Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьняў ужо ня дзесяткі, а сотні (фота)


Любоў Лунёва, Менск Штодня ў Менску судзяць затрыманых людзей, якія намагаліся прайсьці на Кастрычніцую плошчу альбо вярталіся адтуль дадому. Не пазьбеглі затрыманьняў і судоў журналісты. Палітыкі лічаць, што масавыя арышты падчас выбарчай кампаніі й пасьля яе падобныя на інтэрнаваньне. Камэры спэцпрыёмніку перанаселены, але новых затрыманых прывозяць туды дзясяткамі.

уд Фрунзенскага раёну пакараў арыштам украінскага журналіста з газэты “Карпацкі голас” Андрэя Любку. Ён распавёў у судзе, што спэцназаўцы плявалі яму ў твар. Пры гэтым яны нецэнзурна лаяліся і абражалі прэзыдэнта Ўкраіны. У судзе Савецкага раёну судзілі 9 чалавек, сярод іх быў рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько. Ён распавёў Радыё Свабода ў судовай залі:

(Дынько: ) “Якая подласьць! У іх жа ёсьць сілы, каб зьнесьці ўсе гэтыя намёты, гэтае ўсё. Яны ня хочуць. Яны хочуць гэты “фасад дэмакратыі” захаваць. Як хтосьці зь іх казаў: “Гэта галоўны доказ таго, што ў нас ёсьць дэмакратыя”. Тады — што робяць? Хапаюць людзей, якія ідуць у туалет. Хапаюць людзей, якія апынуліся побач. Папросту сьмешна. Студэнтка, якую разам са мной затрымалі, вучыцца на тэалягічным факультэце. У іх адмянілі заняткі ў панядзелак. Яны прыехала ў аўторак ад бацькоў зь Любані. Тэалягічны факультэт знаходзіцца ў архірэйскім палацы. Спынілі: “З сумкай? Давай! Булачкі? Давай!”

Андрэй Дынько лічыць, што журналістаў будуць затрымліваць, каб перашкодзіць іхнай працы:

(Дынько: ) “Гэтыя затрыманьні журналістаў, я лічу, ёсьць спробай запалохаць журналістаў. Яны баяцца затрымліваць пры журналістах. Яны баяцца затрымліваць пры камэрах. Яны хочуць, каб сьвет гэтага ня бачыў. Яны хочуць, каб гэта адбывалася ціха. Вельмі прашу ўсіх сваіх калегаў: будзьце там, дзе ваш народ. Будзьце там, дзе падзеі. Выконвайце свае прафэсійныя абавязкі”.

Андрэй Дынько будзе адбываць 10 сутак арышту.

Палова арыштаваных — людзі, якія намагаліся пранесьці на плошчу харчы і цёплыя рэчы. Студэнтка Гуля Мілеўская несла на плошчу блінцы зь мясам, і яе затрымалі ў пераходзе. Міліцыянты завялі дзяўчыну ў пастарунак і прымусілі бліны зьесьці.

(Мілеўская: ) “Пяць я зьела. Рэч у тым, што яны былі вялікія, і дома я пад’ела. І яшчэ адна праблема: я ня ем мяса, а блінцы былі зь мясам. Яны прывялі пры мне дзяўчынку дзевяціклясьніцу. Яна несла спальнік. “Што ў кішэнях?” Яна выцягнула яблык. — “А, яблык. Вось цяпер разам і закусіце”. Потым яна ўбачыла, што я даўлюся блінам, у мяне сьлёзы наварочваюцца. Яна сказала: “Бедная ты”. Узяла блін і зьела”.

Выкладчыцу ўнівэрсытэту Ірыну Дарафяйчук за спробу пранесьці тэрмас з кавай арыштавалі на 7 сутак. Заўтра яна мелася абараняць дысэртацыю.

Сёньня ў суды прывезьлі больш за сорак чалавек. Сваякам затрыманых не даюць ніякай інфармацыі. Людміла Гразнова намагалася высьветліць прозьвішчы людзей, якіх судзілі ў Цэнтральным раёне Менску. Яна паведаміла “Свабодзе”, што старшыня суду Мікалай Самасейка забараніў даваць сьпісы арыштаваных. Ён прапанаваў праваабаронцы падаць афіцыйны ліст і чакаць адказу цягам месяца. На Кастрычніцкай плошчы людзі зьбіраюць подпісы пад скаргай у гарадзкую пракуратуру. Яны патрабуць не хаваць прозьвішчаў арыштаваных удзельнікаў акцыі.








Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG