Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ атрымае ад Украіны Нацыянальную прэмію за свабоду слова


Старшыня Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны Сяргей Таміленка
Старшыня Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны Сяргей Таміленка

Беларуская асацыяцыя журналістаў стала сёлетнім ляўрэатам Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны свабоды слова.

Пра гэта са спасылкай на рашэньне сакратарыяту паведаміў старшыня Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны Сяргей Таміленка.

Ён адзначыў, что рашэньне аб прысуджэньні Нацыянальнай прэміі ў абарону свабоды слова імя Ігара Лубчанкі (шматгадовы старшыня журналісцкай арганізацыі Ўкраіны) беларускім калегам, якія зазналі рэпрэсіі на радзіме, ёсьць праявай салідарнасьці і падтрымкі.

«За апошні год незалежныя беларускія журналісты падвяргаліся жорсткаму ціску з боку ўладаў, сотні былі зьбітыя і рэпрэсаваныя, дзясяткі адпраўленыя ў турмы. Рэжым Лукашэнкі перасьледуе кіраўніцтва БАЖ і пазбавіў арганізацыю легальнага статусу. Нашы калегі зьяўляюцца прыкладам для ўсіх украінскіх журналістаў, як змагацца за свае правы, быць вернымі каштоўнасьцям свабоды слова і сваёй прафэсіі», — адзначыў Сяргей Таміленка.

Беларускія ўлады дзейнасьць БАЖ ацэньваюць зусім інакш. 4 лістапада Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ беларускіх карыстальнікаў да сайту арганізацыі, а да таго ў жніўні Вярхоўны суд абнуліў рэгістрацыю.

Кіраўніцтва БАЖ лічыць ліквідацыю аб’яднаньня, як і блякаваньне інтэрнэт-старонкі, абсалютна неправавымі мерамі. 26 гадоў арганізацыя законна і адкрыта дапамагала чальцам абараняць свае правы і рэалізоўваць прафэсійныя інтарэсы, падвышаць узровень майстэрства і якасьць мэдыя.

З прычыны перасьледу Беларуская асацыяцыя журналістаў працягвае дзейнасьць у эміграцыі — ва Ўкраіне, Літве, Польшчы. Сотні супрацоўнікаў незалежных СМІ і іх сем’і пакінулі краіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG