Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч: "Ва ўлады істэрыка"


Альгерд Невяроўскі, Менск “Цынічнай расправай над мірнымі людзьмі” назваў ліквідацыю намётавага гарадку Аляксандар Мілінкевіч. На ягонай прэсавай канфэрэнцыі пабываў наш карэспандэнт

Падчас начной спэцапэрацыі на Кастрычніцкай плошчы Менску затрымалі каля 500 чалавек, — такую лічбу назваў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Мілінкевіч. Штаб Мілінкевіча дагэтуль ня можа атрымаць сьпісу з прозьвішчамі людзей, якіх затрымала міліцыя. Сярод затрыманых і сын жонкі Мілінкевіча Ігар. Умовы ў спэцпрыёмніку на Акрэсьціна Аляксандар Мілінкевіч назваў вельмі цяжкімі. Ён сказаў, што ў штаб па мабільным тэлефоне патэлефанавалі дзяўчаты з камэры спэцпрыёмніку — у камэры іх 17 чалавек. Яны распавялі, што некаторых людзей пасьля затрыманьня зьбівалі ў міліцэйскіх машынах. Частку людзей адвезьлі ў раён Навінак, а частку — у турму “валадарку”. Аляксандар Мілінкевіч так ацаніў дзеяньні ўладаў:

(Мілінкевіч: ) “Тое, што зроблена ўладай, ёсьць цынічнай расправай зь мірнымі людзьмі. Улада ня мела права ўжываць сілу. Улада ў вельмі дрэнным псыхічным стане, у яе істэрыка, і гэта адчуваецца. Я меў надзею, што яны дазволяць гэтым людзям мірна стаяць да 25 сакавіка. Я думаю, той, што праяжджаў на лімузіне, страшэнна нэрвуецца. Мяркую, што гэта распараджэньне самага высокага ўзроўню”.

Аляксандар Мілінкевіч перакананы: улада рыхтавалася да ліквідацыі намётавага гарадку. Што адбываецца з затрыманымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту, ня ведаюць нават іхныя сваякі, якія стаялі раніцай каля спэцпрыёмніку. Аляксандар Мілінкевіч удзячны гэтым людзям, якія падтрымліваюць сваіх дзяцей і не папракаюць яго за тое, што іхныя родныя апынуліся ў зьняволеньні.

“На гэтай маленькай тэрыторыі свабоды былі найлепшыя прадстаўнікі нашай нацыі, якія пераадолелі страх”, — сказаў Аляксандар Мілінкевіч. Ён спадзяецца, што дэмакратычныя краіны Захаду выступяць у абарону зьняволеных, будуць дамагацца іхнага вызваленьня і ўвядуць санкцыі супраць беларускіх уладаў. Мілінкевіч заклікаў кіраўніцтва Расеі далучыцца да гэтых патрабаваньняў.

Нягледзячы на рэпрэсіі ўладаў, Аляксандар Мілінкевіч заклікаў людзей прыйсьці 25 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу, каб адзначыць 88-ю гадавіну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі й выказаць сваю салідарнасьць са зьняволенымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG