Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч: я не гарантаваў бясьпеку Аляксандру Лукашэнку


Валер Каліноўскі, Менск У першым інтэрвію Радыё “Свабода” пасьля абраньня адзіным кандыдатам ад апазыцыйных сілаў Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ён ня можа гарантаваць бясьпеку Аляксандру Лукашэнку, калі той пагодзіцца ня ўдзельнічаць у будучых выбарах, пра што сёньня заявіў на Кангрэсе іншы прэтэндэнт на званьне адзінага кандыдата – лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

(Каліноўскі: ) "Якія вашыя ўражаньні? Кангрэс прайшоў даволі драматычна, што паказала галасаваньне ў другім туры?"

(Мілінкевіч: ) "Мы яшчэ да Кангрэсу, калі абмяркоўвалі як можа адбыцца галасаваньне, прагназавалі, што калі галасаваньне адбудзецца бяз значнай перавагі аднаго з кандыдатаў, то гэта будзе ствараць напружанасьць у кааліцыі. Гэта сапраўды так ёсьць. Анатоль, фактычна, не прайграў, некалькі галасоў – гэта вельмі мала, і Станіслаў Шушкевіч справядліва сказаў, што ад Анатоля шмат залежыць. Я буду таксама з Анатолем гаварыць, прасіць, каб арганізаваць ягоныя структуры. Гэта надзвычай важна. Крыўда заўсёды перашкаджае, але я маю надзею, што мы ўсё ж такі разумеем нашу адказнасьць. Калясальная адказнасьць на мне ў першую чаргу, але й на ўсіх. І калі мы не здамо гэты экзамен, то проста дэмакратычная Беларусь згубіць аўтарытэт".

(Каліноўскі: ) "Вы казалі ўжо, што магчымы кампрамат на Вас з боку ўладаў, але магчымы і перасьлед, фізычныя пагрозы..."

( Мілінкевіч: ) "Я рыхтуюся да гэтага. Я не скажу, што я абсалютна бясстрашны чалавек, як у нармальнага чалавека, у мяне ёсьць страх, але я яго пераадольваю, і не баюся самых жорсткіх рэпрэсіяў. Я падрыхтаваны, я падрыхтаваў сям''ю, дзяцей сваіх".

(Каліноўскі: ) "Гучалі думкі на кангрэсе, што трэба паўтарыць украінскі досьвед, Майдан. Ці падтрымліваеце вы іх?"

( Мілінкевіч: ) "Я ня ведаю ў гісторыі сучаснай Эўропы ніводнай сытуацыі, каб у недэмакратычнай краіне, амаль дыктатарскай, з дапамогай выбараў можна было б законна зьмяніць уладу. Гэта немагчыма, улада ня будзе больш лічыць галасы. У гэтым мы ўжо два разы ўпэўніваліся. Таму ўвесь час ідзе размова пра Майдан.

Мы не пагражаем рэвалюцыяй. Я ўвогуле лічу, што на Украіне не было рэвалюцыі, бо рэвалюцыя – гэта калі мяняецца Канстытуцыя, калі з ружжамі выходзяць... Там проста мірна выйшлі людзі, мірна адстаялі, нікога не пабілі, проста адстаялі сваё чалавечае права. Таму палохаць будуць рэвалюцыямі, але гэта не рэвалюцыя. Гэта вяртаньне закона. І ніхто ня пойдзе, як кажа прапаганда, за нейкія даляры, не выходзяць людзі за грошы на плошчу.

Мы ўвязваемся ня ў выбары, мы ня верым у выбары, але мы выкарыстоўваем час выбараў для таго, каб правесьці нармальную палітычную кампанію. Мы пойдзем да людзей, мы будзем тлумачыць ім сытуацыю ў краіне, мы прынясем ім інфармацыю, і з дапамогай гэтага дакажам людзям, што нас большасьць, што мы ня быдла, ў рэшце рэшт, што нас нельга паставіць на калені, што ў нас ёсьць годнасьць. Калі мы пераканаем людзей, што яны павінны пайсьці на выбары, але не на папярэдняе галасаваньне, а потым яны пераканаюцца, што іх зноў зганьбілі, прынізілі – людзі могуць выйсьці пры нашай арганізацыі на вуліцу. Але калі ня будзе перамогі ў галовах людзей, то ніхто й ня выйдзе".

(Каліноўскі: ) "Анатоль Лябедзька зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з гарантыямі бясьпекі, калі той адмовіцца ад незаконнага ўдзелу ў чарговых выбарах. Вы падтрымліваеце такія гарантыі?"

( Мілінкевіч: ) "Мне ня вельмі падабаюцца такога роду гарантыі, таму што калі мы кажам, што будзем будаваць прававую дзяржаву, і я сёньня не магу даказаць, што Лукашэнка вінаваты ў забойства, што Лукашэнка скраў – у мяне няма доказаў. Але пазбавіць суд такой магчымасьці – для мяне б гэта была страшная адказнасьць, каб я быў вышэй за закон, калі я прапагандую закон. Я не гатовы да гэтага".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG