Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітрада АГП адхіліла адстаўку Лябедзькі (абноўлены)


Валер Каліноўскі, Менск Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька вынес на паседжаньне палітычнай рады партыі пытаньне аб сваёй адстаўцы. Яно ўзьнікла ў сувязі з незадаволенасьцю часткі сяброў партыі вынікамі кангрэсу дэмакратычных сілаў, на якім зь мінімальнай перавагай над Лябедзькам перамог Аляксандар Мілінкевіч. Пасьля эмацыйнай дыскусіі палітрада АГП адмовілася прыняць адстаўку Лябедзькі і дазволіла яму працягваць працу над стварэньнем агульнай апазыцыйнай кааліцыі.

Анатоль Лябедзька матываваў сваю заяву аб адстаўцы эмацыйнымі ацэнкамі шэрагу сяброў АГП, перш за ўсё рэгіянальных лідэраў аб тым, што яны не пагаджаюцца з вынікамі кангрэсу і ня хочуць працаваць на абранага на ім адзінага кандыдата. У сувязі з гэтым нават зьявіліся прапановы склікаць пазачарговы зьезд АГП, каб на ім выпрацаваць асобную перадвыбарчую стратэгію партыі. Анатоль Лябедзька на гэта адрэагаваў так:

(Лябедзька: ) “Я не магу быць на чале структуры, у якой падвяргаецца сумневу стратэгія аб’яднаньня і адказнасьці, якую мы з вамі ініцыявалі тры гады назад. Усё пачыналася ў гэтым памяшканьні, у гэтым офісе з двухбаковых кансультацыяў з удзелам нашых партнэраў па кааліцыі”.

Анатоль Лябедзька заявіў, што для яго кааліцыйны працэс — гэта справа гонару. Дыскусія на палітрадзе доўжылася тры гадзіны, ніхто не падтрымаў адстаўкі Лябедзькі, хаця гучалі розныя, часам эмацыйныя выказваньні. У прыватнасьці, актывіст АГП Уладзімер Раманоўскі выказаў незадавальненьне тым, што партнэры па кааліцыі на кангрэсе дамагліся павелічэньня дэлегацкай квоты няўрадавых арганізацыяў, што прывяло да перамогі Мілінкевіча. Ён мяркуе, што АГП павінна вылучыць адзінаму кандыдату пэўныя ўльтыматыўныя патрабаваньні. Шэраг сяброў палітрады пацьвердзілі нежаданьне працаваць на Мілінкевіча.

Аляксандар Дабравольскі, Станіслаў Банданкевіч, Аляксандар Сасноў запярэчылі такім падыходам. Гаворыць Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) “Калі хтосьці нейкія выказваньні робіць, то гэта ня значыць, што так думае ўся партыя, а партыйнае рашэньне з гэтай нагоды я ведаю толькі адно: што мы ў кааліцыі і працягваем працу. Ці мала хто каму не падабаецца, нам што — трэба разбурыць усё, што здолелі стварыць?”

Урэшце палітрадзе АГП удалося сьцішыць эмоцыі і прыйсьці да кансэнсусу — партыя ня толькі застаецца ў агульнай кааліцыі, але будзе больш актыўна працаваць у яе структурах, стане адным з самых уплывовых удзельнікаў перадвыбарчай кампаніі, як у цэнтры гэтак і на месцах паспрабуе ўзяць ініцыятыву на сябе. Гаворыць намесьнік старшыні АГП Сяргей Альфер:

(Альфер: ) “Мы падтрымалі Анатоля Лябедзьку і далі яму паўнамоцтвы на перамовы з прэтэндэнтам, зь іншымі суб’ектамі працэсу фармаваньня структураў нашай кааліцыі ў будучай выбарчай кампаніі, каб гэтую кампанію ня толькі правесьці, але і ў выніку яе зьмяніць уладу ў Рэспубліцы Беларусі”.

Рашэньне аб пазачарговым зьезьдзе, на чым настойвала частка актыву, не прынятае. Праз паўтара тыдня на палітраду АГП запрошаны адзіны кандыдат Аляксандар Мілінкевіч. Анатаоль Лябедзька гэтак пракамэнтаваў вынікі ўнутрыпартыйнай дыскусіі:

(Лябедзька: ) “Мы паставілі коску, кропку мы паставім на наступным паседжаньні палітрады з удзелам Алеся Мілінкевіча. Размова была даволі эмацыйнай, месцамі даволі складанай, але ў сухім астатку мы пацьвярджаем, што АГП застаецца галоўным інвэcтарам працэсу аб’яднаньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG