Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік АПК Кавалеўскі абмеркаваў у Кангрэсе ЗША дэталі новага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі


Кангрэс ЗША
Кангрэс ЗША

Чакаецца, што новы АКТ аб дэмакратыі ў Беларусі могуць прыняць да канца 2024 году.

Новая вэрсія Акту аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі ставіць на мэце чацьвёрты раз аднавіць дзеяньне Акту ад 2004 году з улікам злачыннага ўдзелу рэжыму Беларусі ў несправакаваным уварваньні Пуціна ва Ўкраіну, гандлі ўкраінскімі дзецьмі і адкрыцьці беларускай тэрыторыі для расейскіх ваенных апэрацый, піша Прадстаўніцтва замежных справаў Аб’яднанага пераходнага кабінэту.

«Кангрэс ЗША зьяўляецца адным з найбольш пасьлядоўных саюзьнікаў дэмакратычнай Беларусі. Актуалізаваная вэрсія Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, якую пяты раз распрацаваў кангрэсмэн Крыс Сьміт, даказвае, наколькі шчыльна сочаць амэрыканскія заканадаўцы за сытуацыяй у Беларусі і прапануюць ураду ЗША практычныя захады. Варта дадаць, што ў Сэнат таксама ўнесены падобны законапраект. Чакаецца, што Кангрэс прыме гэты закон да канца году», — заявіў намесьнік кіраўніцы АПК, прадстаўнік у замежных справах Валер Кавалеўскі, які зараз знаходзіцца ў працоўнай паездцы ў Вашынгтоне, праводзіць сустрэчы ў Дзярждэпартамэнце, Белым Доме, Кангрэсе ЗША.

Кавалеўскі ў Вашынгтоне абмяркоўвае таксама візавыя пытаньні і дапамогу грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Паводле Кавалеўскага, адна з практычных мэтаў новага акту — пашырыць сьпіс беларускіх уладаў, у дачыненьні якіх могуць увесьці санкцыі ЗША, за межы вышэйшага кіраўніцтва краіны і службаў бясьпекі, уключыўшы ў яго асоб, непасрэдна адказных за выкраданьне ўкраінскіх дзяцей, супрацоўніцтва з Расеяй у несправакаваным уварваньні ва Ўкраіну і расейскую мілітарызацыю беларускай тэрыторыі.

Вядома, што суаўтарамі праекту закона зьяўляюцца чальцы Кокусу па Беларусі Біл Кітынг, Масі Каптур, Джо Ўілсан, а таксама старшыня падкамітэту па Эўропе Том Кейн.

Кавалеўскі назваў самае важнае з новай вэрсіі Акту:

  • адмовіцца прызнаць Лукашэнку законна абраным лідэрам Беларусі;
  • працягваць заклікаць да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі;
  • адмовіцца прызнаваць любое ўключэньне Беларусі ў так званую «саюзную дзяржаву», якая знаходзіцца пад кантролем Расеі;
  • дазволіць дапамогу ЗША ў прасоўваньні дэмакратыі, правоў чалавека, вяршэнства закону і сувэрэнітэту ў Беларусі.


Акрамя таго, праект Акту вымагае ад Дзяржсакратара ЗША даць справаздачу перад Кангрэсам аб злачынствах, зьдзейсьненых рэжымам Лукашэнкі ў падтрымку расейскай ваеннай агрэсіі.

Акт аб дэмакратыі быў прыняты ў 2004 годзе і абнаўляўся ў 2006, 2011, 2020 гадах. Ён стаў дэманстрацыяй пасьлядоўнай падтрымкі з боку ЗША незалежнай, сувэрэннай, дэмакратычнай Беларусі.

Як разьвіваліся адносіны Беларусі і ЗША. Галоўнае

  • ЗША прызналі Беларусь у 1992 годзе.
  • У 1994 годзе ЗША, разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй, падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі для Беларусі ў абмен на перадачу Беларусьсю ядзерных узбраеньняў Расеі.
  • Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан быў зь візытам у Беларусі ў 1994 годзе, падчас візыту ён наведваў Курапаты.

  • Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у ЗША.
  • Таваразварот гандлю паміж Беларусьсю і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў.
  • Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што без ЗША канфлікт ва Ўкраіне ня можа быць вырашаны.
  • У 2016 годзе кіраўнік Беларусі заяўляў, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп.
Error rendering VK.

  • У 2010-я гады Беларусь была адным са шляхоў невайсковага транзыту грузаў для амэрыканскай вайсковай групоўкі ў Аўганістане.
  • У ЗША ў 2004 годзе быў прыняты закон «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», які абмяжоўвае гандаль паміж дзьвюма краінамі і забараняе ўраду ЗША галасаваць у міжнародных фінансавых арганізацыях за выдзяленьне Беларусі крэдытаў.
  • З 2006 году адносна беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць амэрыканскія візавыя санкцыі.
  • У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім».
  • У 2008 годзе Менск запатрабаваў ад‘езду з краіны пасла ЗША Карэн Ст’юарт.
  • Адначасова штат амбасады быў скарочаны з 35 супрацоўнікаў да пяці.
    З таго часу і дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.

11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю

  • У 2015 годзе ЗША віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і высілкі Менску па спрыяньні ўрэгуляваньню канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
  • У 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый адносна Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода.
  • У 2019 годзе Менск і Вашынгтон дамовіліся аднавіць паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG