Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве гадзіны на вышцы і 3000 эўра на суды. Як беларус амаль 4 гады дамагаецца міжнароднай абароны ў Літве


Ягор Міхалькевіч
Ягор Міхалькевіч

Ягор Міхалькевіч — той самы беларус, які залез на вышку ў Вільні зь бел-чырвона-белым сьцягам. У размове са Свабодай ён расказаў падрабязнасьці сваёй гісторыі.

«Паліцыя зьвярнула на мяне ўвагу толькі праз 2 гадзіны», — прыгадвае Ягор Міхалькевіч падзеі 17 чэрвеня, калі ён залез на вышку мабільнага апэратара ў Вільні. З сабой беларус узяў нацыянальны сьцяг. Такім чынам Ягор хацеў зьвярнуць увагу на праблему — з 2020 году ён просіць у Літве міжнародную абарону, але так пакуль яе і не атрымаў. Спачатку адмаўляе Дэпартамэнт міграцыі, пасьля суд становіцца на ягоны бок, пасьля зноў адмова.

Ягор кажа, што амаль 4 гады жыве як просьбіт статусу ўцекача. Гэта накладае шэраг абмежаваньняў. Напрыклад, нельга мець рахунак у банку, афіцыйна працаваць.

«Я прыехаў у жніўні 2020 году і адразу падаўся на мяжы на міжнародную абарону. Праз паўгода мне выдалі адмоўнае рашэньне, і я пачаў судзіцца. У першай інстанцыі прайграў. Пасьля была апэляцыя ў вышэйшы адміністрацыйны суд, я яго выйграў, справу вярнулі ў міграцыю на разгляд. І яны два гады маўчалі», — расказвае Ягор.

У Дэпартамэнце міграцыі Літвы, па ягоных словах, спасылаліся на занятасьць і прапаноўвалі рабіць працоўную візу. Потым была акцыя пратэсту пад будынкам міграцыйнай службы ад іншага беларуса, да якой Ягор далучыўся. Праз тры месяцы яму зноў адмовілі ў міжнароднай абароне і ён зноў пайшоў у суд.

«Першую інстанцыю я зноў прайграў, а па апэляцыі ў больш высокай інстанцыі выйграў. Аднак там была фармулёўка, што справу зноў вернуць у суд першай інстанцыі. І яго я зноў прайграў, неўзабаве будзе зноў апэляцыя ў судзе больш высокай інстанцыі», — тлумачыць Ягор.

Яшчэ раней беларус выйграў суд з Дэпартамэнтам міграцыі праз тое, што ён ня выканаў рашэньня адміністрацыйнага суду (дакумэнты аб судовых рашэньнях Міхалькевіч перадаў у рэдакцыю. — РС). Атрымаў кампэнсацыю ў 1100 эўра. Кажа, што толькі адвакат на гэтым працэсе каштаваў яму 1400 эўра. А агулам на суды, як сьцьвярджае Ягор, ён патраціў каля 3000 эўра.

Ягор Міхалькевіч
Ягор Міхалькевіч

Праца ў штабе Бабарыкі і ўцёкі зь Беларусі

Ягору 37 гадоў, ён са Сьветлагорску. Расказвае, што ў 2020 годзе актыўна ўключыўся ў выбарчую кампанію, стаў супрацоўнічаць са штабам Віктара Бабарыкі. Да гэтага працаваў сам на сябе як інжынэр тэхналягічных працэсаў. Па адукацыі ён праграміст.

«Я быў у камандзе Бабарыкі ў Сьветлагорску, дапамагаў зьбіраць подпісы. Потым раздавалі людзям маскі, ваду. Друкаваў матэрыялы. Калі Віктара пасадзілі і сталі граміць штаб, я перайшоў у каманду „Честных людей“. Мусіў быць сябрам выбарчай камісіі. Я панёс дакумэнты ў выканкам, і мяне затрымалі на суткі да высьвятленьня асобы», — прыгадвае Ягор.

Суразмоўца расказвае, што таксама ён друкаваў матэрыялы для стэндаў з кандыдатамі.

«Яшчэ не прайшлі выбары, і ўжо пачалі „вінціць“ людзей. Прыйшлі зь ператрусам да бацькоў, бо я друкаваў улёткі, іншыя матэрыялы. Стала зразумела, што можна атрымаць тэрмін. Я паехаў на мяжу з Эстоніяй праз Расею, але ФСБ вярнула мяне назад. Выбары я правёў у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня, агулам некалькі дзён. Потым мяне выпусьцілі пад абавязаньне зьявіцца ў суд у адміністрацыйнай справе», — кажа Ягор.

Пасьля яму на вочы трапіўся выступ літоўскай міністаркі ўнутраных спраў Агне Білатайце, якая выказвалася пра дапамогу палітычна актыўным беларусам са статусам уцекача. Таму вырашыў паехаць у Літву.

Ягор Міхалькевіч
Ягор Міхалькевіч

Спроба атрымаць прытулак у Эстоніі

У 2022 годзе Ягор працаваў наладчыкам абсталяваньня на ткацкім прадпрыемстве ў Вільні. Легальна атрымліваў заробак. Аднак тады, кажа суразмоўца, у Літве выйшаў закон, які абавязваў працадаўцаў выплочваць заробкі супрацоўнікам толькі на банкаўскую картку.

«На Новы год я паехаў да сябра ў Эстонію, сабраў усе дакумэнты і рэчы і пайшоў у паліцыю. Апісаў сытуацыю, што працаваць не магу. А там якраз быў мігранцкі крызіс, у месцах утрыманьня мігрантаў тварыўся жах. Паўгода я правёў у дэпартацыйным ізалятары. Пасьля мяне вярнулі ў Літву», — прыгадвае Ягор.

Умовы ўтрыманьня, кажа, былі кепскія. Зараз у Літве Ягор, паводле ягоных жа словаў, працуе нелегальна.

«Я не жыву ў жабрацтве, мне дапамагаюць людзі, я зарэкамэндаваў сябе добрым спэцыялістам», — кажа Ягор.

Пра Літву мужчына адгукаецца добра: зьявіліся знаёмыя, пачалі дапамагаць.

«Першыя два гады было складана, бо гэта такі паўлегальны стан. Пасьля зьявіліся знаёмыя, ацанілі як добрага спэцыяліста, стала лягчэй. Шмат чаго, вядома, упіраецца ў грошы, тады і адваката сабе можна дазволіць. За паўгода працы на прадпрыемстве я добра літоўскую мову пачаў разумець. Зараз жа ўжо страчваю навык», — кажа Ягор.

На вышку беларус залез, бо «іншыя спосабы ўжо не працавалі». Кажа, што наступстваў пакуль не было, бо ягоныя дзеяньні не прынесьлі ніякай шкоды.

«Я сам зьлез, сілай мяне не спускалі адтуль, паліцыя апытала», — кажа Ягор.

Пакуль ён ня вызначыўся дакладна, што будзе рабіць, калі суд ці міграцыя адмовяць чарговы раз.

У Дэпартамэнце міграцыі Літвы адмовіліся камэнтаваць гісторыю Ягора, спасылаючыся на заканадаўства аб абароне пэрсанальных зьвестак.

«Дэпартамэнт міграцыі не дае ніякай інфармацыі адносна юрыдычнага статусу і іншых асабістых зьвестак датычна грамадзян», — адзначылі ў ведамстве.

Там падкрэсьліваюць, што структура «заўсёды выконвае закон і судовыя рашэньні».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG