«Я занепакоены затрыманьнем дэманстрантаў, журналістаў і лідэраў апазыцыі ў Беларусі. Яны павінны быць вызваленыя. Свабода сходаў мае быць забясьпечанай», — напісаў у Twitter Міністар замежных справаў Нарвэгіі Бёрге Брэндэ.
Раней дэпутатка Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Нарвэгіі Мары Льёнес Брэке зьвярталася да Брэндэ з просьбай адрэагаваць на масавыя затрыманьні ў Беларусі.
З пачатку сакавіка былі затрыманыя, пасаджаныя за краты ці аштрафаваныя ў сувязі з «Маршамі недармаедаў» больш за 300 чалавек, Дзень Волі ў турме сустрэнуць больш за 120 чалавек. У ліку затрыманых — доўгі шэраг палітыкаў, у тым ліку лідэры АГП, БХД, руху «За свабоду» і «Маладога фронту», чальцы іншых партыяў і рухаў, а таксама шараговыя ўдзельнікі «Маршаў недармаедаў» і людзі, якія заяўлялі, што нават не хадзілі на маршы.