Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць палітыкі пра падзеі 25 сакавіка?


Радыё Свабода Як ацэньваюць падзеі 25 сакавіка вядомыя ў краіне палітыкі?

Тройчы алімпійскі чэмпіён і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч лічыць, што Аляксандар Казулін меў рацыю, калі заклікаў дэманстрантаў ісьці да спэцпрыёмніку на Акрэсьціна і падтрымаць палітычных зьняволеных.

(Парфяновіч: ) “І тое, што сёньня ёсьць такія думкі, што ня трэба было ісьці, — заўтра пасадзяць усіх, і ніхто ня прыйдзе і не падтрымае”.

Ці адэкватнымі былі меры, якія ўжыў спэцназ супраць мірных дэманстрантаў?

(Парфяновіч: ) “Тое, што адбываецца сёньня ў краіне, гэта “Навінкі”, клініка. Мне шкада тых маці, якія нарадзілі тых людзей, якія так жорстка зьбіваюць нашых жа людзей. Кожны мае права выказаць сваю думку. Дэманстрацыя была вельмі мірная, ніхто нікога не чапаў. Ішлі — і няхай бы прыйшлі, пастаялі — і няхай бы выказаліся. Навошта ж так рабіць?”

Хто, паводле спадара Парфяновіча, мог аддаць загад зьбіваць дэманстрантаў?

(Парфяновіч: ) “У нашай краіне без спадара Лукашэнкі ніхто не прымае ніякіх дзеяньняў. Толькі адзін чалавек кіруе ў нашай краіне”.

Былы старшыня Савету Рэспублікі, акадэмік Аляксандар Вайтовіч таксама пагаджаецца, што адказнасьць за гвалт ляжыць на ўладзе:

(Вайтовіч: ) “Таму што не былі зроблены празрыстыя выбары. Нават калі Лукашэнка перамагае ў выбарах, то народ не пайшоў бы на вуліцы, калі б выбары былі празрыстыя і ўсе добра ведалі, што фальсыфікацыяў няма, галасы падлічаны так, як трэба, усім кандыдатам былі прадстаўлены роўныя правы… Нічога б не адбылося, ніякіх сутыкненьняў. Таму я лічу, што гэта адказнасьць улады. Жорсткасьць, у любым выпадку, гэта недапушчальна”.

Актывіст КХП—БНФ Сяргей Папкоў лічыць:

(Папкоў: ) “Мілінкевіч, Казулін і Вячорка, якія ўчора вялі рэй, фактычна, вялі працу па выпусканьні пары. Калі прыйшлі на плошчу, то там трэба было зноў ставіць намётавы гарадок. Вось гэта падтрымала б моладзь, якую брутальна пахапалі. Вось гэта было б змаганьне. А Казулін узяў і павёў у мяшок”.

Паводле актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргея Альфера, гэта быў ня першы гвалтоўны разгон мірных дэманстрантаў за апошнія дзесяць гадоў:

(Альфер: ) “Улада прыняла да ўвагі толькі сілавы сцэнар узаемадзеяньня з апазыцыяй і ня хоча размаўляць нармальным, цывілізаваным мэтадам, шляхам перамоваў. І таму гэты гвалтоўны разгон быў справаканы толькі ўладай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG