Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: А.Борыс аштрафавалі, І.Банцара арыштавалі


Міхал Карневіч, Горадня Анжаліку Борыс, старшыню непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў, аштрафавалі сёньня паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве на 460 тысяч рублёў. Ігара Банцара, які рэдагуе часопіс “Magazyn Polski na uchodzstwie”, асудзілі на 10 сутак арышту Абодвух пакараў судзьдзя Ленінскага раёну Горадні Дзьмітры Мацяюк. Працэсы былі закрытыя, нікога ў будынак суду міліцыянты не пусьцілі.

Першым судзілі Ігара Банцара. Міліцыянты нікога не пускалі ў будынак, нават бацькоў, якія стаялі пры ўваходзе й плакалі ад крыўды.

Прадстаўніцу польскага консульства, спадарыню Шміт, таксама не пусьцілі — запатрабавалі позву. Людзей сабралася пад сто чалавек, збольшага сталага веку і пераважна сябры Саюзу палякаў, якія падтрымліваюць Анжаліку Борыс.

Калі аб’явілі, што Ігару Банцару далі 10 сутак, людзі пачалі хвалявацца й ціснуць на дзьверы. Часам нават здавалася, што дзьверы ў будынак могуць зламаць.

Якраз у гэты момант і выйшаў адвакат Уладзімер Кісялевіч:

“Анжаліка Борыс заявіла хадайніцтва, каб працэс быў адкрытым, але судзьдзя адмовіў. Я такое ж хадайніцтва заяўляў і наконт Банцара”.

Адвакат таксама паведаміў, што Борыс хадайнічала аб недаверы судзьдзі, але й гэтага хадайніцтва не задаволілі.

Пасьля дзьвюх гадзінаў разгляду справы судзьдзя Дзьмітры Мацяюк аб’явіў, што Борыс прызналі вінаватай у дробным хуліганстве, і яе караюць штрафам 460 тысяч рублёў.

Першае, што сказала Анжаліка Борыс на прыступках суду, — папрасіла разам абскардзіць рашэньне адносна Банцара. Яна таксама заявіла, што адмовілася даваць паказаньні ў судзе:

“Я адмовілася даваць паказаньні й зрабіла заяву ў судзе, што гэта справа палітычная й мы будзем зьбіраць подпісы сярод людзей, каб адмяніць гэтыя рашэньні. І, думаю, што прыйдзе час, калі так станецца”.

Горадня, 11.10.2007. Анжаліка Борыс у судзе пасьля абвяшчэньня прысуду

Ігара Банцара й Анжаліку Борыс затрымалі ўчора. Банцар стаяў на прыпынку й зьбіраўся ехаць дадому, яго забралі. На яго склалі пратакол за нецэнзурную лаянку й зьмясьцілі ў ізалятар.

Анжаліка Борыс, калі даведалася пра гэта, прыйшла ў пастарунак і заявіла, што бяз Банцара адтуль ня выйдзе. На яе таксама склалі пратакол — за нецэнзурную лаянку — і зьмясьцілі ў ізалятар.

Раніцай, калі іх прывезьлі ў суд, Анжаліка распавядала, што ў камэры вельмі халодна, яна ня спала, але ні на што ня скардзілася.

Ігар Банцар стараўся жартаваць з маці, усьміхаўся. Перад судом ён казаў, што яго абавязкова арыштуюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG