Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэнтыфікаваны адзін з моцна зьбітых у часе акцыі 25 сакавіка (фота)


Радыё Свабода Толькі празь пяць дзён пасьля шэсьця 25 сакавіка стала вядома імя чалавека, моцна зьбітага міліцыяй. Гэта — 65-гадовы жыхар Віцебскага раёну Ўладзімер Шадэнка. Фотаздымкі акрываўленага чалавека, які не падаваў прыкметаў жыцьця, абышлі ўвесь сьвет. Аднак у менскіх шпіталях адмаўляюцца прызнаць, што лекавалі пацярпелых у часе апазыцыйнай акцыі. А праваабаронцы дагэтуль ня могуць высьветліць — адносна Шадэнкі ці іншага ўдзельніка шэсьця (у прыватнасьці называлася імя Сяргея Атрошчанкі) — казалі пра верагоднасьць сьмяротнага выніку.

І празь пяць дзён пасьля падзеяў 25 сакавіка ў менскіх шпіталях адмаўляюцца прызнаваць, што да іх прывозілі пацярпелых ад сутычак зь міліцыяй. Аднак пэнсіянэр Уладзімер Шадэнка, які жыве ў вёсцы Дражна пад Віцебскам, расказаў, што браў удзел у апазыцыйнай акцыі, быў моцна зьбіты й мае даведкі аб шпіталізацыі з 4-га клінічнага шпіталю Менску. Пры гэтым, лекары згаданага шпіталю ўсё аспрэчваюць.

(Даведка: ) “Шадэнка? Не, у нас такога не было. А што ў яго балела?”

(Карэспандэнт: ) “Траўма галавы была”.

(Даведка: ) “Не, сярод шпіталізаваных хворага Шадэнкі ў нас няма. У прыёмны пакой тэлефануйце. Скажыце, што, маўляў, прывозілі да вас, але сярод шпіталізаваных няма. Няхай яны адкажуць…”

(Прыёмны пакой: ) “Чацьвёртая клініка. Шадэнка? Не, такога ў нас не было”.

65-гадовы пэнсіянэр зь вёскі Дражна на Віцебшчыне Ўладзімер Шадэнка расказаў, што выпадкова ўбачыў у інтэрнэце здымак — ён акрываўлены, ляжыць на асфальце, твар зьбялелы, без праяваў жыцьця. Прычым, прозьвішчы пацярпелага падаваліся розныя, але не Шадэнка.

(Шадэнка: ) “Я выйшаў у інтэрнэт, паглядзеў: сапраўды, ляжу я”.

(Карэспандэнт: ) “У 4-м шпіталі вас у сьпісе хворых чамусьці няма…”

(Шадэнка: ) “Ня ведаю. У мяне даведкі з 4-га шпіталю. Адна засталася на руках (выдадзена на рэнтгенаграму), другую аддаў у амбуляторыю, дзе яе ўклеілі ў картку. Заўтра якраз паеду швы здымаць”.

(Карэспандэнт: ) “Увогуле, шмат вам швоў наклалі?”.

(Шадэнка: ) “Нават ня ведаю. Бо наклалі швы, а потым тымі ж ніткамі прышылі валік з ваты — каб кроў не ішла. А наверх яшчэ закруцілі галаву бінтам. Дык я цяпер забінтаваны”.

(Карэспандэнт: ) “Сама траўма ад удару дубінкамі — як мяркуеце?”

(Шадэнка: ) “Так-так. Рэнтгенаграма паказала: узмоцнены сасудзісты малюнак у вобласьці цемя. Але ні пра швы ня пішуць, ні пра зрушэньне мозгу. Зьнялі рэнтгенаграму, што чэрап цэлы, — дый усё. А колькі крыві згубіў! Я ў шапцы быў (добра, што не згубіў!), — дык поўная крыві. Куртку знаёмыя за ноч ледзьве адмылі. На штанах, кашулі гэтаксама крывавыя плямы”.

(Карэспандэнт: ) “Вы памятаеце, як усё адбылося?”

(Шадэнка: ) “Я ішоў адразу ў калёне. Потым дарогу перагарадзілі, калёна спынілася. Я з калёны выйшаў, збочыў, пайшоў па схіле. Хацеў паглядзець, што за мальцы такія ў спэцназе. А яны якраз пайшлі — шчыты наперад. Адзін мяне тузануў. Я ткнуў у адказ, у шчыт той. На мяне тады іншы кінуўся. А неўзабаве й па галаве атрымаў: нейкі, пэўна, падскочыў ззаду ды па галаве стукнуў. Я й апоўз на зямлю. Нікога не чапляў, а мяне зачапілі. А потым накінуліся іншыя са шчытамі, пачалі таксама лупцаваць: на руцэ сіняк здаравенны, на назе таксама. Пасьля заваліўся — і ўжо нічога не памятаю”.

Уладзімер Шадэнка ўдакладніў: са шпіталю яго вымусілі сысьці ўжо праз тры гадзіны, запісаўшы ў даведцы, што хворы знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня. Якраз гэта спадара Шадэнку й абурыла, бо ў Менск ён прыехаў на ўласнай машыне, быў за стырном, і гэтак жа зьбіраўся зьехаць назад.

У праваабарончым цэнтры “Вясна” апавялі, што ўчора раніцай ім затэлефанаваў чалавек, які назваўся сваяком яшчэ аднаго пацярпелага 25 сакавіка — Сяргея Атрошчанкі. Суразмоўца прасіў дапамогі ў арганізацыі лекаваньня, аднак цягам дня ў офісе так і не зьявіўся. Зазначым: усе ранейшыя спробы знайсьці чалавека з прозьвішчам Атрошчанка ў менскіх шпіталях аказаліся марнымі.

Гл.таксама • Дзень Волі 25 сакавіка – онлайн-рэпартаж, фота з разгону шэсьця • Што адбылося падчас разгону 25 сакавіка (фота) • Шэсьце на Акрэсьціна 25 сакавіка і гвалтоўны разгон (фотарэпартаж)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG