Адразу некалькі чалавек падзяліліся са Свабодай праблемай з продажам валюты ў Беларусі ў абменьніках. Адзін з суразмоўцаў кажа, што купюру наміналам у 100 даляраў ня сталі браць адразу ў некалькіх банках. У адным на ёй убачылі пляму, у другім сказалі, што гэта грашовая цьвіль і яе ня возьмуць. Здаць купюру праз аўтаматычны тэрмінал абмену таксама не ўдалося.
У іншым выпадку ў чалавека адмовіліся прымаць купюру наміналам 20 даляраў. Аднак яе лёгка ўдалося абмяняць у іншай краіне. Прычына адмовы тая ж — грашовая цьвіль.
Яшчэ ў адным выпадку грошы не ўзялі ў беларускім абменьніку за штампы на іх. Пакуль праблема ня носіць масавага характару, гэта хутчэй адзінкавыя выпадкі, што пацьвярджаецца і статыстыкай Нацбанку. За студзень—сакавік фізычныя асобы больш прадавалі валюты, чым куплялі.
Чаму ўзьнікаюць праблемы
Зь лютага гэтага году беларускія банкі ўвялі адзіныя правілы абмену валюты. У іх прапісаны выпадкі, калі купюру могуць ня ўзяць за нейкія хібы. Беларускія банкі прымаюць замежныя купюры з адным надрывам ці надрэзам даўжынёй да 10 мілімэтраў.
На банкноце можа быць ня больш за 4 адтуліны (праколы) дыямэтрам да 1 мілімэтра. Ёсьць і абмежаваньне наконт праверкі банкноты ва ўльтрафіялетавых промнях. Калі на банкноце ва ўльтрафіялеце бачная пляма, то яна мусіць быць ня большай за квадрат, у якога адзін бок займае 30 мілімэтраў (ці тры квадраты з адным бокам да 10 мілімэтраў).
Ня можа быць парушаная структура паперы, банкнота не павінна крышыцца і рассыпацца. Абмежаваньні ня тычацца расейскіх рублёў. З 1 лютага «Прыёрбанк» таксама ўвёў абмежаваньні: цяпер у тэрміналах гэтага банку нельга абмяняць купюры ў 100 даляраў на рублі. Гэты банк быў адным зь нешматлікіх, у каго такая магчымасьць была.
«Банкам ня выгадныя даляры»
Экспэрт дасьледчага цэнтру Beroc Анатоль Харытончык зважае на тое, што многія беларускія банкі трапілі пад санкцыі і цяпер ім ня вельмі выгадна мець справу з замежнай валютай.
«Многія банкі знаходзяцца пад санкцыямі, даляравыя разьлікі для іх ускладненыя, для іх няма асаблівага стымулу мець пасіўную валюту (даляры і эўра). Ім трэба недзе гэта разьмяшчаць, а попыт на валютныя крэдыты таксама зьнізіўся. Натуральна, што яны імкнуцца зьніжаць колькасьць валютных апэрацый. Таксама праз санкцыі банкам стала складана пазбавіцца ад старых купюр», — расказвае Анатоль Харытончык.
ЗША ўвялі санкцыі і абмежаваньні для шэрагу беларускіх банкаў пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Пад санкцыі трапілі Нацыянальны банк, «Беларусбанк», «Альфа Банк», Банк «Дабрабыт», «БелВЭБ», «Белінвэстбанк», «ВТБ-Беларусь», «Сбер Банк», «Белаграпрамбанк», «Банк разьвіцьця». Абмежаваньня тым ці іншым чынам закранулі і іншыя банкі.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.
Форум