Пісьменьнік-сатырык, публіцыст і адзін з найбольш пасьлядоўных крытыкаў палітычнага рэжыму Ўладзіміра Пуціна Віктар Шэндэровіч распавёў Свабодзе, зь якой праграмай прыедзе ў Беларусь, і прызнаў, што ўлічвае магчымасьць правакацыяў супраць сябе ў Менску.
Віктара Шэндэровіча пускаюць у Менск з канцэртам упершыню амаль за 20 гадоў. Канцэрт павінен адбыцца 25 траўня. У Беларусі, паводле яго, ён стаў пэрсонай нон-грата ў пачатку 2000-х, пасьля некаторых выпускаў праграмы «Лялькі», дзе ён у тым ліку высьмейваў Аляксандра Лукашэнку.
— Зь якой праграмай вы зьбіраецеся ехаць у Менск?
— Праграма будзе літаратурная: мае тэксты, апавяданьні, дыялёгі, вершы. Ну і адказы на пытаньні, вядома.
— Значыць, праграма не прадугледжвае палітычных выказваньняў?
— Яна не прадугледжвае мітынгу і патрабаваньняў зьмены рэжыму. Гэта літаратурная праграма. Але, вядома, там ёсьць публіцыстычныя палітычныя старонкі. Гэта тая ж праграма, зь якой я выступаю па ўсім сьвеце — ад Масквы (калі дазваляюць) да Сыднэю і Сіетлу.
— Ці вядома, якую пляцоўку ў Менску вам прадаставяць для канцэрту?
— Заля ўжо вызначаная, але гэта ведае антрэпрэнэр, я ня ведаю.
-— Ці асьцерагаецеся правакацый у Менску, улічваючы, што столькі гадоў вы былі ў Беларусі пэрсонай нон-грата?
— Я, безумоўна, улічваю такую магчымасьць. Прадухіліць гэта, як вы разумееце, я не магу. Але разумееце, я жыву не ў Люксэмбургу, таму гэтую магчымасьць я ўлічваю, проста выходзячы з дому.
— У сваім «Фэйсбуку» вы напісалі, што вас сёлета ўзгаднілі «на злосьць Пуціну». Ці сапраўды вы лічыце, што гэта зроблена ў піку Крамлю?
— Не, вядома, ня так літаральна — гэта ўсё ж жарт. Але ня жарт тое, што ёсьць відавочныя тактычныя палітычныя гульні, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі і якія, як мне здаецца, Аляксандар Рыгоравіч досыць таленавіта вядзе, выкарыстоўваючы ўсе глупствы, якія робіць Расея ў замежнай палітыцы. Лукашэнка перастаў быць апошнім тыранам Эўропы, ён неадкладна пайшоў праціходам у бок Эўропы, хоць, відаць Пуцін разьлічваў, што Лукашэнка і Назарбаеў будуць падтрымліваць ягоныя авантуры. У Лукашэнкі дастаткова выгадная пазыцыя зьнешнепалітычная, і ён яе падтрымлівае. У гэтым сэнсе, безумоўна, узгадненьне майго канцэрту ляжыць у рэчышчы новай палітыкі — насустрач Эўропе і ў піку Пуціну.
…Безумоўна, узгадненьне майго канцэрту ляжыць у рэчышчы новай палітыкі — насустрач Эўропе і ў піку Пуціну
— Як вы лічыце, на кім ляжыць большая частка адказнасьці за цяперашняе пагаршэньне стасункаў паміж Беларусьсю і Расеяй?
— Няма ніякага пагаршэньня стасункаў паміж Беларусьсю і Расеяй. На чалавечы ўзровень гэта не перайшло і няма падстаў для такога пераходу. Паміж беларусамі і расейцамі, на шчасьце, не адбылося таго, што адбылося паміж расейцамі і ўкраінцамі.
Тое, што два аўтарытарныя лідэры, якія акапаліся ва ўладзе ў сваіх краінах і не зьбіраюцца сыходзіць, выкарыстоўваюць пралікі адзін аднаго для ўмацаваньня асабістай улады і пашырэньня прасторы для манэўру — гэта іншая справа. Тут казаць пра адказнасьць дзіўна — гэта проста шахматная гульня, у якой, на мой погляд, пакуль перамагае Лукашэнка.
— У Беларусі шмат хто баіцца, што краіна стане наступным пасьля Ўкраіны абʼектам агрэсіі Крамля. Ці лічыце вы такі сцэнар рэалістычным?
— Мне не здаецца гэта рэалістычным. Я не сумняваюся, што Пуцін рыхтуе нейкую наступную авантуру, якая б дазволіла яму гандляваць з Захадам, бо адзіны тавар, які ён можа прапанаваць Захаду — гэта абвастрэньне, і, адпаведна, разьлічваць можа толькі на адчапныя за неабвастрэньне. Але я ня думаю, што гэта будзе Беларусь.
— І Беларусь, і Расея — гэта краіны, якія ўзначальваюць адны і тыя ж людзі дзесяцігодзьдзямі. Ці магчымая бяскроўная, бязбольная трансфармацыя такіх палітычных рэжымаў, ці без вялікіх узрушэньняў краінам не абысьціся, як вы лічыце?
— Я не магу прыгадаць выпадкаў, калі б гэта было зусім проста. Аўтарытарныя рэжымы рэфармаваліся, але ўсё ж адна справа — гэта кароль Хуан Карлас, а іншая — выпускнікі КДБ ды іншых савецкіх устаноў. Ня думаю, што выхад з аўтарытарызму, які зацягнуўся, будзе простым — прынамсі нішто гэтага не прадвяшчае.