Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наш Быкаў». Сьвятлана Алексіевіч: «Урок Быкава — як зрабіць выбар у бок сьвятла і ніколі не саступіць»


Васіль Быкаў і паэтка Данута Бічэль. 1966 год
Васіль Быкаў і паэтка Данута Бічэль. 1966 год

У дзень стагодзьдзя з дня нараджэньня Васіля Быкава пра асобу і спадчыну народнага пісьменьніка разважае Сьвятлана Алексіевіч, нобэлеўская ляўрэатка ў галіне літаратуры.

2024-ы — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце Свабоды «Наш Быкаў» узгадваюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.

Я згадваю сваё студэнцтва — тады ва ўнівэрсытэце я ўпершыню пачула імя Быкава. У вёсцы, дзе я жыла і вучылася, пра Быкава ніхто не гаварыў. А калі я прыехала ў Менск, сталі выходзіць першыя аповесьці Быкава, і сярод студэнтаў ва ўнівэрсытэце ішлі спрэчкі, у інтэрнатах, на занятках. І ня толькі паміж сабой, але і з нашымі выкладчыкамі. Яны казалі, што ён здраднік, вораг, што гэта небясьпечныя кнігі, шкодныя, іх ня трэба чытаць.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Я вучылася на факультэце журналістыкі, і мы з маёй сяброўкай, Галяй Чарнянковай, вырашылі паехаць у Горадню на стажыроўку ў «Гродненской правде», дзе тады працаваў Быкаў, ён быў там літкансультантам. Нам хацелася яго пабачыць, нам здавалася, што мы таксама будзем шмат зь ім размаўляць. Але Васіль Уладзімеравіч, як мы ўсе, хто яго ведаў, ведаем, ня быў такім чалавекам, які шмат гаварыў.

Аднойчы ён прыйшоў — я ўпершыню бачыла яго такім узбуджаным — і сказаў, што да яго дзяцей у школу прыйшлі людзі з КДБ. Гэта было ўзрушэньнем. Яны казалі тое, што казалі нам выкладчыкі.

Было відаць, што ён насамрэч жыве там зусім у чужым асяродзьдзі. Я думаю, у яго там няшмат было сяброў. Але ў тым самым кабінэце, што і ён, працавала Суворава Ірына Міхайлаўна, журналістка, якая потым стала ягонай жонкай. Гэта была яму падтрымка. А так — ён быў вельмі самотны, мы гэта адчулі.

Што запомнілася — ён няшмат гаварыў, зусім няшмат, у яго была такая лагодная маладая ўсьмешка. Ён увогуле быў малады і прыгожы. Мы адразу з Галяй закахаліся ў яго. Заўсёды імкнуліся быць у газэце ў дзень ягонага прыходу ў рэдакцыю.

Памятаю, калі мы адʼяжджалі, купілі чамусьці букет жоўтых ружаў — ня памятаю, чаму жоўтых? — і прыйшлі, каб зь ім разьвітацца. Але яго не было, чамусьці ў той дзень ён не прыйшоў. Кветкі ўзяла Ірына Міхайлаўна і сказала: «Я абавязкова аддам, дзяўчаткі, не хвалюйцеся».

Мы казалі, што мы яго любім і каб яна ўсё гэта перадала. Яна весела, па-маладому сьмяялася.

Такі быў пачатак. Я засьпела час, калі ўсе гэтыя новыя ідэі, новы час зь цяжкасьцю прабіваліся. Такія словы, як абстрактны гуманізм, былі лаянкай. Яго называлі абстрактным гуманістам. Такія былі першыя ўрокі дэмакратыі.

Зьлева направа: Міхал Дубянецкі, Алесь Адамовіч, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў і Ніл Гілевіч у Менску. 1966 год. Фота Ўладзімера Крука
Зьлева направа: Міхал Дубянецкі, Алесь Адамовіч, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў і Ніл Гілевіч у Менску. 1966 год. Фота Ўладзімера Крука

Я думаю, насамрэч усе творы Быкава актуальныя. Можа, хіба «Альпійская баляда», яна такая рамантычная… А так — усе творы актуальныя, бо гэта заўсёды чалавек, які стаіць перад выбарам: быць чалавекам або ня быць чалавекам.

Дзеля таго каб застацца чалавекам, трэба заплаціць вельмі вялікую цану. І не заўсёды толькі сваім жыцьцём. Даводзіцца ахвяраваць іншымі людзьмі. Як у «Сотнікаву» сялянка са сваімі дзецьмі, «Круглянскі мост» — дзіця, якое пасылаюць на заданьне дарослыя людзі. І паўстае пытаньне — ці можна дзеля перамогі ахвяраваць дзіцем?

Па-мойму, сёньня гэта вельмі сучасна, вельмі актуальна, бо зноў — выбар. Мы зноў апынуліся ў часе, дзе зноў — гэтая праблема выбару.

Я ведала ўсіх буйных пісьменьнікаў, хто тады пісаў пра вайну. І Астаф’ева, і Кандрацьева. І я магу сказаць, што я бачыла, як цяжка даецца праўда. І якая гэта нялёгкая барацьба. Кандрацьеў, напрыклад, — цудоўны пісьменьнік, ён пакончыў з сабой. І яны нейкія ўсе, я памятаю, нешта юнацкае ў іх было, у Кандрацьева, у Быкава. Кандрацьеў ня вытрымаў.

А Быкаў — гэта заўсёды загадка, што за сіла ў чалавеку. Як можна ўсё гэта вытрымаць. Апынуцца ў пастцы трох фашызмаў — фашызм сталінскі, потым фашызм гітлераўскі, а потым фашызм, які пачынаўся і які сёньня называюць «пуцінізм».

Гэта нават не загадка, а хутчэй урок. Урок Быкава — як выстаяць, як увогуле не саступіць. Зрабіць выбар у бок сьвятла і ніколі не саступіць. Хоць гэта вельмі цяжка. І мы з вамі жывём сёньня ў такім самым часе.

Я думаю, ідуць такія самыя спрэчкі ў інтэрнатах, як у нас, пра шмат якіх пісьменьнікаў, якіх выкідаюць з праграмы, з выдавецкіх сьпісаў. І ўсё паўтараецца. Наша гісторыя ніяк ня можа — бо яна народжаная культурай гвалту — яна ніяк ня можа выскачыць з кола гвалту. І тады, і цяпер гэта мела ясную назву: фашызм.

Паводле выступу Сьвятланы Алексіевіч, падрыхтаванага для канфэрэнцыі «Быкаў 100». Прага, 19 чэрвеня 2024 г.

У праекце Свабоды «Наш Быкаў» чытайце:

Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце

Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».

Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.

«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)

Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».

«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск

Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода

«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу

Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.

XS
SM
MD
LG