Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жалезная заслона» пад Горадняй і Берасьцем. Да чаго вядзе эскаляцыя беларуска-польскіх дачыненьняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У адносінах Беларусі і Польшчы — чарговы крызіс, абвастрэньне. Забойства польскага жаўнера, учыненае мігрантам, які прарываўся празь мяжу зь беларускай тэрыторыі, стала яго кульмінацыяй. Да чаго можа прывесьці гэтая эскаляцыя?

Сьцісла:

  • Расея ў дачыненьнях з Захадам падвышае стаўкі. У афіцыйнага Менску няма самастойнай пазыцыі, ён выконвае расейскія ўстаноўкі.
  • Варшава падала сыгнал, што гатова зрабіць крок насустрач, каб трохі размарозіць сытуацыю ў беларуска-польскіх дачыненьнях.
  • У адказ Менск актывізаваў атакі мігрантаў. У выніку адной зь іх быў забіты польскі жаўнер.
  • Вынікам стала ўзьвядзеньне «жалезнай заслоны» з абодвух бакоў мяжы.


Мяркуючы па ўсім, курс на абвастрэньне ўзяў ня столькі афіцыйны Менск, колькі Масква. Пра гэта сьведчыць апошні выступ Уладзіміра Пуціна, які высунуў новыя ўмовы для пачатку мірных перамоваў: вывад украінскіх войскаў з Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей, нэўтральны статус Украіны, яе «дэмілітарызацыя» і «дэнацыфікацыя».

Фактычна прэзыдэнт Расеі агучыў ультыматум, паводле якога мір магчымы толькі пры ўмове поўнай капітуляцыі Ўкраіны і Захаду. І ніякіх кампрамісаў. То бок вырашыў даціснуць праціўніка. А Аляксандар Лукашэнка тут выконвае ролю памагатага. У гэтым канфлікце з Захадам у афіцыйнага Менску няма самастойнай пазыцыі, ён выконвае расейскія ўстаноўкі.

Адной з праяваў курсу на падвышэньне ставак сталі сумесныя трэніроўкі беларускіх і расейскіх вайскоўцаў па прымяненьні ядзернай зброі. Ім спадарожнічалі ваяўнічыя заявы афіцыйных асобаў. Напрыклад, 12 чэрвеня новы начальнік Генштабу Беларусі Павал Муравейка заявіў, што беларускія ўзброеныя сілы гатовыя да прымяненьня ядзернай зброі.

Але ўсімі гэтымі пагрозьлівымі заявамі напужаць Захад, суседнія краіны не атрымалася. Рэакцыя заходніх дзяржаў была даволі спакойная.

Адначасова зь беларускага боку пачалася новая хваля атак на суседзяў з дапамогай мігрантаў. Выкарыстоўваюцца тыя інструмэнты, якія ёсьць у арсэнале. Прычым гэтым разам, адрозна ад падобных атак 2021 году, выразна відаць роля Масквы. Пра гэта сьведчыць ня толькі аналягічная тактыка Расеі на мяжы зь Фінляндыяй. Польскія памежнікі, якія затрымліваюць незаконных мігрантаў, адзначаюць, што ў пашпартах большасьці зь іх ёсьць расейскія візы, то бок яны прыехалі сюды з Расеі.

Тым ня менш Варшава падала сыгнал, што гатовая зрабіць крок насустрач, каб трохі размарозіць сытуацыю ў беларуска-польскіх дачыненьнях. У канцы траўня прэм’ер-міністар Дональд Туск сказаў, што Польшча можа аднавіць працу пункту пропуску «Баброўнікі» (зь беларускага боку — «Бераставіца») на мяжы. Магчыма, Варшава чакала ад Менску нейкага, няхай нават сымбалічнага кроку ў адказ.

І Менск зрабіў свой ход. Але зусім не такі, якога чакала Варшава. Праз чатыры дні пасьля заявы Туска група мігрантаў напала на польскіх жаўнераў. Адзін зь іх быў паранены нажом і празь нейкі час памёр у шпіталі. Беларускі бок адмовіўся расьсьледаваць гэтую справу, выдаць забойцу. Забойства вайскоўца на мяжы — гэта чарговая чырвоная лінія, якую пераступіў беларускі бок у палітыцы эскаляцыі напружанасьці.

Варшава вымушаная рэагаваць на пагрозу сваёй бясьпецы. Галоўны кірунак — узьвядзеньне «жалезнай заслоны» на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй. Міністар замежных справаў РП Радослаў Сікорскі паведаміў, што адкрыцьцё пераходу на мяжы пакуль не плянуецца. Польскі ўрад абвясьціў пра стварэньне на мяжы «буфэрнай зоны», рэалізоўваецца праект «Усходні шчыт».

Усе гэтыя захады б’юць ня столькі па рэжыме Лукашэнкі, колькі па беларускім грамадзтве, якое ў сваёй большасьці не зацікаўленае ў стварэньні «жалезнай заслоны». У гэтым хутчэй зацікаўлены якраз рэжым. Але і польскую эліту зразумець можна. Калі на коне пытаньне нацыянальнай бясьпекі, то на вядзеньне тонкай гульні, каб аддзяляць беларускае грамадзтва ад улады, не хапае ні сілаў, ні часу, ні інструмэнтаў. У выніку гэтая «жалезная заслона» будуецца фактычна з абодвух бакоў. Узводзіцца новы «Бэрлінскі мур». Чэргі на мяжы растуць, беларусам выехаць у Эўропу становіцца ўсё цяжэй. Закрытая мяжа — адна з важных прыкметаў таталітарнай сыстэмы.

Мігранцкі крызіс 2021-2024. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG