РС: Алесь, ці Вам не шкада, што Вам выпала быць судзьдзём гэтага конкурсу і такім чынам ня можаце сам у ім удзельнічаць?
Пашкевіч: Насамрэч першая думка ў мяне грэшнай справай такая ўзьнікла на пачатку...
РС: Як наагул Вы ставіцеся да такога жанру - альтэрнатыўная гісторыя, утопіі, дыстопіі, гетэратопіі? Вы напісалі пару кніжак істарычна-дакумэнтальнага характару. А там, дзе трэба даць волю фантазіі - як бы яно нагло быць? - наколькі Вас захапляе такая літаратура?
Пашкевіч: Такога пляну літаратура - у нацыянальным кантэксьце, яна арганічна ўпісваецца ў яго. Па-сутнасьці, форму Беларускай Народнай Рэспублікі прыдумалі беларускія літаратары - Ластоўскі, Луцкевічы, Купала... Цяпер, праз 90 гадоў, па-сутнасьці, ёсьць шанец зрабіць і зьмест Беларускай Народнай Рэспублікі, зьмест літаратурны. Такім чынам, праз 90 гадоў форма і зьмест - у літаратуры - могуць супасьці.
РС: Зь якімі крытэрыямі Вы будзеце падыходзіць да конкурсных тэкстаў?
Пашкевіч: Акрамя мастацкага аздабленьня, мастацкай якасьці хацелася б бачыць пранікнёнае і глыбіннае бачаньне – нават у гэтым жанры – сутнасьці беларускай дзяржавы. Літаратар можа акрылена не ўзнаўляць, не бэлетрызаваць тое, што магло б адбыцца, а, па-сутнасьці, быць стваральнікам тых падвалінаў беларускай дзяржаўнасьці. І даволі ўнікальная і неардынарная зьява – стварэньне кніг пра дзяржаву, якая магла б быць, пра тую дзяржаву, пра якую марылі сотні беларускіх мастакоў, літаратараў – і вось нарэшце яна можа ўрэчаісьніцца ў мастацкіх тэкстах.
РС: А калі Вы першы раз даведаліся пра Беларускую Народную Рэспубліку?
Пашкевіч: На жаль, у вясковай школе пра Беларускую Народную Рэспубліку я ня чуў. Даведаўся пра яе на першым курсе Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Гэта быў 1989 год – самы-самы пачатак Адраджэньня, новы віток зацікаўленасьці, у першую чаргу моладзі, сваёй мінуўшчынай, нацыянальнай гісторыяй.
РС: Напачатку Вы сказалі, што самі задумаліся пра магчымы ўдзел у такім конкурсе – пра што б Вы напісалі?
Пашкевіч: Калі б мне давялося пісаць пра Беларускую Народную Рэспубліку, я б хацеў, каб яе сьвятло акаймоўвала гісторыя каханьня герояў, каханьня шчасьлівага – якраз пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. І калі гістарычна пазіраць на станаўленьне Беларускай Народнай Рэспублікі – якраз вось шчасьлівага каханьня, каханьня ў сваёй гісторыі, у сваёй дзяржавы не хапала. Гэта была б не “Альпійская баляда”, гэта была б “Менская баляда”, але з шчасьлівым фіналам.
*** Чакаем вашы творы жанру свабоднай мары – раман, апавяданьне, гістарычная манаграфія, падарожныя нататкі, хроніка, дзёньнік, рэпартаж – без абмежаваньняў, па-беларуску.
Творы ў электронным фармаце дасылайце на адрас svaboda@rferl.org да 15 сьнежня 2007 году.
Найлепшыя творы прагучаць у эфіры і будуць апублікаваныя ў выдавецкай сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе”.
Радыё Свабода Што магло б быць, калі б гісторыя склалася іначай? Уявім сабе: Беларуская Народная Рэспубліка перамагла ў 1918 годзе. Краіна рыхтуецца да 90-х угодкаў Дня Волі. Дзеяньне адбываецца ў першыя тры месяцы 2008 году... Пра гэта мы прапануем нашым слухачам напісаць нам у рамках новага конкурсу “Свабоды” – "Адзін дзень у БНР-2008". Конкурс прымеркаваны да 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. А пакуль – на нашыя пытаньні адказвае сябра журы конкурсу, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч.
Самае папулярнае
1