Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Харэўскі: “Абвяшчэньне БНР – гэта была фэерыя, гэта быў карнавал”


Радыё Свабода Што магло б быць, калі б гісторыя склалася іначай? Уявім сабе: Беларуская Народная Рэспубліка перамагла ў 1918 годзе. Краіна рыхтуецца да 90-х угодкаў Дня Волі. Дзеяньне адбываецца ў першыя тры месяцы 2008 году... Пра гэта мы прапануем нашым слухачам напісаць нам у рамках новага конкурсу “Свабоды” – "Адзін дзень у БНР-2008". Конкурс прымеркаваны да 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. А пакуль – на нашыя пытаньні адказвае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Шупа: Вы – мастацтвазнавец, гісторык мастацтва. З Вашага прафэсійнага гледзішча – вось Вы ходзіце па сёньняшнім Менску – ці “бачыце” Вы БНР?

Харэўскі: Безумоўна. На шчасьце, у Менску засталіся, ацалелі тыя будынкі, што былі зьвязаныя зь першымі днямі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта і Дом губэрнатара, і тэатар, і славуты “Юбілейны дом” – былы царкоўна-археалягічны музэй, і нават цудам ацалелае пажарнае дэпо былой Брэст-літоўскай чыгункі, куды чыгуначнікі прытулілі разагнаны Ўсебеларускікі кангрэс. Так што таму, хто ведае гісторыю БНР, і таму, хто ведае гісторыю Менску, і сёньняшнія вуліцы гавораць вельмі шмат.

Шупа: Ну, гэта трэба ведаць і трэба яшчэ пашукаць. А вось уявіце сабе – Вы заплюшчваеце вочы і расплюшчваеце іх у сытуацыі, калі б БНР у 1918-м адбылася і вось Вы сёньня, праз 90 гадоў стаіце ў Менску. Што б выглядала інакш?

Харэўскі: Ён безумоўна выглядаў бы зусім інакш. Перадусім таму, што – цікавая акалічнасьць: 25 сакавіка 1918 году ў Менску апынуліся разам усе вядучыя архітэктары Беларусі ці родам зь Беларусі – прыехалі зь Пецярбургу, з Масквы, з Варшавы. Сярод іх славуты Леў Вітан-Дубейкаўскі, былі і Гайдукевіч, і Гай, і Шабунеўскі з Гомеля. Яны нешта прадчувалі – Вітан-Дубейкаўскі ўжо пачаў крэсьліць тыповыя праекты беларускіх школаў... Безумоўна, не адбылося б такога руйнаваньня храмаў, што адбылося ў 30-я гады – задоўга да вайны былі зруйнаваныя ў Менску дзясяткі храмаў – яны сёньня б стаялі. Безумоўна куды б ашчадней абыходзіліся з даўніной, з памяткамі мінуўшчыны. І натуральна, сам стыль, які тады высьпяваў у нашых архітэктараў – беларускі нацыянальны стыль – гэта была б дакладна не сталіншчына, якая сёньня фактычна фармуе вобраз нашага гораду. Гэта быў бы горад для сябе, для нас, для беларусаў.

Шупа: Ці верыце Вы ў нечаканыя павароты гісторыі? Ці можа гісторыя быць больш нечаканая, чым літаратурная выдумка?

Харэўскі: Веру. Таму што перадусім сам акт абвяшчэньня з гледзішча рэальнай сытуацыі, якая існавала ў Беларусі – гэта была нейкая фэерыя. Гэта быў карнавал. У прынцыпе такога магло й не адбыцца. 1991 год, распад Савецкага Саюзу – і Беларусь раптоўна, не чакаючы гэтага, атрымлівае незалежнасьць. Хіба які літаратурны творца мог бы прадбачыць у 1990-м, што раптам ня будзе ні СССР, ні КПСС? Так што трэба верыць, і я думаю, што гісторыя падарыць нам яшчэ нямала цікавых момантаў і крутых паваротаў.

• А.Трусаў: “БНР магла б выратаваць Эўропу”

• С.Шупа: “Вось вам сытуацыя на дошцы, трэба знайсьці рашэньне, дзе бел-чырвона-белыя выйграюць”

• У.Арлоў: “Сёньня пра 25 сакавіка ведаюць усе – і прыхільнікі, і ворагі”

• А.Пашкевіч: “Гісторыі БНР не хапае каханьня”

• Новы конкурс: "Адзін дзень у БНР-2008"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG