Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​«Ніхто ня верыў, што мы застанёмся жывымі». Беларускі добраахвотнік Дзяніс «Кіт» расказаў пра пекла пад Бучай


Буча (Кіеўская вобласьць) пасьля цяжкіх баёў, сакавік 2022
Буча (Кіеўская вобласьць) пасьля цяжкіх баёў, сакавік 2022

У баі, дзе сьмяротна паранілі Ільлю «Літвіна» Хрэнава, удзельнічалі яшчэ некалькі беларускіх добраахвотнікаў. Адзін зь іх атрымаў раненьне, яму ампутавалі нагу, сёньня ягонаму жыцьцю ўжо нічога не пагражае.

26-гадовы беларус Дзяніс «Кіт» прайшоў гэтае выпрабаваньне ад пачатку і да канца. Ён кажа, што шанцы не загінуць былі 1 да 100, але больш за дзесяць байцоў змаглі выйсьці з акружэньня праціўніка.

Пра тое, што ж сапраўды адбывалася пад Бучай 3 сакавіка, як загінуў Ільля «Літвін», а таксама пра ўспрыняцьце сьмерці Дзяніс «Кіт» расказаў Свабодзе.

«Пазыўны ад марской жывёлы, а не ад катА»

«Мой пазыўны — Кіт. Гэта ад марской жывёлы, а не ад ката (па-ўкраінску „кот“ — „кіт“. — Заўв. рэд). Мне падабаюцца вялізныя, спакойныя кіты, а мой любімы колер — сіні, так склалася», — пачынае хлопец свой аповед.

Дзяніс і Ільля вучыліся разам у Аўтамэханічным каледжы ў Менску, сябравалі. «Літвін» першым перабраўся ва Ўкраіну, а празь нейкі час да яго далучыўся і «Кіт». Разам служылі ў палку «Азоў», потым там жа былі інструктарамі. Удзельнічалі ў баях за Марыінку.

«Кіт» і «Літвін» перад выездам на заданьне у Бучу.
«Кіт» і «Літвін» перад выездам на заданьне у Бучу.

«Яшчэ да пачатку вайны мы з хлопцамі выдатна разумелі, да чаго ўсё ідзе, за некалькі дзён да агрэсіі абдумвалі варыянты, куды можна далучыцца. Зразумела, галоўным варыянтам быў „Азоў“, бо нас там шмат хто ведаў, а яшчэ гэта адзін з найбольш баяздольных палкоў».

«Літвін» і «Кіт» на правах больш дасьведчаных байцоў удзельнічалі ў стварэньні беларускай роты «Азова», але толькі гэтым іхныя абавязкі не абмяжоўваліся. Абодва беларусы ўвайшлі ў выведную роту «Азову», у першую штурмавую групу.

«Фактычна мы праводзілі выведку боем», — кажа «Кіт». Групу закінулі на апэрацыю ў Бучу Кіеўскай вобласьці, дзе ішлі жорсткія баі з расейскай арміяй.

«Наша група адправілася туды пешшу, дайшлі да Ворзеля. Задачай было замацавацца на трасе і трымаць абарону, калі праціўнік павядзе зброю каля нас, каб акружаць Бучу. На той момант УСУ давалі ім там фаеру, таму расейцы перакідвалі сілы», — расказвае Дзяніс.

Villa San Marino

У выніку так і атрымалася, што сілы расейскай арміі паехалі якраз той дарогай, дзе знаходзілася рота «Азова», расказвае суразмоўца.

«Пра наша знаходжаньне там ня ведаў ніхто, бо мы прыйшлі пешшу, бяз тэхнікі, безь нічога. Той кантакт, які адбыўся, быў абсалютна нечаканым для праціўніка. Але і мы чакалі, што будзе максымум 10-20 адзінак тэхнікі, магчыма, з такімі сіламі мы б справіліся. Ужо ў шпіталі ад аднаго з камандзіраў я дазнаўся, што пасьля таго, як мы спалілі некалькі адзінак тэхнікі і далі першы бой, высьветлілася, што яны падцягнулі асноўную калёну — 70 адзінак», — кажа Кіт.

«Літвін» і «Кіт» на базе «Азова»
«Літвін» і «Кіт» на базе «Азова»

Ён гаворыць, што ня трэба быць вайскоўцам, каб зразумець, наколькі нераўназначныя сілы былі ў праціўнікаў: трыццаць пехацінцаў супраць сямідзесяці танкаў, БТРаў, артылерыі. Калі паўстаў выбар, адступаць ці прымаць бой, быў улічаны той фактар, што шляхі адступленьня праходзілі празь месцы, якія проста абстрэльваліся тэхнікай суперніка. Група прыняла рашэньне трымаць абарону, а для гэтага замацавалася ў сьценах гатэлю Villa San Marino.

На сайце гатэлю напісана: «Знаходзячыся ў Villa San Marino, можна зь лёгкасьцю зьняць стрэс, расслабіцца, дасягнуць душэўнага камфорту і раўнавагі. Сваім гасьцям гатэльны комплекс дае магчымасьць аддацца моднай інтэлектуальнай гульні ў більярд і цалкам абстрагавацца ад паўсядзённых клопатаў. Па завяршэньні партыі ў більярд можна адпачыць за келіхам віна і натхніцца на новую гульню».

«Цяпер ад гатэлю засталіся адны руіны», — кажа «Кіт». — Калі мы там замацаваліся, то праціўнікі адкрывалі артабстрэл па нас, яны бамбілі з танкаў, з артылерыі, білі прыцэльна. Пасьля ўдару артылерыі мы зайшлі ў будынкі. Яны, шчыра кажучы, зусім кардонныя — прабіваюцца чым заўгодна. Але кухня, дзе мы трымалі абарону, выстаяла«.

«Я бегаў паўсюль з крыкам: «Літвін, Літвін!»

«Кіт» кажа, што ўжо пасьля першага абстрэлу сярод іх было многа «трохсотых». Так на ваенным жаргоне называюць параненых салдатаў, якіх неабходна вывезьці зь месца баявых дзеяньняў. Сярод параненых быў і адзін беларус, якому пасьля ампутавалі нагу.

«Пасьля першых „трохсотых“ я бегаў паўсюль з крыкамі „Літвін, Літвін!“. Ніхто яго ня бачыў, ніхто не адгукаўся. Я ня мог проста так кінуць яго, мы ваявалі разам, ён як брат мне. На той момант я разумеў, што існуе два варыянты — ці ён ужо „двухсоты“, ці „трохсоты“, але галоўнае было яго знайсьці».

Ільля «Літвін» Хрэнаў
Ільля «Літвін» Хрэнаў

Хлопец расказвае, што яны ўсе перайшлі ў галоўны будынак гатэльнага комплексу, другі паверх якога на той момант ужо гарэў пасьля абстрэлу.

«Я забег у агонь, дыхаць не магу, крычу, ніхто не адгукаецца. Выбягаю на двор і бачу, што „Літвін“ ляжыць проста ля ўваходу. Цела было досыць цэлым, яго не разарвала, але ўжо быў бледны. Папрасіў хлопцаў дапамагчы адцягнуць яго ў больш зручнае месца, каб чакаць эвакуацыйную групу. Я спадзяваўся, што зможам забраць усе целы».

Пасьля камандзіры прынялі рашэньне выклікаць транспарт, каб забраць параненых, дастаткова хутка прыехалі мікрааўтобусы, успамінае відавочца.

«Мы загрузілі „трохсотых“. Тыя, хто застаўся, у тым ліку я, сталі чакаць другой эвакуацыйнай брыгады на „брані“. Хлопец з пазыўным „Маўглі“, далей ён стане адным з камандуючых, папрасіў мяне, каб я сядзеў у адным з домікам комплексу і вызіраў транспарт, які будзе нас забіраць.

У выніку я пачуў гул, сяджу радасны, але празь нейкі час зразумеў, што гул з таго месца, дзе завязаўся бой, і ён усё бліжэй і бліжэй. Я паварочваю галаву і бачу зялёныя БМП-2 зь літарай V на борце. Я разумею, хто гэта, зрываюся, крычу, што нас акружаюць. Пасьля гэтага пачынаецца другая фаза абстрэлу».

«Адзін з салдатаў крычаў: «Дабіце мяне!»

Дзяніс расказвае, што эвакуацыйныя машыны сапраўды пад’ехалі да гатэлю, але не змаглі забраць байцоў, бо на той момант яны былі ў акружэньні тэхнікі праціўніка.

«Мы не маглі ніяк выбегчы, і яны, натуральна, зьехалі. Было разуменьне, што ўсё, нам трэба даваць бой; вораг таксама разумеў, што мы жывыя. Умацавалі сэктары, унутры быў нейкі бар, дзе мы ўзялі абарону. Разумелі, што задачай было датрываць да цемры і спадзявацца на кантакты з УСУ.

Праціўнік прыняў рашэньне страляць усім цяжкім — танкамі, РПГ, БТР, артылерыяй. Будынак максымальна склаўся, а потым пачалася зачыстка. Яны закінулі пяхоту да нас. Мы разабралі сэктары і чакалі».

Дзяніс «Кіт» (фота Антося Цялежнікава)
Дзяніс «Кіт» (фота Антося Цялежнікава)

«Кіт» кажа, што доўга не стралялі ў тых, хто зьявіўся ў будынку, аж да таго моманту, пакуль не атрымалася разглядзець расейскія апазнавальныя знакі на форме. Спачатку праціўнікі спрабавалі зайсьці ў кухню гатэля праз асноўны ўваход, а потым з тылу, і абедзьве спробы былі адбітыя.

«Мне нават давялося пачуць, як адзін з расейскіх салдатаў крычаў: „Дабіце мяне!“. Калі ў нас быў першы шчыльны кантакт і нас спрабавалі застрэліць з усіх бакоў, то адзін мой знаёмы стаў каля ўваходу, разумеючы, што зараз пабягуць праціўнікі. Калі адзін з нападнікаў пабег са ствалом, то пабрацім узяў ствол у адну руку, а ў другой трымаў нож, якім забіў суперніка. Калі мы далі бой і паклалі двух там, двух там, яны крыху адступілі і прымянялі лягічную тактыку: адвялі тэхніку і сталі бамбіць — зноў танкі, зноў РПГ. Спробаў „выкурыць“ менавіта пяхотай больш не было. У гэты момант мы аказвалі ўсялякую дапамогу ўсім „трохсотым“, і трымалі сэктары колам».

«Я выклікаў артабстрэл на нас»

Беларускі добраахвотнік не разумее па сёньня, як ім атрымалася выжыць у гэтым пекле.

«Камандзір аддаў загад, каб не было ніякага гуку, трываем да цемры, а там будзем рухацца. Выжывем — выдатна, паспрабуем уратавацца празь цемру, ня выжывем — рады быў знаёмству, усе малайцы. „Маўглі“ сказаў, што наладзіў сувязь з артылерыяй і выклікае абстрэл па нас. Мы кажам, натуральна, няхай б’юць па нас, бо расейцы могуць аб...рацца — гэта адзіны шанец іх спалохаць. Гэтая фраза магла быць ня менш эпічнай за „Русский корабль, иди...“, калі „Маўглі“ выйшаў і сказаў: „Я выклікаў артабстрэл на нас“. Мы ні сэкунды не вагаліся. Больш за тое, кожны радаваўся такой магчымасьці».

Беларускія добраахвотнікі «Азова». На пярэднім пляне Дзяніс «Кіт».
Беларускія добраахвотнікі «Азова». На пярэднім пляне Дзяніс «Кіт».

«Кіт» працягвае, што першы абстрэл мясцовасьці ўкраінскай артылерыяй прымусіў нейкую частку тэхнікі праціўніка адысьці ад гатэлю.

«Мы былі зьдзіўленыя, што выжылі. Гэтая кухня павінна стаць мэмарыялам; невытлумачальна, колькі яна вытрымала. Я нагадваю, што ўвесь час гарэў другі паверх, мы не разумелі, дзе менавіта полымя. Калі высоўваліся групай, то полымя падыходзіла да першага паверху. Мы своечасова вырашылі рухацца, бо рана ці позна нас бы выціснула адтуль агнём».

Байцам, паводле Дзяніса, удалося зьвязацца з войскамі, якія маглі іх выцягнуць у бясьпечнае месца — ім назвалі пункт, дзе будзе чакаць аўтобус.

«Тая дарога ўжо належала праціўніку: стаяла тэхніка, нехта прасочваў мясцовасьць. Мы прынялі рашэньне, што спачатку ідуць тыя, у каго ёсьць прыбор начнога бачаньня, каб праверыць шлях. Потым яны вяртаюцца — чакаем іхнага аналізу і шанцаў, ці зможам мы выжыць.

Калі яны вярнуліся, то прапанавалі яшчэ раз выклікаць артылерыю на нас; чакаем рэакцыі, а пасьля рухаемся. Гэта ўжо была глыбокая ноч. Артылерыя працуе, снарады прызямляюцца куды трэба, але гуку тэхнікі і пяхоты няма. Мы разумеем, што гэта наш шанец».

«Крычу, што я «трыста»

Яшчэ да выхаду з гатэльнага комплексу Дзяніс «Кіт» атрымаў раненьне рукі.

«Гэта быў адзін з стрэлаў ці танка, ці РПГ, калі я трымаў сэктар. Да таго я ня ведаю, якім цудам у мяне нічога не пацэліла. У адзін момант мы з хлопцамі сьціснуліся ў кучу і бачылі, як над намі пралятаюць „трасэры“ (трасэрныя кулі). Я ў нейкі момант разумею, што ў мяне ля галавы круціцца „трасэр“; я нават не разумеў, ці я паранены, ці не. Усё ў пыле, крыві».

Гэта было, калі група знаходзілася яшчэ за барнай стойкай, раненьне ж было атрымана ўжо на кухні.

«Я лічыў, што знаходжуся ў параўнальнай бясьпецы, бо стаю за керамічнай сьценкай і пару выбухаў ужо перажыў. У нейкі момант, калі я браў сэктар, у калідор прыляцела нешта буйное, я адвярнуўся ў правы бок, і ўсё прыляцела мне ў левую руку. Крычу, што я „трыста“, перабінтоўваю сабе руку, спрабую заціснуць жгуты-турнікеты. Адзін не заціскаецца, тады я разумею, што ў кішэні ў мяне пашпарт. Перад мной стаіць хлопец, я нават ня ведаю ягонага імя, скідваю яму ў торбу пашпарт. Думаю: выжывем, дык знойдземся. Тады ўжо нармальна заціснуў, нібыта кроў не ішла. Узяў зброю ў адну руку і трымаў далей сэктар».

Ужо пасьля таго, як хлопцы выбраліся з Villa San Marino і былі ў шпіталі, «Кіту» прыслалі здымак пашпарта: ён быў наскрозь прабіты асколкам, як і правы кіроўцы.

Пашпарт Дзяніса «Кіта» пасьля раненьня
Пашпарт Дзяніса «Кіта» пасьля раненьня

«Хлопец, на жаль, „выцек“»

Дзяніс расказаў яшчэ адну трагічную гісторыю, сьведкам якой стаў на кухні гатэлю, ужо пасьля ўласнага раненьня.

«Са мной быў цяжкапаранены хлопец, яму трапіла ў нагу. Мы наклалі „турнікет“, паклалі на бок. Парамэдык у нашых шэрагах усіх падбадзёрваў. Тым ня менш хлопцу станавілася ўсё горш і горш, ён „выцякаў“ — гэта такі наш слэнг, калі зь цела выцякае кроў разам з жыцьцём».

Зь пітнога на кухні было толькі безалькагольнае піва і нейкая тэкіла, якія знайшлі ў бары, працягвае «Кіт».

«Я спрабаваў яму даваць гэтае піва і падбадзёрваць, сьціскаў ягоную руку. Вакол цемра, яму страшна; я прашу, каб сьціскаў маю руку, па сіле адчуваў, ці ён адключаецца. У нейкі момант я разумею, што хватка слабее непапраўна. Калі чалавек „выцякае“, то ў яго адбываюцца апошнія перадсьмяротныя канвульсіі, ён пачынае торгацца. І я адчуў гэтыя канвульсіі...

Пакуль ён яшчэ быў у прытомнасьці, мне заставалася толькі сказаць: „Сябра, ня бойся, ты паў сьмерцю храбрых, Вальхала цябе чакае“. Я спрабаваў яго духоўна падбадзёрыць — гэта быў максымум, які я мог зрабіць, бо вакол цемра, крывішча, поўны трэш. Хлопец, на жаль, „выцек“».

«Радаваліся, як ня ведаю хто»

З гатэлю змаглі выбрацца 11-13 чалавек, «Кіт» па гэты момант яшчэ ня можа дакладна палічыць тых, хто застаўся жывым.

«Да гэтага моманту ў мяне было адно ўсьведамленьне, што мы гінем, і нічога больш. Калі мы выйшлі ў двор, адчынілі весьнічкі, перасеклі бронемашыну, якая нас падпільноўвала, толькі тады ў нас у вачах зьявілася надзея, што мы зможам дайсьці. Далей усё было, як у кіно, мы цягнулі параненых. Прайшлі 500 мэтраў, але нам кажуць, што мала, бо выклікалі ўдар „Граду“, а ён б’е шырока па плошчы. Прашу параненага хлопца, якому дапамагаю, дабрацца да аўтобуса, трымацца.

На другой пяцісотцы „выцек“ адзін з нашых камандзіраў, мой добры знаёмы „Стралок“. „Выцек“ проста на вачах у хлопцаў. Ён быў паранены ў пахвіну, мы яго забінтавалі, ён стабільна ляжаў пад коўдрай. Калі толькі пачалі несьці, то ён адразу сказаў: „Хлопцы, не“. Яго паклалі пад кустом, запомнілі месца. Астатнія „трохсотыя“ трымаліся».

Дзяніс расказаў, што ісьці давялося праз тэхніку праціўніка, якую яны пастаянна бачылі; давялося затыкаць раты параненым, бо любы гук мог выдаць іхнае месцазнаходжаньне і стаць фатальным.

«Першая радасьць была, калі ўбачылі новыя твары, — гэта былі два хлопцы, якія сустракалі нас з аўтобуса, яны павінны былі нас забраць. Прайшлі яшчэ крыху да бусіка, радаваліся як ня ведаю хто, зацягнулі параненых. Завялі аўтобус ды паехалі бяз фараў да бліжэйшага шпіталя».

«Мы не пакутнікі, а воіны»

Такога не бывае нават у кіно, лічыць «Кіт». Ён кажа, што да апошняга ніхто ня верыў, што зможа застацца жывым, а тым больш атрымаецца выцягнуць раненых пабрацімаў.

«Бясконца шкада ўсіх хлопцаў, якія палі. Але іхняе разуменьне сытуацыі было 100-адсоткавым. Яны разумелі, куды ідуць, кожны ведаў, што яго можа чакаць гібель. Нікога з нас гэта не турбавала.

Безумоўна, родныя і блізкія загінулых будуць гараваць, нават я гарую, але, ведаючы хлопцаў, асабліва „Літвіна“, думаю, што яны ганарацца тым, што загінулі за свабоду і цэласнасьць Украіны. „Літвін“ хацеў бы, каб яго не аплаквалі, а ганарыліся. Я ведаю гэта на 100%, бо перад тым, як заехаць на баявое, абмяркоўвалі ўсё гэта.

Настрой быў такім, што мы ўсе воіны, гэта наш шлях і мы па-іншаму ня можам. Гэта трэба разумець і на гэтым акцэнтаваць увагу. Мы не пакутнікі, мы воіны. А воіны хочуць не шкадобы, а гонару за іх».

Ільля «Літвін»
Ільля «Літвін»

«Я хацеў толькі сказаць, што кахаю жонку»

У шпіталі ў Дзяніса знайшлі тры аскепкі ад снарада ў руцэ. Адзін атрымалася выцягнуць, а вось яшчэ два, больш глыбокія, пакуль так і застаюцца ў целе «Кіта».

«Ці прыжывуцца ў целе, ці выйдуць самі. Прапанавалі мне застацца ў лякарні. Былі спачатку ў адной, дзе праапэравалі. У другой пасялілі, абсьледавалі. Нас паклалі з хлопцамі зь першай партыяй „трохсотых“, з намі быў камандзір „Пятруха“, усе радасныя, што разам. А потым кажуць, пераводзяць у Віньніцу. Мы адмовіліся», — расказвае добраахвотнік.

«Кіт» кажа, што жонка знайшла для яго лекара побач зь ягонай базай у Кіеве, цяпер ён зноў дапамагае ствараць беларускую роту і езьдзіць на перавязкі ў шпіталь.

«Калі прыехалі ў лякарню, то не было да канца разуменьня, што адбылося. Толькі потым пачулі падрабязнасьці. Было цікава пачуць, што, паводле дадзеных выведкі, з намі мела справу „кадыраўская банда“ і сілы спэцназу РФ. Падчас бою я ўжо зразумеў, што супраць нас былі не баязьліўцы, якія заблудзілі і кудысьці едуць, а арганізаваныя байцы, якія мэтанакіравана нас зьнішчалі. Салдаты тэрміновай службы ўжо ўцяклі б з таго месца. Калі я гэта ўсё пачуў, то парадаваўся, што мы з мужыкамі маем „вялікія яйцы“».

Ні «Кіт», ні іншыя вэтэраны першай кампаніі на Данбасе ніколі не сутыкаліся з такімі выпрабаваньнямі.

«Мы дакладна разумелі, што ня выжывем. Гэта не было такое, што мы бедныя-няшчасныя, а нас не ратуюць. Мы бачылі, што праціўнік кінуў на нас усю сваю сілу. А мы — трыццаць пехацінцаў у кардонным дамку, гэта нерэальна проста. Я шкадаваў толькі, што не пасьпеў разьвітацца з жонкай (у мяне сеў мабільны). Я хацеў толькі набраць кагосьці, каб перадаць, што кахаю жонку. Толькі гэта ў мяне было ў галаве».

«„Літвін“ пастаянна сьмяяўся»

Пра Ільлю «Літвіна» Дзяніс расказвае вельмі захоплена, іх аб’ядноўвала шматгадовае сяброўства.

«Вельмі крэатыўны малады чалавек, цяпер я даведаўся, што ён іграў на піяніна, жонка скінула відэа. Таленавіты ва ўсім быў. Галоўная ягоная якасьць — вясёлы характар. Нават у роспачнай сытуацыі «Літвін» быў такім бясстрашна-пазытыўным. Калі нехта кажа, што ўжо гамон, то ён адкажа: «Лухта, затое ў нас ёсьць тое і тое».

Ільля «Літвін»
Ільля «Літвін»

Дзяніс лічыць, што «Літвін» быў чалавекам справы, які мала гаварыў, але шмат рабіў.

«Калі нічога ня рухаецца, то ён проста ішоў і вырашаў справы, знаходзіў хлопцам адзеньне, скажам. Ён не чакаў, што нехта для нас дамовіцца, а сам ішоў і рабіў. Зьнік на паўдня — потым прывозіць прыцэлы. Ён заўжды ведаў, куды і навошта ідзе — гэта цудоўная якасьць. Ён клясна разраджаў атмасфэру сваім гумарам, жартаваў зь сябе, не зь сябе. Пастаянна сьмяяўся».

«Кіт» кажа, што ў цывільным жыцьці яны ня так часта бачыліся зь Ільлём, затое кожная сустрэча была вельмі яркай.

«Ён вельмі адданы ідэі чалавек. Мне нават здавалася, што „Літвін“ ужо патух і яму нецікавая вайна, аднак гэта была падманка. Калі прыйшоў момант, то ён першым узяў зброю і першым быў у шэрагах. А мне здавалася, што ён цалкам у цывільным жыцьці, плянуе пераезд. Але, як толькі адбылася агрэсія, ён адразу быў у форме, прасіў РПГ. Ён імгненна з цывільнага жыцьця перайшоў да ідэі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG