе ратыфікавалі толькі чатыры краіны – Беларусь, Украіна, Казахстан і Расея.

Пагадненьне абмяжоўвае колькасьць пяці адзінак вайсковай тэхнікі: танкаў, БМП, гарматаў, ударных гелікоптэраў і баявых самалётаў. Дзякуючы дамове, з 1990 году ў зоне яго дзеяньня колькасьць баявых адзінак тэхнікі была зьменшаная на 60 тысяч, а колькасьць вайскоўцаў – на 700 тысяч.

Варта нагадаць, што ў 1995 годзе прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка таксама абвяшчаў, што краіна прыпыняе выкананьне сваіх абавязкаў па гэтай дамове. Тады размова ішла аб тым, што Беларусь ня мае грошай для зьнішчэньня істотнай колькасьці бронетэхнікі, чаго патрабавала дамова. Але тады справа была ўлагоджаная дыпляматычнымі сродкамі і свае абавязкі па дамове краіна выканала – было зьнішчана 1773 танкі і 1341 БМП.

Афіцыйны Менск да апошняга часу не сьпяшаўся салідарызавацца з Масквой ў яе рашэньні. У ліпені, адразу пасьля таго, як была агучаная расейская прапанова-пагроза, начальнік штабу узброеных сілаў Беларусі генэрал Сяргей Гурулёў заявіў: «Пазыцыя вайсковага ведамства такая: мы згодныя з Расеяй у той частцы, што Расея робіць папераджальны крок, але ня лічым мэтазгодным прымаць практычныя меры, таму што нельга разбалянсоўваць гэтую дамову. Мы гэтую дамову ратыфікавалі, і добра разумеем, што яна патрэбная, хаця ў цяперашнім выглядзе яна цалкам не адпавядае дамове 1990 году»,– заявіў тады генэрал Гурулёў.

Экспэрты і палітыкі падкрэсьліваюць, што рашэньне Масквы стала своеасаблівым адказам на пляна разгарнуць у Эўропе элемэнты супраць ракетнай абароны.

На думку некаторых экспэртаў мараторый Расеі на дамову аб звычайных узбраеньнях мае ў большай ступені сымбалічны характар, буйныя скарачэньні тэхнікі ўжо даўно адбыліся. Назіральнікі заўважаюць, рашэньне Думы было прынятае напярэдадні выбараў, на якіх усе асноўныя палітычныя сілы гуляюць картай дзяржаўнай велічы Расеі і яе супрацьстаяньня Захаду.

Аднак іншыя экспэрты ня згодныя з тым, што рашэньне Масквы ня будзе мець ніякіх наступстваў. У Малдове перасьцерагаюцца, што гэты крок падводзіць юрыдычную базу пад тое, каб зрабіць ваенную прысутнасьць Масквы ў Прыднястроўі вечным. І сёньняшнія «Известия» пішуць, што ў адказ на разгортваньне амэрыканскіх супрацьракетных сыстэм у Польшчы і Чэхіі Расеі можа разгарнуць свае апэратыўна-тактычныя комплексы “Іскандэр-М” у Калінінградзкай вобласьці і ў Беларусі. Тут, праўда, застаецца пытаньне, ці пагадзіцца на гэта Беларусь.

• Мараторыі на “Дамову аб звычайных узбраеньнях”: Лукашэнка — 1995, Пуцін — 2007, 28.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG