Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гішпанскія дасьледчыкі выявілі дзясяткі выпадкаў пацучынага гепатыту ў людзей


Дасьледчыкі з гішпанскай Кордабы выявілі ў Гішпаніі дзясяткі пацыентаў з новай і загадкавай хваробай, пацучыным гепатытам Е, паведамляе выданьне El Pais.

Гэта самая вялікая сэрыя зафіксаваных у сьвеце выпадкаў хваробы, упершыню выяўленай у Ганконгу ў 2018 годзе. Вірус Rocahepevirus ratti virus (RHEV) па-ранейшаму мала дасьледаваны. Вядома, што каля траціны пацукоў, якія жывуць у гішпанскіх гарадах, зьяўляюцца носьбітамі ўзбуджальніка, але дакладнага ўяўленьня пра тое, як ён перадаецца чалавеку, няма. Сапраўдная частата таксама невядомая, хоць першыя дасьледаваньні паказваюць, што кожны год у Гішпаніі здараецца больш за сто выпадкаў.

Пакуль няма прыкметаў таго, што ў бліжэйшыя гады колькасьць хворых будзе расьці, кажуць навукоўцы.

Дасьледаваньне новай хваробы прадставілі на нядаўнім кангрэсе Эўрапейскага таварыства клінічнай мікрабіялёгіі і інфэкцыйных хвароб (ESCMID Global), які прайшоў у Барсэлёне. Цяпер мае прайсьці агульнаэўрапейскае дасьледаваньне, у якім возьмуць удзел шпіталі і дасьледчыя цэнтры зь Вялікай Брытаніі, Швэцыі, Італіі, Вугоршчыны, Румыніі і Турэччыны, каб даведацца частату захворваньня ў гэтых краінах.

Гепатыт — адна зь вірусных інфэкцый, якія выклікаюць запаленьне ў пячонцы. Самыя важныя зь іх былі названыя лацінскімі літарамі ад А да Е. Гепатыты B, C і D, як правіла, пераходзяць у хранічныя і больш цяжкія формы са значнай сьмяротнасьцю (хоць для C існуе эфэктыўнае лячэньне). A і E, наадварот, экспэрты лічаць мякчэйшымі. Яны могуць выклікаць вострыя сымптомы, але звычайна імунная сыстэма здольная пераадолець іх за некалькі тыдняў, за выключэньнем людзей з імунадэпрэсіяй. Сьмяротнасьць ад іх таксама значна ніжэйшая. У гэтым сэнсе, «з таго, што мы ведаем да гэтага часу, інфэкцыі Rocahepevirus ratti (RHEV) падобныя да інфэкцыі гепатыту Е», — кажа Фэдэрыка Гарсія, кіраўнік службы мікрабіялёгіі шпіталя Сан-Сэсіліё (Гранада), прэзыдэнт гішпанскага Таварыства інфэкцыйных хвароб і клінічнай мікрабіялёгіі.

Упершыню гэты вірус быў выяўлены ў Нямеччыне ў 2010 годзе. Першапачаткова лічылася, што людзей ён заражаць ня можа. Гэта зьмянілася ў 2018 годзе, калі дасьледчыкі ў Ганконгу выявілі першы выпадак у пацыента, якому перасадзілі пячонку, а потым яшчэ больш за дзясятак чалавек у Ганконгу атрымалі такі дыягназ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG