Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова ад перапісу да перапісу


Сьцісла

  • Паміж перапісамі 2009 і 2019 гадоў паказьнікі беларускай мовы як роднай і мовы хатніх зносінаў зьмяніліся неістотна
  • За 10 гадоў захаваўся характар сувязі моўных паводзінаў з адукацыяй і ўзростам: чым вышэйшы ўзрост і чым ніжэйшая адукацыя, тым больш беларускай мовы — і як роднай, і як мовы хатніх зносінаў
  • На працягу 10 гадоў павялічыўся абшар беларускай мовы ў групах зь сярэдняй і вышэйшай за сярэднюю адукацыяй, а таксама ўва ўзроставых кагортах да 40 гадоў (адносна беларускай як мовы хатніх зносінаў — да 60 гадоў)
  • Павелічэньне долі беларускай мовы як роднай і мовы хатняга ўжытку не заўсёды адлюстроўвае рэальныя зьмены моўных паводзінаў, але яно сьведчыць пра ўмацаваньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці

Леташні перапіс паказаў, што тэндэнцыя рэзкага скарачэньня абшару беларускай мовы спынілася і павярнула ў адваротны бок.

Падчас перапісу 2019 году роднай назвалі беларускую 54% грамадзян Беларусі; за 10 гадоў да таго такі адказ далі 53,2%; на перапісе 1999 году беларускую назвалі роднай 73,7% жыхароў краіны.

Прыкладна такая ж дынаміка назіралася і ў адказах пра мову хатняга ўжытку — у адказах на пытаньне перапісаў «На якой мове Вы звычайна гаворыце дома?». Летась беларускую мовай хатняга ўжытку назвалі 26%, у 2009 годзе — 23%, у 1999-м — 36,7%.

Як гэтыя зьмены пазыцыяў беларускай мовы аказаліся зьвязанымі з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі?

Дзякуй, Белстат

Белстат на сваім сайце і ў афіцыйных публікацыях не дае і не даваў раней дадзеных пра сувязь адказаў на моўныя пытаньні перапісаў з узростам і адукацыяй.

Аднак на маю просьбу спэцыялісты Белстату падрыхтавалі і перадалі мне гэтыя дадзеныя, летась — аб перапісе 2009 году, сёлета — аб перапісе 2019 году. Выказваю ім сваю шчырую ўдзячнасьць.

Я атрымаў ад Белстату дадзеныя не па ўсіх масівах перапісаных за 2009 і 2019 гады, а толькі па тых перапісаных, хто мае ўзрост 15 і больш гадоў, пазначыў падчас перапісу сваю адукацыю, а таксама назваў роднай мовай беларускую альбо расейскую.

Гэта прыкладна па 80% усіх перапісаных і ў 2009, і ў 2019 гадох. Абмежаваньне ў гэтым выпадку ня надта істотнае, бо паводле закону адказы на пытаньні пра родную мову і мову хатняга ўжытку за грамадзян узросту да 18 гадоў даюць іх бацькі, а не яны самі. У перапісе 2009 году дзеці і падлеткі (0–14 гадоў) складалі 14,7% ад усіх перапісаных, у перапісе 2019 году — 16,9%.

Мова і адукацыя

У далейшым выкладзе тэрмін «усе» будзе азначаць менавіта гэтыя групы апытаных — узросту 15 гадоў і больш, з пазначанай адукацыяй, зь беларускай ці расейскай роднай мовай.

Графік 1. Сувязь роднай мовы з адукацыяй

* група «Пачатковая адукацыя» ўключае ў сябе і асобаў без адукацыі

Графік 2. Сувязь мовы хатняга ўжытку з адукацыяй

* група «Пачатковая адукацыя» ўключае ў сябе і асобаў без адукацыі

Навідавоку шчыльная сувязь паміж адказамі на моўныя пытаньні перапісаў і адукацыяй: чым вышэйшы ўзровень адукацыі, тым часьцей у адпаведнай групе ніжэйшая доля асобаў, у якіх беларуская — родная ці мова хатняга ўжытку. Перапісаныя з вышэйшай адукацыяй — адзіная група, у якой асобы з роднай беларускай складаюць меншасьць.

Разам з тым варта адзначыць зьмены, якія адбыліся ў моўных прэфэрэнцыях групаў насельніцтва з рознымі ўзроўнямі адукацыі.

Паміж перапісамі 2009 і 2019 гадоў доля людзей з роднай беларускай зьнізілася ў групах з самай нізкай адукацыяй — базавай і ніжэйшай. У той жа час амаль ва ўсіх іншых адукацыйных групах гэтая доля альбо засталася прыкладна ранейшай (як у групе зь сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй), альбо павялічылася.

Найбольшы рост (прыкладна на 5 адсоткавых пунктаў) назіраўся ў групах зь сярэдняй і прафэсійна-тэхнічнай адукацыяй. У гэтых дзьвюх групах доля асобаў з роднай беларускай у перапісе 2019 году стала вышэйшай, чым у групе з базавай адукацыяй.

Дакладна такія ж тэндэнцыі назіраліся і адносна мовы хатняга ўжытку: сярод тых, хто мае адукацыю не вышэйшую за базавую — зьніжэньне долі беларускамоўных; сярод усіх астатніх адукацыйных групаў — павелічэньне гэтай долі; найбольш істотнае — у групах зь сярэдняй і прафэсійна-тэхнічнай адукацыяй.

Іншымі словамі, за 10 гадоў беларуская мова страціла свае пазыцыі сярод асобаў зь невысокай адукацыяй, але ўмацавала — у групах з больш высокай адукацыяй. Пры гэтым найбольшае ўмацаваньне адбылося сярод асобаў зь ня самай высокай, але і ня з самай нізкай адукацыяй.

Фактычная нязьменнасьць паказьнікаў моўных паводзінаў насельніцтва ў цэлым аказваецца вынікам рознаскіраваных працэсаў у групах з розным узроўнем адукацыі.

Мова і ўзрост

Сувязь адказаў на моўныя пытаньні перапісаў з узростам у нечым падобная да іх сувязі з адукацыяй.

Графік 3. Сувязь роднай мовы з узростам

Графік 4. Сувязь мовы хатняга ўжытку з узростам

На графіках 3 і 4 дадзеныя па самых маладых перапісаных прыводзяцца зь пяцігадовым інтэрвалам з прычыны важнасьці гэтых групаў для прагназаваньня будучыні. Хоць, як паказваюць графікі, моўныя паводзіны гэтых групаў ня вельмі розьняцца. Дадзеныя па іншых узроставых групах, акрамя найстарэйшай, прыводзяцца зь дзесяцігадовым інтэрвалам.

Графікі 3 і 4 паказваюць, што адказы на моўныя пытаньні шчыльна зьвязаныя і з узростам: чым старэйшая ўзроставая кагорта, тым больш у ёй людзей з роднай беларускай і беларускамоўных. Але зьвяртаюць на сябе ўвагу зьмены, якія адбыліся на працягу 10 гадоў.

Што тычыцца роднай мовы, то сярод насельніцтва, маладзейшага за 40 гадоў, доля людзей зь беларускай роднай павялічылася, а сярод насельніцтва ўзросту 40 гадоў і старэйшага — зьменшылася. А ў адказах на пытаньне пра мову хатняга ўжытку доля беларускамоўных павялічылася ва ўсіх узроставых кагортах, акрамя дзьвюх найстарэйшых — 60 і больш. У гэтых дзьвюх кагортах — 60-69 і 70 і старэйшых — адсотак беларускамоўных і ў 2019 годзе застаўся больш высокі, чым у іншых узроставых кагортах, але ў іх доля беларускамоўных зьменшылася, а ў маладзейшых кагортах — павялічылася.

Як і ў сытуацыі з адукацыяй, нязьменнасьць агульных лічбаў — раўнадзейная рознаскіраваных зьменаў у розных узроставых групах.

Мова як чыньнік нацыянальнай ідэнтычнасьці

І практычны досьвед, і навуковыя дасьледаваньні паказваюць, што адказ на моўныя пытаньні перапісу — гэта нярэдка ня столькі канстатацыя рэальных моўных паводзінаў людзей, колькі акт нацыянальнай ідэнтыфікацыі паводле формулы: я называю беларускую мову сваёй роднай ці нават мовай хатняга ўжытку, таму што я беларус.

Пацьверджаньнем дзеяньня гэтага культурна-псыхалягічнага мэханізму зьяўляюцца дадзеныя двух наступных графікаў, якія ўяўляюць сабой пэўную мадыфікацыю прыведзеных вышэй графікаў 3 і 4. У графіках 3 і 4 супастаўляліся моўныя паводзіны аднолькавых узроставых кагортаў у перапісах, адлеглых адзін ад аднаго на 10 гадоў.

У наступных графіках супастаўляюцца моўныя паводзіны адных і тых жа ўзроставых кагортаў, але пасталелых на 10 гадоў: людзі, якім у 2009 годзе было ад 30 да 39, параўноўваюцца з тымі, якім у 2019 годзе было ад 40 да 49 гадоў, іншымі словамі, зь імі ж самімі празь дзесяцігодзьдзе.

Графік 5. Родная мова аднолькавых узроставых кагортаў

Графік 6. Мова хатняга ўжытку аднолькавых узроставых кагортаў

На першы погляд, дадзеныя графікаў 5 і 6 вельмі дзіўныя. Зразумела, за 10 гадоў нехта памёр, нехта эміграваў, нехта прыехаў у Беларусь, нехта мог быць перапісаны адзін раз і не перапісаны другі, так што поўнага супадзеньня адпаведных узроставых кагортаў, адлеглых на 10 гадоў, няма. Тым ня менш збольшага гэта адны і тыя ж людзі, толькі пасталелыя на дзесяцігодзьдзе.

Як жа так істотна могуць адрозьнівацца іх адказы на моўныя пытаньні? Па ідэі, гэтым могуць адрозьнівацца толькі самыя маладыя кагорты. Як было адзначана вышэй, амаль за ўсю самую малодшую кагорту (15–18) на моўныя пытаньні адказваюць бацькі. Пасталеўшы на 10 гадоў, гэтыя юнакі могуць даваць іншыя адказы.

Да таго ж у маладосьці людзі самавызначаюцца, у тым ліку і ў моўных прэфэрэнцыях.

Але, як бачна з графікаў 5 і 6, грамадзяне Беларусі самавызначаюцца ў моўных прэфэрэнцыях усё жыцьцё. І кірунак гэтага самавызначэньня адзін для ўсіх кагортаў, якія фігуруюць на графіках 5 і 6 — рост долі беларускай мовы і як роднай, і як мовы хатняга ўжытку.

Здавалася б, калі дарослы чалавек мае ўзрост 30 і тым больш 50 гадоў, то якая ў яго родная мова і на якой мове ён пераважна размаўляе дома — ён вызначае назаўжды, гэтыя мовы не павінны мяняцца праз 10 гадоў.

Але яны, як бачым, мяняюцца і ў гэтых людзей, прычым мяняюцца істотна. І тлумачэньне — апісаны вышэй мэханізм: я беларус (беларуска) — значыць, мая родная мова беларуская і я мушу гаварыць па-беларуску (значыць, я і дома размаўляю па-беларуску). У розных узроставых кагортах на гэты мэханізм прыпадае да 9 адсоткавых пунктаў прыросту беларускай як роднай ці мовы хатняга ўжытку ў адных і тых жа людзей на працягу 10 гадоў.

Яшчэ адзін парадокс графікаў 5 і 6 у параўнаньні з графікамі 3 і 4 — чаму на графіках 5 і 6 істотнае павелічэньне беларускай мовы ва ўсіх узроставых кагортах, чаму яно значна меншае на графіках 3 і 4?

Таму што значнай колькасьці людзей узроставай кагорты «70 і старэйшыя», якія трапілі ў перапіс 2009 году, у 2019 годзе ўжо не было на сьвеце, яны памерлі за гэтыя 10 гадоў. Як бачна на графіках 3 і 4, менавіта самыя старыя давалі самыя высокія адсоткі і роднай беларускай (74%), і беларускай як мовы хатняга ўжытку (48,9%).

За 10 гадоў ладная частка іх пайшла з жыцьця, іх унёсак у беларускамоўнасьць у 2019 годзе ўжо зьнік. Але іх сыход скампэнсаваўся ростам беларускай мовы прынамсі як чыньніка ідэнтычнасьці ва ўсіх іншых узроставых кагортах, якія яшчэ жывыя.

* * *

За 10 гадоў, якія прайшлі паміж перапісамі 2009 і 2019 гадоў, распаўсюд беларускай мовы істотна не зьмяніўся. Тыя зьмены, якія адбыліся, далёка не наблізіліся да ўзроўню, на якім беларуская мова была ў грамадзтве ў 1999 годзе.

Захаваўся і характар сувязі моўных паводзінаў з адукацыяй і ўзростам: чым вышэйшы ўзрост і чым ніжэйшая адукацыя, тым больш беларускай мовы і як роднай, і як мовы хатніх зносін у адпаведнай дэмаграфічнай групе.

Аднак на працягу 10 гадоў павялічыўся абшар беларускай мовы ў групах зь сярэдняй і вышэйшай адукацыяй, а таксама ўва ўзроставых кагортах да 40 гадоў (адносна беларускай як мовы хатніх зносін — да 60 гадоў).

Павелічэньне долі беларускай мовы як роднай і як мовы хатняга ўжытку не заўсёды адлюстроўвае рэальныя зьмены моўных паводзінаў, але яно сьведчыць пра ўмацаваньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не канечне адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG