Каля амбасады Расеі ў Менску актывісты «Маладога фронту» правялі 8 верасьня акцыю, прымеркаваную да Дня вайсковай славы.
Да пачатку акцыі быў затрыманы лідэр МФ Зьміцер Дашкевіч, на падыходзе да амбасады схапілі актывістку Вольгу Мікалайчык.
Акцыю правялі фактычна два чалавекі, актывісты Сяржук Стрыбульскі і Павал Пракаповіч. Яны разгарнулі расьцяжку «Акупанты — вон», скандавалі лёзунгі ў падтрымку Ўкраіны.
Зь імі спрачаліся два «мясцовыя жыхары». Мужчына, ад якога пахла алькаголем, лаяўся матам на актывіста і Аляксандра Лукашэнку.
Акцыю пільнавалі некалькі дзясяткаў людзей у цывільным з рацыямі, у двары ля амбасады стаялі два аўтазакі.
Па завяршэньні акцыі два чалавекі ў цывільным трымаліся блізка Пракаповіча, калі той скіраваўся да трамваю. Журналісты вырашылі праводзіць актывіста.
У трамваі журналісты спрабавалі ўзяць інтэрвію ў людзей у цывільным, тыя адмовіліся. За трамваем ехаў міліцэйскі сіні Volkswagen.
Актывіст даехаў на трамваі да канцавой станцыі «Возера», паехаў у адваротны бок, выйшаў на плошчы Перамогі. Людзі ў цывільным і Volkswagen пакінулі яго на ўваходзе ў мэтро.