Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць куляў з «Макарава». Новыя дэталі забойства расейскага пілёта ў Гішпаніі


Машына, на якой, як мяркуецца, нападнікі прыехалі на месца злачынства і якую спалілі пасьля забойства Кузьмінава
Машына, на якой, як мяркуецца, нападнікі прыехалі на месца злачынства і якую спалілі пасьля забойства Кузьмінава

У расейскага пілёта Максіма Кузьмінава, які ўлетку 2023 году пераляцеў на ваенным верталёце ва Ўкраіну, жыў пасьля гэтага пад чужым імем у Гішпаніі і ў лютым быў забіты невядомымі, былі выпушчаны шэсьць куляў. Пасьля гэтага яго пераехалі аўтамабілем.

Пра гэта ў нядзелю ў вялікім матэрыяле, прысьвечаным гісторыі Кузьмінава і яго гібелі, піша амэрыканскае выданьне The New York Times са спасылкай на свае крыніцы.

Суразмоўцы The New York Times у гішпанскай паліцыі адзначаюць, што на месцы забойства Кузьмінава знойдзеныя гільзы ад пісталета Макарава. Раней пра зброю, зь якой ён быў застрэлены, не паведамлялася.

Напад на Кузьмінава адбыўся на падземнай паркоўцы ў доме, дзе ён жыў. Нападнікаў было двое. Нягледзячы на тое, што ў яго трапілі шэсьць разоў, Кузьмінаў змог прабегчы на невялікую адлегласьць, але ўпаў. Верагодна, ужо мёртвага яго пераехалі аўтамабілем.

Нападнікаў зафіксавала камэра назіраньня, усталяваная на паркоўцы, аднак паведамляецца што ідэнтыфікаваць іх не ўдалося — яны былі ў капюшонах. Аўтамабіль, на якім яны прыехалі на месца злачынства, раней быў сагнаны, а пасьля забойства — спалены.

Цела забітага знайшлі 13 лютага ў агульным гаражы ў горадзе Вільяхояс у правінцыі Алікантэ на паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы Гішпаніі. У забітага быў знойдзены ўкраінскі пашпарт на імя Ігара Шаўчэнкі. Гішпанскія ўлады афіцыйна асобу забітага не раскрывалі, але крыніцы El País у паліцыі Алікантэ пацьвярджаюць, што гэта быў Кузьмінаў. Яго гібель пацьвердзілі таксама ў Галоўным упраўленьні выведкі Ўкраіны, а ўскосна — і расейскія ўлады. Першымі пра тое, што забіты быў менавіта былы расейскі лётчык, паведамілі прарасейскія крыніцы.

Па словах высокапастаўленых гішпанскіх паліцыянтаў, якіх цытуе The New York Times, у забойства Кузьмінава ёсьць падабенства з забойствам Зелімхана Хангашвілі ў Бэрліне ў 2019 годзе, якое, як мяркуецца, учыніў супрацоўнік ГРУ, а таксама са спробай атручваньня былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля ў брытанскім Солсбэры.

The New York Times адзначае, што прамых доказаў удзелу ў забойстве расейскіх уладаў пакуль знайсьці не ўдалося, хаця газета El País і пісала раней, што ў спэцслужбах Гішпаніі не сумняваюцца ў «расейскім сьледзе».

The New York Times таксама пацьвярджае ранейшую вэрсію, што «фатальнай памылкай» Кузьмінава стала тое, што ён запрасіў прыехаць у Гішпанію сваю былую дзяўчыну, якая заставалася ў Расеі. Неасьцярожнасьць магла прывесьці да таго, што яго адсачылі.

Кузьмінаў — капітан расейскай арміі, выпускнік Сызранскай авіяцыйнай вучэльні. 28-гадовы вайсковец, паводле ўласных сьцьвярджэньняў, выступаў супраць вайны ва Ўкраіне і зьвязаўся з украінскімі спэцслужбамі. 9 жніўня ён пераляцеў на падкантрольную ўладам тэрыторыю Ўкраіны на верталёце, які перавозіў запчасткі для зьнішчальніка. Разам зь ім на борце знаходзіліся 35-гадовы штурман Хушбахт Турсунаў і 28-гадовы тэхнік Мікіта Кір’янаў. Яны ня ўдзельнічалі ў уцёках і былі забітыя, як сьцьвярджаецца, пры спробе бегчы на расейскую тэрыторыю.

У сюжэце расейскага дзяржаўнага тэлеканалу «Россия 1» карэспандэнт Сяргей Зенін сьцьвярджаў, што афіцэры спэцназу Міністэрства абароны Расеі атрымалі загад аб забойстве Кузьмінава. Адзін зь іх сьцьвярджаў, што лётчыка знойдуць і пакараюць «па ўсёй строгасьці закону нашай дзяржавы за здраду», а другі дадаў, што Кузьмінаў «да суду не дажыве». Шэраг высокапастаўленых расейскіх прадстаўнікоў выказаў задавальненьне забойствам Кузьмінава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG