Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сквэры Дзяржынскага ўслых чыталі беларускую Канстытуцыю


Радыё Свабода, Менск У нядзелю, як і кожны месяц 16-га дня, беларуская моладзь правяла шэраг акцыяў, адзначаючы Дзень салідарнасьці. У Менску адбыўся пікет за вызваленьне Аляксандра Казуліна, пікет насупраць будынку КДБ, а таксама пікет ля расейскай амбасады.

Каля расейскай амбасады сабралася больш за сотню чалавек. Маладыя людзі трымалі ў руках сьвечкі як знак салідарнасьці з палітзьняволенымі. Яны выказвалі свой пратэст супраць той падтрымкі, якую Уладзімір Пуцін аказвае беларускаму рэжыму. За акцыяй назіралі прадстаўнікі кіраўніцтва міліцыі.

* * *

Раней насупраць будынку КДБ адбыўся флэш моб: маладыя людзі запоўнілі сквэр імя Дзяржынскага з асобнікамі беларускай Канстытуцыі, зь якой яны ўголас чыталі артыкулы, што гарантуюць свабоду сходаў, мітынгаў, свабоду выказваньняў. Удзельнікі таксама чыталі ўслых артыкулы з Выбарчага кодэксу. Спэцназ і міліцыя ачапілі сквэрык, аднак, на гэты раз абыйшлося без затрыманьняў.

* * * Другі дзень у парку Дружбы народаў і ў лесапарку імя 50-годзьдзя БССР стаяць пікеты ў абарону экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна.

Сёньня побач з актывістамі штабу Казуліна сталі людзі ў паўвайсковай вопратцы. Яны раздавалі мінакам улёткі і трымалі плякаты "сёньня – чорны эмігрант, заўтра – чорны акупант". Маёр міліцыі Савецкага РУУС папярэдзіў казулінцаў, што побач зь імі адбудзецца пікет супраць мігрантаў з краінаў Цэнтральнай Азіі і Блізкага Ўсходу. Упершыню ў Беларусі адбыўся пікет такога кшталту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG