Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Буш сустрэўся з С.Завадзкай і І.Красоўскай (фота)


Радыё Свабода У Вашынгтоне, у Белым Доме, 27 лютага адбылася сустрэча прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша са Сьвятланай Завадзкай і Ірынай Красоўскай. “Прэзыдэнт імкнецца падкрэсьліць сваю асабістую падтрымку іх высілкам дамагчыся правасудзьдзя ў справах зьніклых, гэтак сама, як і высілкам усіх тых, хто імкнецца вярнуць свабоду ў Беларусь," -- заявіў па выніках сустрэчы прэсавы сакратар прэзыдэнта ЗША Скот Маклэлан. "Усім дэмакратычным сілам Беларусі гэта надае сілы, мужнасьць і веру ў тое, што мы пераможам", -- сказала на прэсавай канфэрэнцыі Сьвятлана Завадзкая.

Карэспандэнтка Радыё Свабода Ірына Віданава паведамляе з Заходняга крыла Белага дому.

(Віданава: ) "Ірына са Сьвятланай адразу пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Джорджам Бушам правялі прэсавую канфэрэнцыю.

Яны адзначылі, што сустрэча працягвалася больш заплянаванага часу і мела даволі нефармальны характар. Прэзыдэнт Буш цікавіўся тым, якая сытуацыя цяпер склалася ў Беларусі, задаваў пытаньні, як адчуваюць сябе жанчыны, што страцілі мужоў, пытаўся пра палітычныя рэпрэсіі й прэзыдэнцкія выбары.

Ірына і Сьвятлана адзначылі, што гэта была адна з самых яркіх сустрэч у іхным жыцьці. Яны пабачылі авальны офіс – працоўны кабінэт прэзыдэнта ЗША. Жанчыны заявілі, што гэтая сустрэча азначае вялікую падтрымку ня толькі для іх асабіста, але для ўсіх дэмакратычных актывістаў Беларусі.

На выхадзе, пасьля сустрэчы з Бушам, Сьвятлану і Ірыну чакалі больш як дзясятак журналістаў. Сярод іншых прысутнічалі прадстаўнікі "Эн-Бі-Сі", "Сі-Эн-Эн", "Радыё Свабода", "Голасу Амэрыкі" ды іншых амэрыканскіх і міжнародных СМІ. Яны задавалі пытаньні пра сытуацыю ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, пра тое, якой дапамогі чакаюць дэмакратычныя актывісты ў Беларусі з боку міжнароднай супольнасьці.

Ірына са Сьвятланай падкрэсьлілі, што любая міжнародная падтрымка зьяўляецца цяпер вельмі важнай для Беларусі, а асабліва падтрымка на такім высокім узроўні – асабіста ад амэрыканскага прэзыдэнта".

***

Сьвятлана Завадзкая казала на прэсавай канфэрэнцыі пра неабходнасьць міжнароднай дапамогі беларускай дэмакратыі.

(Завадзкая: ) “Нам, тым хто знаходзіцца ў Беларусі, сёньня вельмі неабходная дапамога. Мы хочам адчуваць, што мы не самотныя, бо мы знаходзімся на парозе прэзыдэнцкіх выбараў. Мы выдатна разумеем, што гэтыя выбары ня будуць свабоднымі і справядлівымі, што нас чакае чарговая так званая "элегантная" перамога, але падтрымка і дапамога звонку нам патрэбныя сёньня, як паветра.

Мы павінны працаваць на будучыню. Гэтыя выбары павінны стаць не канчатковай кропкай, а кропкай адліку на наступныя 5 гадоў. Нам патрэбная даўгатэрміновая праграма дапамогі Амэрыкі і Эўразьвязу дэмакратызацыі Беларусі".

(Красоўская: ) “Гэта вялікая падзея для нас асабіста і для ўсёй нашай краіны. Таму што мы адчуваем вялікую падтрымку з боку ЗША ўсім людзям Беларусі, якія змагаюцца за дэмакратыю. У нашай краіне існуе сапраўдная дыктатура, у нас ёсьць палітычныя зьняволеныя. У нас ёсьць людзі, якія зьніклі. Мой муж і муж Сьвятланы былі выкрадзеныя і забітыя рэжымам Лукашэнкі. З таго часу мы ня маем ніякай праўдзівай інфармацыі пра іх. Таму нам вельмі патрэбная міжнародная падтрымка ў гэтай барацьбе і дзякуй яшчэ раз за праяву салідарнасьці з намі”.

(Завадзкая: ) “Калі казаць пра асабістыя ўражаньні ад гэтай сустрэчы, вы можаце сабе ўявіць, якія эмоцыі я магу адчуваць, сустракаючыся з кіраўніком такой дзяржавы, разумеючы, што гэта сустрэча – знак падтрымкі ня толькі асабіста нас, жонак зьніклых. Усім дэмакратычным сілам Беларусі гэта надае сілы, мужнасьць і веру ў тое, што мы пераможам”.

Адказваючы на пытаньне пра палітычную сытуацыю ў Беларусі напярэдадні выбараў, Ірына Красоўская заявіла:

(Красоўская: ) “Я магу пагадзіцца з тым, што сказаў адзін з кандыдатаў на прэзыдэнта Аляксандр Казулін, гаворачы пра Лукашэнку – “лепш пакінуць пасаду першым прэзыдэнтам Беларусі, чым апошнім дыктатарам Эўропы”. Зразумела, лепш вырашыць гэтую праблему бяз гвалту. І мы не зьбіраемся парушаць законы. Але гэта менавіта ўлады разганяюць мірныя дэманстрацыі, менавіта гэтае пытаньне памочнік намесьніка дзяржсакратара Дэвід Крэмэр абмяркоўваў падчас візыту ў Менск. Я думаю, што ЗША маюць вельмі ясную пазыцыю ў гэтым пытаньні”.

***

Пасьля сустрэчы Джорджа Буша са Сьвятланай Завадзкай і Ірынай Красоўскай прэсавы сакратар прэзыдэнта ЗША Скот Маклэлан заявіў, што “прэзыдэнт імкнецца падкрэсьліць сваю асабістую падтрымку іх высілкам дамагчыся правасудзьдзя ў справах зьніклых, гэтак сама, як і высілкам усіх тых, хто імкнецца вярнуць свабоду ў Беларусь.

Мы працягваем быць разам з грамадзянамі Беларусі ў іх жаданьні самім вызначаць іх уласную будучыню,” – сказаў прэсавы сакратар прэзыдэнта ЗША. Скотт Маклэлан заявіў, што сёньняшняя “сустрэча была прызначаная падкрэсьліць нашую занепакоенасьць тым, як беларускі ўрад праводзіць выбары, перасьледам грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі, адмовай сур’ёзна дасьледаваць справы зьніклых грамадзкіх дзеячоў,” – заявіў прэсавы сакратар Джорджа Буша.

Фотарэпартаж зь Белага Дому


Ірына Красоўская, Сьвятлана Завадзкая, перакладчык. Прэсавая канфэрэнцыя ў Белым Доме.


Выступае Ірына Красоўская


Выступае Сьвятлана Завадзкая


Ірына Красоўская


Ірына Красоўская падчас прэсавай канфэрэнцыі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG