Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч правёў у Страсбуры прэсавую канфэрэнцыю


Радыё Свабода Сёньня ў Страсбуры на сэсіі Эўрапарлямэнту лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. Прэмія імя Сахарава грашовай вартасьцю ў 50 тысячаў эўра ёсьць галоўнай узнагародай Эўразьвзу ў галіне правоў чалавека.

Прамову ў Эўрапарлямэнце падчас атрыманьня прэміі Аляксандар Мілінкевіч сказаў па-беларуску. На прэсавай канфэрэнцыі ён адказваў на пытаньні журналістаў па-беларуску і па-француску.

Прэмія заснаваная Эўрапарлямэнтам у 1998 годзе і прысуджаецца штогод за “дасягненьні ў справе абароны правоў чалавека ды яго асноўных свабодаў, а таксама за павагу да міжнароднага заканадаўства і развіцьцё дэмакратыі”. Намінантаў вылучаюць дэпутацкія фракцыі Эўрапарлямэнту альбо група дэпутатаў. Вылучэньне кандыдатуры Мілінкевіча падтрымала найбуйная фракцыя Эўрапарлямэнту “Эўрапейская народная партыя – эўрапейскія дэмакраты”.

У часе сёньняшняй цырымоніі Аляксандар Мілінкевіч быў названы "лідэрам дэмакратычных сілаў, які змагаецца з апошняй дыктатурай Эўропы".

Выступаючы перад дэпутатамі Эўрапарлямэнту, Аляксандар Мілінкевіч падкрэсьліў, што "гэта прэмія і Аляксандра Казуліна , таксама як і Зьмітра Дашкевіча, і Паўла Севярынца, і Міколы Статкевіча, і Андрэя Клімава ды ўсіх іншых палітвязьняў у маёй краіне. Гэта прэмія – знак неабыякавасьці Эўропы да сытуацыі ў Беларусі. Гэта прэмія – прыклад маральнай палітыкі. Гэта прэмія – сымбаль прызнаньня эўрапейскай будучыні Беларусі".

Паводле Мілінкевіча, прэмія Сахарава ёсьць таксама і адпаведным сыгналам для беларускіх уладаў.

(Мілінкевіч: ) “Я ведаю на 100%, што такая вялікая ўвага Эўрапарлямэнту да нашай барацьбы за свабоду мае вялікае значэньне, у тым ліку, і для ўлады. Паколькі пасьля вось такіх уручэньняў прэмій, пасьля абароны канкрэтных людзей улада дзейнічае больш асьцярожна. Бо гэтай прэміяй бароняць ня толькі Мілінкевіча, гэтай прэміяй бароніцца таксама і Казулін, які ў турме, іншыя вязьні, студэнты, якіх выганяюць. Бо ўлада жадае мець сёньня дачыненьні з ЭЗ і ня будзе зь ім сварыцца па пустых прычынах”.

У часе сёньняшняй ўрачыстай цырымоніі, а таксама прэсавай канфэрэнцыі з журналістамі, акрэдытаванымі ў Страсбуры, Мілінкевіч не аднойчы падкрэсьліваў, што “беларуская апазыцыя не здалася, не спалохалася, ня зьбегла з краіны, а працягвае змагацца за свабоду Беларусі".

На пытаньне прэсы, якое значэньне ён, Мілінкевіч, надае маючым адбыцца ў ягонай краіне мясцовым выбарам, беларускі палітык адказаў:

(Мілінкевіч: ) “У Беларусі ўжо многія гады няма ніякіх выбараў. Проста ўлада прызначае сваіх дэпутатаў, якіх даўно абрала. Наш удзел у гэтых выбарах я ацэньваю як вельмі важны. Таму што паводле закону, дзякуючы кампаніі выбарчай, мы можам правесьці шырокую кампанію ад дзьвярэй да дзьвярэй. Я гэта рабіў да таго, як сюды прыехаў – праехаў 23 гарады Беларусі, і пасьля таго, як вярнуся са Страсбуру, ізноў паеду па краіне. Аднак, падкрэсьлю, што выбарамі дыктатуру зьмяніць нельга. Для гэтага існуюць маніфэстацыі, мірныя, неагрэсіўныя, нерадыкальныя. І выбары – гэта таксама падрыхтоўка да падобных маніфэстацыяў”.

У часе прэсавай канфэрэнцыі журналісты спыталіся Мілінкевіча і пра ягонае стаўленьне да ўвядзеньня эканамічных санкцыяў у дачыненьні да Беларусі.

(Мілінкевіч: ) “Я шчыра скажу, што заўсёды супраць эканамічных санкцыяў. Я не лічу, што прынцып “чым горш, тым лепш”, спрацоўвае. Мы ня хочам, каб былі санкцыі супраць простых людзей, бо яны будуць цярпець – улада сама сабе грошы знойдзе. Што да прэфэрэнцыяў, то я пакінуў бы тое рашэньне, якое прапануе Эўракамісія. Прэфэрэнцыі – гэта льготы, дадатковы стымул для разьвіцьця. Існуюць правілы, каму даваць, а каму – не. Калі Беларусь парушыла, то яе трэба пазбаўляць ільготаў”.

Аляксандар Мілінкевіч таксама заклікаў Эўрапейскі парлямэнт не падвышаць для грамадзянаў Беларусі кошт шэнгенскіх візаў. Паводле ягоных словаў, такія кошты будуць недаступнымі для большасьці насельніцтва. На яго думку, гэта прывядзе да будаўніцтва новага Берлінскага мура і будзе толькі на карысьць беларускім уладам.

У часе прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Мілінкевіч падзякаваў эўрапейскім журналістам са салідарнасьць.

Прамую трансьляцыі з цырымоніі меркавала сёньня правесьці расейская служба "EuroNews". Перадача, аднак, не адбылася ў зьвязку са страйкам тэхнікаў Эўрапарлямэнту.

Гл. таксама: • Мілінкевіч адмовіўся прымаць грашовую частку Сахараўскай прэміі

• Улады Беларусі абкладуць прэмію Мілінкевіча падаткам

• Аляксандру Мілінкевічу ўручылі прэмію імя Сахарава (відэаанонс)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG