Падчас тэлефоннай канфэрэнцыі з асноўнымі донарамі сваёй перадвыбарчай кампаніі Гілары Клінтан абвінаваціла дырэктара ФБР Джэймса Комі ў яе нечаканай паразе на прэзыдэнцкіх выбарах. На яе думку, само зьяўленьне лістоў Джэймса Комі Кангрэсу нанесла непапраўную палітычны шкоду, перадае The Washington Post.
Амаль кожнае нацыянальнае апытаньне грамадзкай думкі перад днём галасаваньня называла спадарыню Клінтан упэўненым фаварытам. Аднак перамог рэспубліканец Дональд Трамп, шакаваўшы многіх па ўсёй краіне і выклікаўшы масавыя пратэсты.
Клінтан не зьяўлялася на публіцы пасьля таго, як выступіла з прызнаньнем паразы ў сераду раніцай.
У ходзе тэлефоннай размовы са сваімі прыхільнікамі Клінтан заявіла, што яе кампанія і Дэмакратычная партыя сабралі 900 мільёнаў даляраў пры дапамозе больш чым 3-х мільёнаў індывідуальных донараў.
Клінтан сказала, што ў яе паразе вінаваты Комі, які за лічаныя дні да выбараў вырашыў даслаць у Кангрэс ліст, у якім паведаміў, што аднаўляе расьсьледаваньне па пытаньні электроннай перапіскі Клінтан на пасадзе дзяржсакратара з 2009 па 2012 год.
«Ёсьць шмат прычын, з-за якіх гэтыя выбары не былі пасьпяховымі. Але наш аналіз паказаў, што ліст Комі выклікаў сумневы, якія былі неабгрунтаванымі, беспадстаўнымі і прывялі да спыненьня нашага руху», – заявіла Гілары Клінтан. Паводле яе словаў, да ліста дырэктара ФБР, «вецер літаральна дзьмуў у ветразі».
Праз тыдзень Джэймс Комі абвесьціў, што ён вывучыў перапіску і па-ранейшаму лічыць, што Клінтан ня трэба прыцягваць да адказнасьці, але палітычная шкода ўжо была нанесена.
Клінтан сказала донарам, што Трампу ўдалося выкарыстаць абедзьве заявы кіраўніка ФБР для нападак на яе.