Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” “прывяжа” кошты газу для Беларусі да Польшчы


Радыё Свабода Кошт газу для Беларусі ў 2008 годзе будзе прывязаны да кошту газу для Польшчы. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведамілі ў прэсавай службе “Газпрому”.

Згодна з кантрактам, падпісаным паміж кіраўніцтвам "Газпрому" і ўрадам Беларусі 31 сьнежня 2006 году, у 2008 годзе кошт на газ павінен скласьці 67% ад кошту на эўрапейскім рынку, у 2009 годзе — 80%, у 2010 годзе — 90%, у 2011 годзе – выйсьці на ўзровень сярэднеэўрапейскай цаны.

У прэсавай службе “Газпрому” падкрэсьлілі, што для эўрапейскіх краін кошт "паўсюль свой", і хаця існуе паняцьце "сярэднеэўрапейскага кошту, але ён не агучваецца". Аднак на мінулым тыдні намесьнік старшыні праўленьня "Газпрому" Аляксандар Мядзведзеў падчас перамоваў з прадстаўнікамі Ўкраіны паведаміў, што расейскі газавы канцэрн прагназуе, што сярэднеэўрапейская цана на газ у наступным годзе складзе 300 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Паводле польскага газавага манапаліста, кампаніі “PGNiG”, цана на газ для Польшчы сёлета склала прыкладна 230 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Сёлета ў студзені ў разгар беларуска-расейскай энэргетычнай вайны прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін агучыў іншую лічбу: паводле яго, на 2007 год Польшча дамовілася з “Газпромам” на цане 270 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Калі цана газу для Польшчы ў наступным годзе ня зьменіцца, то, паводле формулы пагадненьня беларускага ўраду і “Газпрому”, цана для Беларусі павінна скласьці 154 даляры за тысячу кубамэтраў паводле вэрсіі “PGNiG”, і 180 даляраў за тысячу кубамэтраў паводле вэрсіі Пуціна.

Калі за базу будзе ўзятая сярэднеэўрапейская цана, агучаная Мядзьведзевым, то кошт газу для Беларусі складзе прыблізна 200 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Газ для Беларусі на 2008 год – па 200$?, 13.11.2007 М.Залескі: Раней ці пазьней Беларусі давядзецца плаціць поўны кошт газу, 9.11.2007 Расея: “Для будаўніцтва новага газаправоду празь Беларусь няма падставаў”, 1.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG