Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбылося на Кастрычніцкай плошчы (фотарэпартаж)


Радыё Свабода Чацьвертая раніцы ў Менску, намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы зьнішчаны. Зь месца падзеяў перадае карэспандэнт "Свабоды": "На дадзены момант на Кастрычніцкай плошчы можна заўважыць некалькі трактароў, якія зграбаюць тое, што засталося ад намётавага лягеру. Тут ужо пабывала некалькі машынаў, грузавікоў, якія вывозілі абсалютна ўсё, што было ў дэманстрантаў. Я падкрэсьлю, што папярэдне сьцягі і транспаранты забралі людзі ў цывільным. Усё астатняе без разбору вывозіцца. Якраз зараз некалькі бульдозэраў зь некалькіх бакоў усё счышчаюць у адно месца."

"Апэрацыя, якую нават нельга назваць штурмам, скончылася ўсяго за дваццаць хвілінаў. Пасьля таго як людзей адвезьлі, яшчэ пэўны час стаяла ачапленьне міліцыі, але журналісты бачылі, што ў гэтае ачапленьне ўвайшлі людзі ў цывільным і таксама людзі, якія мелі бытавыя відэакамэры – звычайна такім камэрамі робяцца апэратыўныя здымкі на масавых мерапрыемствах. Дык гэтыя людзі пахадзілі пэўны час і выйшлі, потым зьнялі ачапленьні і дазволілі журналістам падыйсьці да таго месца, дзе знаходзіўся лягер.

Калі супрацоўнікі камунальных службаў пачалі прыбіраць рэшткі лягеру, тыя людзі, якія там знаходзіліся зь ліку супрацоўнікаў, знайшлі гару пустых бутэлек – гэта былі бутэлькі ад гарэлкі, а таксама плястыкавыя бутэлькі ад піва. Яны былі неяк так складзеныя ў адну гару, ня вельмі акуратна, сканцэнтраваныя ў адным месцы. Журналісты адразу адзначылі, што якраз у тым сэктары лягеру якраз больш за ўсё прысутнічалі людзі ў цывільным і тыя, хто вёў апэратыўную здымку.

На дадзены момант на плошчы знаходзяцца некалькі міліцыянтаў, журналістаў цяпер вельмі многа, болей за ўсіх – некалькі дзясяткаў чалавек, і некалькі супрацоўнікаў камунальных службаў. Якраз зараз гэтыя супрацоўнікі зьбіраюць у коўш экскаватара сьмецьце. Яны вельмі дакладна перабіраюць, дзе і што знаходзіцца. Бо тут вельмі шмат прыватных рэчаў – тэрмасы, вопратка, ежа. Фактычна, усіх пахапалі ў тым, у чым яны былі, палову зь іх пабудзілі. Апэрацыя не была імгненная, і людзям якія спалі ў намётах, далі час каб прачнуцца і ачуняць, каб яны маглі павылазіць з намётаў.

Некалькі хвілінаў таму я размаўляў з адзіным хлопцам з намётавага гарадку, які ацалеў. яму ўдалося выбрацца – ён сказаў, што ніякага гвалту не было. Дзякуючы нейкай невядомай жанчыне, якая пад час ачапленьня зразумела, што лягера больш ня будзе, яна ўзяла ў рукі мэгафон, папрасіла не ўжываць гвалт і сказала, што ўсё зробім самі. Гвалту сапраўды не было, адзінае, калі ўжывалася сіла – гэта калі людзей запіхвалі ў аўтазакі і адвозілі.

На момант штурму колькасьць людзей у гарадку стабілізавалася – у тры гадзіны ўночы новыя людзі не падыходзілі. Паводле ацэнак журналістаў, іх было крыху меней за 500 чалавек. Частка зь іх стаяла па пэрымэтры і бараніла лягер, частка адпачывала. Болей за ўсё стаялі хлопцы, адпачывалі дзяўчаты".

(Караткевіч: ) "Вы сказалі, што там шмат журналістаў і яшчэ дзесяць чалавек – хто гэта? Гэта людзі зь лягера ці тыя, хто даведаліся пра інфармацыю і падышлі – палітыкі, проста мінакі?"

(Карэспандэнт: ) "З палітыкаў тут быў адзін Аляксандар Казулін, які папрысутнічаў некалькі хвілінаў. Гэта мінакі і супрацоўнікі камунальных службаў, а таксама людзі ў цывільным, якія робяць выгляд, што яны мінакі. Я яшчэ зазначу, што ў час самой апэрацыі рух па праспэкце Скарыны не перакрываўся, і людзі ў дастаткова вялікай колькасьці машын бачылі, што тут адбываецца – збольшага гэта былі таксоўкі альбо прыватныя машыны".

(Караткевіч: ) "Якая колькасьць міліцыянтаў, якія сілы былі задзейнічаны для захопу лягеру?"

(Карэспандэнт: ) "Я б сказаў, што гэта некалькі сотняў. На плошчы прысутнічалі ня ўсе. разглядаліся 2 варыянты – мірны і гвалтоўны. Дык вось., мабыць, пэўная частка была сканцэнтраваная ў раёне адміністрацыі прэзыдэнта, на плошчы было агулам паўтары-дзьве сотні, ня болей".

Фотарэпартаж

























Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG