Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінец прыплыў па Дняпры на матрацы ў Беларусь. «Транспартны сродак» сканфіскавалі


Мяжа між Беларусьсю і Ўкраінаю праходзіць па фарватэры Дняпра. Пасёлак Любэч Чарнігаўскага раёну. Архіўнае фота
Мяжа між Беларусьсю і Ўкраінаю праходзіць па фарватэры Дняпра. Пасёлак Любэч Чарнігаўскага раёну. Архіўнае фота

Парушальніка затрымалі 17 сакавіка, а асудзілі 4 красавіка. Ён на суд не прыйшоў.

Зьвесткі пра здарэньне зьявіліся ў базе судовых рашэньняў. Справу разглядаў суд Цэнтральнага раёну Гомля.

Як вынікае з пастановы, апублікаванай на Нацыянальным парвавым інтэрнэт-партале Беларусі, суд разглядаў справу 4 красавіка. Пратакол аб парушэньні паводле артыкулу 15.1 КаАП («Перамяшчэньне тавараў праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага зьвязу») на грамадзяніна Ўкраіны склала Гомельская мытня.

Згодна з дакумэнтам, раніцай 17 сакавіка грамадзянін Украіны, «накіроўваючыся на надзіманым матрацы „Intex“ па рэчышчы Дняпра ў кірунку з Украіны ў Беларусь, прыкладна за 3200 мэтраў на ўсход ад населенага пункту Б. Брагінскага раёну ў парушэньне заканадаўства перамясьціў тавар, вышэйзгаданы надзіманы матрац цаной 25 рублёў праз мытную мяжу ЭЭЗ».

Суд указаў, што парушальніку паведамілі пра месца і час судовага разгляду «належным чынам». Але ён у суд не прыйшоў.

Украінца пакаралі штрафам у памеры 10 базавых велічынь (400 рублёў) і сканфіскавалі матрац, кошт якога вызначылі ў 25 рублёў. Пра далейшы лёс грамадзяніна Ўкраіны нічога не паведамляюць.

Згодна зь беларускім заканадаўствам, грамадзянін Украіны можа абскардзіць пастанову суду ў Гомельскім абласным судзе цягам 10 дзён пасьля атрыманьня яе копіі.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG