Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пляны прыватызацыі па-беларуску: усё будзе надзвычай дорага


Ігар Карней, Менск Сёньня прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі афіцыйна пацьвердзіў інфармацыю, якая дагэтуль існавала на ўзроўні сьведчаньняў ананімных крыніцаў: дзяржава гатовая прадаць сваю долю ў буйных прадпрыемствах, аднак толькі за іхны рэальны кошт. Пры гэтым Сідорскі падкрэсьліў: калі хтосьці зьбіраецца набыць “за капейкі” беларускія прадпрыемствы – гэтага ня будзе.

С.Сідорскі: "Раздаваць за капейкі дзяржуласнасьць мы намеру ня маем”

Пра магчымасьць прыватызацыі буйнейшых беларускіх прадпрыемстваў напярэдадні напісала расейская газэта “Ведомости”, яна шырока абмяркоўвалася экспэртамі. Сёньня прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі пацьвердзіў пляны Міністэрства эканомікі на правядзеньне ў 2007 годзе конкурсаў у продажы акцыяў шэрагу стратэгічных прадпрыемстваў.

Прыватызацыйныя намеры кіраўнік ураду ілюстраваў на прыкладзе бабруйскага аб’яднаньня “Белшына”. Пры гэтым ён агучыў нават магчымы кошт прадпрыемства – больш за 1 мільярд даляраў. “Белшына” – прадпрыемства, якое эфэктыўна працуе і раздаваць за капейкі дзяржуласнасьць мы намеру ня маем”, – адзначыў Сідорскі.

М.Залескі: "Называць кошт “Белшыны” наўскідку ня трэба"

А вось эканаміст Міхал Залескі перакананы: кошт “Белшыны” ўзяты “са столі”:

“Яны не прачнуліся, яны гэта ў сьне гавораць. Таму што называць кошт “Белшыны” наўскідку ня трэба. І ацаніць “Белшыну” – гэта таксама праца. На тое, каб прадставіць яе на продаж, паводле маіх прыкідак (а я працаваў у кампаніі “Купэрз лэбрэтрыз”, сур’ёзнай па сваім часе кампаніі), патрэбна ў Беларусі: а) надзвычайная заканадаўчая працэдура ў справе прыватызацыі аб’екту; б) праца калектыву, якая абыйдзецца ў 10-12 мільёнаў даляраў. І вось пасьля гэтага можна будзе абвяшчаць тэндэр на продаж “Белшыны”, прапаноўваць яе пакупнікам. Таму што ў нас біржы няма і мы рэальнага кошту яе ня ведаем. Гэта “ад балды” кошт, альбо які-небудзь балянсавы. У нас зь “Белтрансгазам” такое было, калі ён і 500 мільёнаў даляраў каштаваў, і 15 мільярдаў. Аказалася недзе пасярэдзіне, хоць у той самы час чэхі свой “Трансгаз”, меншы за наш, прадалі немцам за 7,5 мільярдаў. Вось і вынік”.

Урад хоча таксама прапанаваць інвэстарам долю акцый МАЗу, "Белтэлекам"''у, "Крыніцы" і іншых

Як вынікае з прапановаў Міністэрства эканомікі, сярод стратэгічных аб’ектаў, якія могуць быць выстаўленыя на продаж - наваполацкія “Палімір” і “Нафтан”, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, аб’яднаньні “Белшына”, “Гродна-Азот”, “Магілёўхімвалакно”, “Гроднахімвалакно”, тры з чатырох цукровых заводаў.

Гэтаксама ўрад мае ініцыяваць перад кіраўніком краіны прапановы аб акцыянаваньні долі дзяржаўнай уласнасьці патэнцыйнымі інвэстарамі Менскага аўтамабільнага заводу, манапаліста на рынку тэлефоннай сувязі “Белтэлекам”, Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі, вытворцаў алькагольных напояў – пакуль згадваюцца Менскі завод пеністых вінаў і бровар “Крыніца”.

Можна было б прадаць даражэй - калі б праводзілася каціроўка акцый беларускіх прадпрыемстваў на біржы

Эканаміст Уладзімер Карагін вітае намеры беларускіх уладаў, аднак перакананы: рэальны кошт прадпрыемстваў мусяць называць ня ўрадавыя чыноўнікі, а незалежныя экспэрты:

“Думаю, што гэта нармальная эканамічная практыка, калі прадаюцца або акцыянуюцца пэўныя прадпрыемствы. Хоць я, канешне, перад продажам гэтых прадпрыемстваў правёў бы лепш працу ў разьвіцьці Беларускай фондавай біржы, каб акцыі прадпрыемстваў маглі прадавацца. І тады можна было б прадаць іх яшчэ даражэй - калі б праводзілася каціроўка акцый беларускіх прадпрыемстваў. Думаю, што даволі вялікае кола прадпрыемстваў маглі б такім чынам атрымліваць інвэстыцыі. Гэта можна ўбачыць на прыкладзе Кітаю, калі кошт прадпрыемства нават рэзка ўзрастае. Ня ведаю чаму, але менавіта ў гэты бок урад Беларусі робіць вельмі слабыя рухі”.

На думку эканаміста Міхала Залескага, за год пералічаныя ў плянах да прыватызацыі прадпрыемствы прадаць практычна немагчыма. Паколькі гэта ня толькі складаная тэхнічна праца, але й вельмі дарагая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG