Пасьля прывядзеньня да прысягі Гіфай прызначыла 10 сэнатараў — сяброў ураду фэдэральнай зямлі Бэрлін. У сэнат увайшлі сем жанчын. Гэта больш, чым калі-небудзь раней.
Францыска Гіфай належыць да сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны. Папярэднік і аднапартыец новай бурмістаркі Міхаэль Мюлер узначальваў Бэрлін сем гадоў. На выбарах, якія прайшлі ў верасьні, яго абралі дэпутатам Бундэстагу.
У 2020 годзе Гіфай абвінавачвалі ў плягіяце пры напісаньні дысэртацыі. З прычыны скандалу яна адмовілася ад ступені, а ў траўні пайшла ў адстаўку з пасады міністаркі ў справах сям’і. Нягледзячы на гэта, сацыял-дэмакратычная партыя перамагла на выбарах у Бэрліне.