Зьняць наяўныя грошы, аплаціць усё магчымае і сплаціць падаткі некаторыя рэкамэндуюць яшчэ да 29 чэрвеня.
Ад 23 гадзін чацьвярга, 30 чэрвеня, да раніцы наступнага дня магчымыя перабоі ў працы банкаматаў і банкаўскіх паслугаў. У асобных выпадках перабоі могуць працягнуцца да панядзелка, 4 ліпеня. У гэты час могуць не працаваць апэрацыі па банкаўскіх картках, у тым ліку па беларускіх картках за мяжой.
Беларусбанк папярэджвае, што сотні банкаматаў ня будуць функцыянаваць ужо за дзень да дэнамінацыі, з 30 чэрвеня, бо напоўніць банкаматы новымі банкнотамі — патрэбны час.
Альфа-Банк піша , што банкаматы ня будуць працаваць з 11 вечара 30 чэрвеня да 7 раніцы 1 ліпеня, а апэрацыі ў плацёжных тэрміналах будуць спыненыя з 18:00 30 чэрвеня да 9 раніцы 2 ліпеня. Праца аддзяленьняў банку спыніцца а 16 гадзіне 30 чэрвеня і адновіцца толькі 4 ліпеня.
Прыёрбанк інфармуе, што з 23 гадзін 30 чэрвеня да 9 раніцы 1 ліпеня ўсе апэрацыі з банкаўскімі карткамі будуць недасяжныя, а да 3 ліпеня ўключна магчымыя часовыя перабоі.
Тое ж абяцае БелВЭБ. Гэты банк 30 чэрвеня будзе працаваць у рэжыме сьвяточнага дня, а 1 ліпеня пачне працу а 12 гадзіне дня, з 30 чэрвеня да 4 ліпеня аддзяленьні банку, абменныя пункты, банкаматы і тэрміналы будуць працаваць у абмежаваным рэжыме.
Банк ВТБ «адключыцца» а 14 гадзіне 30 чэрвеня, адновіць працу а 10 раніцы 1 ліпеня. Але адзначаецца, што з 10 раніцы 27 (!) чэрвеня па 10 раніцы 1 ліпеня ў банку будзе немагчыма зьдзяйсьняць апэрацыі па картках іншых банкаў. Свае карткі ў ВТБ ня будуць працаваць ад 23 гадзін 30 чэрвеня па 5 раніцы наступнага дня.
На гадзіну пазьней адключацца апэрацыі па картках у Белгазпрамбанку: ад 12 ночы 1 ліпеня па 6 раніцы гэтага ж дня
МТБанк рэкамэндуе зьняць пэўную суму наяўных на траты ў пэрыяд з 30 чэрвеня па 3 ліпеня і рэкамэндуе не адкладаць гэта да 29 ці 30 ліпеня, а зрабіць яшчэ раней. Таксама раяць раней унесьці плацяжы па крэдытах, паслугах сувязі і іншым.
Але некаторыя банкі, як Белінвэстбанк, БПС ці Белаграпрамбанк, яшчэ не паведамляюць пра магчымыя праблемы і адключэньні на час дэнамінацыі.
Ад 1 чэрвеня ў беларускіх грошай «адкінуць» чатыры нулі, 10 тысяч стануць адным новым рублём. Старыя купюры ўзору 2000 года будуць паралельна хадзіць разам з новымі, надрукаванымі ў 2009 годзе, да канца 2016 года. Старшыня Нацбанку чакае «стаўленьня з гумарам» да «пэўных рэчаў» падчас дэнамінацыі.