Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне прапанавалі працу за 80 рублёў, але я адмовілася», — перасяленка з Украіны


Ніна Юзэпчук з Новай Дубровы
Ніна Юзэпчук з Новай Дубровы

Перасяленка з Украіны Ніна Юзэпчук, маці двух непаўналетніх сыноў, якая жыве ў вёсцы Новая Дуброва Акцябрскага раёну, другі год ня можа ўладкавацца на працу.

«Раней я крыху працавала цялятніцай на мясцовай фэрме, але там быў падзеж пагалоўя, і я апынуліся на вуліцы, — распавядае ўкраінка. — Стаяла на ўліку ва ўпраўленьні працы, занятасьці і сацыяльнай абароны, але сёлета адтуль мяне выштурхнулі. На той падставе, што мне два разы прапаноўвалі працу, а я нібыта не захацела.

А як было пагадзіцца? Накіроўвалі на фэрму ў вёску Шкава — гэта за пятнаццаць кілямэтраў ад Новай Дубровы. Умела б лётаць, паляцела б! А другі раз прапанавалі ў заапарк ісьці на 80 рублёў за месяц, але я адмовілася. Гэта ж зьдзек, а не заробак».

У Беларусь Ніна Юзэпчук прыехала з Хмяльніцкай вобласьці Ўкраіны амаль два дзесяцігодзьдзі таму. Выправілася на заробкі, ды так і засталася. Жыла ў Калінкавічах, там жа сустрэла ўкраінца Анатоля, які прыжыўся на Гомельшчыне: бацькі яго даўно перабраліся ў Беларусь. Сталі жыць з Анатолем, нарадзілі двух сыноў.

Гадоў сем таму пераехалі ў Акцябрскі раён у Новую Дуброву — спадзяваліся, што ў вёсцы выжываць лягчэй. Гадавалі сьвіней (па пятнаццаць галоў за год), улетку зьбіралі ягады, грыбы. Асабліва не гаравалі.

Цяжкасьці зваліліся на Ніну тры гады таму, калі Анатоль пакінуў сям’ю, перабраўся да іншай жанчыны ў Глускі раён Магілёўскай вобласьці.

«Адна я ўжо не магла трымаць такую плойму парсюкоў, — кажа жанчына. — Падпрацоўвала ў прыватніка. Улетку зноў жа зь лесу не вылазіла — насіла ўсё нарыхтоўшчыкам грыбы ды ягады, каб мець нейкую капейку. А калі зіма прыходзіць, хоць плач: працы няма, а мне ж дзяцей карміць трэба! Усялякія камісіі прыяжджаюць, правяраюць, у якіх умовах мае сыны-школьнікі жывуць. І хоць бы хто заікнуўся, што з працай дапаможа. Я ж не прэтэндую на пасаду, якую трэба ўзгадняць з прэзыдэнтам ці Саўмінам — у мяне й адукацыі адпаведнай няма. Мне хоць жывёлаводам, хоць прыбіральшчыцай, хоць санітаркай, абы не за пятнаццаць кілямэтраў і не за 80 рублёў».

Спадарыня Ніна выпатрабавала ад Анатоля алімэнты на дзяцей. Суд стаў, вядома, на яе бок, але выкананьне судовай пастановы ўпіраецца ў адсутнасьць заробкаў у бацькі.

«За шэсьць месяцаў на двух сыноў бацька даслаў толькі дваццаць рублёў, — падрахоўвае Ніна Юзэпчук. — Ужо завінаваціўся 15 мільёнаў, альбо 1500 рублёў на новыя грошы. А мне ж трэба хлопцаў карміць кожны дзень, ды яшчэ апранаць і абуваць. Бяз працы я ня ведаю, як перазімаваць».

Ніна Юзэрчук мае сталы дазвол на жыхарства ў Беларусі, але не ўяўляе, як жыць далей без працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG