На нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі зьявіўся тэкст указу Аляксандра Лукашэнкі ад 6 сьнежня, якім ён ухваліў праект сумеснага з РФ пагадненьня аб удзеле сілаў спэцыяльнага прызначэньня Беларусі ў контратэрарыстычных апэрацыях на тэрыторыі Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі.
Паводле ўказу, які пасьля абнародаваньня тэксту лічыцца правамоцным, КДБ Беларусі даручана весьці перамовы з расейскім бокам аб праекце пагадненьня, уносіць у яго зьмены і нават падпісаць выніковы дакумэнт.
Што будзе азначаць для грамадзянаў Беларусі падпісаньне чарговай дамовы з Расеяй — што беларусаў змогуць адправіць ваяваць у гарачыя пункты Расеі?
Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся па камэнтар да незалежнага экспэрта Аляксандра Алесіна.
Алесін: Так, гэтае пагадненьне дасьць магчымасьць у выпадку неабходнасьці накіроўваць беларускія часткі сілаў спэцыяльнага прызначэньня для ўдзелу ў контратэрарыстычных апэрацыях на тэрыторыі РФ. Як і тут могуць быць заангажаваныя адпаведныя часткі з Расеі. Але збольшага магчымасьць ужо існуе ў межах пагадненьня аб АДКБ. Там нават большая колькасьць краін удзельнічае, ня толькі Беларусь і Расейская Фэдэрацыя, але і некаторыя былыя савецкія рэспублікі Сярэдняй Азіі. У межах пагадненьня аб АДКБ можна разгортваць зь Беларусі 2 брыгады – адну армейскую і адну унутраных войскаў, паміж гэтымі структурамі і аналягічнымі структурамі краін – удзельніц АДКБ вядзецца адпаведнае ўзгадненьне. Але, відаць, вырашана, што гэтага недастаткова. Таму пагадненьне, якое рыхтуецца, дазволіць больш шчыльна каардынавацца і спэцслужбам, нашаму КДБ і расейскай ФСБ, у пытаньнях барацьбы з тэрарызмам. Значыць, мяркуюць, што грамадзяне нашых краін могуць стаць аб’ектамі гэтым контратэрарыстычных апэрацыяў, паколькі вырашана больш дакладна аформіць юрыдычны бок гэтага ўзаемадзеяньня. Ня думаю, што нашы спэцслужбы ў выніку падпадуць пад кантроль расейцаў, але, лічу, супраца стане больш шчыльная, а спэцслужбы — больш залежнымі адна ад адной. Але ў нас павялічацца тэхнічныя і інфармацыйныя магчымасьці за кошт таго, што ў расейскіх спэцслужбаў і МУС яны значна большыя.
Карэспандэнт: А як жа Канстытуцыя Беларусі, якая забараняе пасылаць нашых вайскоўцаў для баявых дзеяньняў у гарачых пунктах на тэрыторыі іншых краін?
Алесін: З гэтым знойдзена выйсьце. Вырашана, што Канстытуцыя забараняе пасылаць на вайну ў іншых краінах толькі тэрміновых службоўцаў, але гэта не распаўсюджваецца на кантрактнікаў. А сілы спэцыяльнага прызначэньня ў нас фармуюцца якраз з кантрактнікаў і могуць на загад кіраўніка дзяржавы і галоўнага вайскавода накіроўвацца ў тым ліку і ў гарачыя пункты. Такога ў нас яшчэ не было, але юрыдычна магчыма. Пагадненьне, якое рыхтуецца, адшліфуе гэтую магчымасьць.