Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ПАРЭ ван дэр Ліндэн: "Спрэчка з Расеяй – удалы момант, які паказаў важнасьць дыялёгу суседзяў у Эўропе" (фота)


Валер Каліноўскі, Менск На запрашэньне кіраўнікоў палат Нацыянальнага сходу Беларусі ў Менск прыбыў прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн. Як мяркуецца, ён сустрэнецца з уладамі і апазыцыяй, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, сваякамі палітвязьняў, наведае Нацыянальную бібліятэку і адзін зь беларускіх замкаў. У менскім аэрапорце госьця з Эўропы сустракаў наш карэспандэнт.

Апошні раз прэзыдэнт ПАРЭ прыяжджаў у Менск у 1996 годзе -- у разгар супрацьстаяньня А.Лукашэнкі і Вярхоўнага Савету. Тагачасная кіраўнічка ПАРЭ Лені Фішэр хацела сустрэцца з А.Лукашэнкам, але ў яго на той час была заплянавана гульня ў футбол. Пасьля рэфэрэндуму Беларусь страціла статус адмыслова запрошанага ў ПАРЭ і сталася адзінай краінай кантынэнту па-за Радай Эўропы.

Пад час цяперашняга візыту Рэнэ ван дэр Ліндэна сустрэча з А.Лукашэнкам не плянавалася: ён сустрэнецца толькі зь міністрам замежных спраў, кіраўнікамі палат Нацыянальнага сходу. Асобныя сустрэчы спадара ван дэр Ліндэна маюць быць наладжаны зь лідэрамі апазыцыі, прадстаўнікамі няўрадавага сэктару, сваякамі палітвязьняў: яны адбудуцца ў рэзыдэнцыі нямецкага амбасадара ў чацьвер увечары і ў пятніцу раніцай.

У аэрапорце Рэнэ ван дэр Ліндэн заявіў:

Ван дэр Ліндэн: “Гэта ўдалы момант пасьля спрэчкі Беларусі з Расеяй, якая паказала важнасьць адкрытага дыялёгу суседзяў у Эўропе. Я спадзяюся, беларусы разумеюць, што ізаляцыя не зьяўляецца шляхам у будучыню, і мы можам абмеркаваць, як нам распачаць дыялёг”.

Камэнтуючы выказваньні прадстаўнікоў беларускай апазыцыі наконт таго, што такі візыт можа ўспрымацца нэгатыўна, спадар ван дэр Ліндэн сказаў:

Ван дэр Ліндэн: “Я палітык. І цалкам незалежны палітык. Я прытрымліваюся тых думак і поглядаў, якія я лічу правільнымі”.

Спадар ван дэр Ліндэн заклікаў Беларусь быць бліжэй да Рады Эўропы і выказаў спадзеў:

Ван дэр Ліндэн: “Дзеля грамадзян Беларусі я спадзяюся, што ў будучыні яны далучацца да Рады Эўропы. Дзеля гэтага патрэбны канкрэтныя пазытыўныя крокі”.

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў, які сустракаў прэзыдэнта ПАРЭ ў аэрапорце, мае іншую думку:

Канаплёў: “Для таго, каб мы атрымалі статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, нам ніякіх крокаў рабіць ня трэба. У краіне ўсё для гэтага ёсьць. А пра сяброўства ўжо можна гаварыць”.

Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка, які ўвечары мае сустракацца з прэзыдэнтам ПАРЭ, мяркуе, што ўладам ня варта спадзявацца на гэты візыт як магчымасьць міжнароднага прызнаньня Нацыянальнага сходу.

Вячорка: “Ніякіх асаблівых практычных дывідэндаў з гэтага рэжым не атрымае. Хіба, прапагандысцкія. Спадар ван дэр Ліндэн даўно хацеў прыехаць у Беларусь -- я зь ім ня раз пра гэта размаўляў. Ён мяркуе, што дагэтуль падыходы да Беларусі былі хібнымі. І, можа быць, яму ўдасца новы падыход выпрацаваць. Ну, калі хоча чалавек пераканацца, – няхай атрымае такую магчымасьць”.

На думку спадара Вячоркі, прэзыдэнт ПАРЭ мусіў бы прыехаць з папярэднімі ўмовамі – напрыклад, зьвярнуцца да ўладаў па дазвол наведаць палітвязьняў.











Ван дэр Ліндэн і Ўладзімір Канаплёў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG