Онлайн-трансьляцыя скончаная.
Падсумаваньне зь Менскага маршу можна пачытаць і паглядзець тут.
За ўсімі апошнімі навінамі сачыце ў Тэлеграме Свабоды!
Шэсьце 1 лістапада ў Менску ўпершыню не было 100-тысячным. Як думаеце, чаму?
Паўдзельнічайце ў апытанцы ў нашым тэлеграм-канале!
У Слуцку затрымалі двух мэдыкаў
У Слуцку затрымалі загадчыка траўматалягічнага аддзяленьня Слуцкай ЦРБ Юрыя Акаёмава (на фота) і лекара-хірурга Юрыя Міхайлоўскага. Яны сталі ў белых халатах насупраць райвыканкаму, разгарнулі бела-чырвона-белы сьцяг з «Пагоняй» і прастаялі хвілін 20, да прыезду міліцыі. На мэдыкаў склалі пратаколы паводле арт. 23.34, заўтра іх будуць судзіць, паведамляюць «Белые Халаты».
Больш за 150 чалавек затрымалі сёньня
Праваабаронцы «Вясны» сабралі прозьвішчы ўжо 168 затрыманых 1 лістапада ў Беларусі, сьпіс дапаўняецца.
Сярод затрыманых у Менску — фатограф Аляксандр Зянковіч, аўтар «віруснага» фота з «Маршу гонару» 11 кастрычніка ⬆️, дзе сілавік наводзіць буйнакалібэрную стрэльбу на жанчыну з парасонам; былы юрыст Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Пласкавіцкі, а таксама палітвязень Мікіта Ліхавід.
Апэратара «Белсату» білі камэрай па галаве
З Кастрычніцкага РУУС выпусьцілі непаўналетняга хлопца, які расказаў, што апэратара «Белсату» Дзьмітрыя Солтана білі ў аўтазаку і пазьней, ударылі камэрай па галаве. Камэру разьбілі. «Усяго за сёньня затрымалі 4 журналістаў, дваіх жорстка пабілі», — распавёў прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
Сілавікі прызналі, што выкарыстоўвалі зброю
Сілавікі сёньня выкарыстоўвалі несьмяротную зброю для папераджальных стрэлаў у паветра, каб спыніць выхад на МКАД і на праспэкт Незалежнасьці ў Менску, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-службе ГУУС Менгарвыканкаму.
Праваабаронцы паведамляюць ужо больш як пра сотню затрыманых
У сьпісе затрыманых 1 лістапада на акцыях у Менску і ў іншых гарадах Беларусі, які складаюць праваабаронцы «Вясны», на цяперашні момант ужо 107 прозьвішчаў. Сярод затрыманых у Менску – вядомы беларускі скульптар Гэнік Лойка.
Менск. Людзі ўцякалі ад гранат з воклічамі «Жыве Беларусь!»
Відэа, як людзі бягуць ад сьвятлашумавых гранат на вуліцы Мірашнічэнкі. І ўцякаючы, адна дзяўчына ў канцы крычыць «Жыве Беларусь!»
Людзі пачынаюць разыходзіцца з Курапатаў
Людзі пачынаюць разыходзіцца з Курапатаў, ідуць назад у горад.
Адзін з удзельнікаў маршу падзяліўся з Радыё Свабода тым, як удалося трапіць у Курапаты: «Пасьля першага разгону ў Курапатах, шмат людзей выбеглі на вуліцу Мірашнічэнкі. Калі разгон суцішыўся, людзі зноў сабраліся разам. Сфармавалася калёна, і ўздоўж кальцавой, не заходзячы ў падземны пераход, мы дайшлі ў самі Курапаты. Там разам сьпявалі песьні, была Ніна Багінская. Ніхто не разганяў. Разышліся ня так даўно».
Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць ужо пра 77 затрыманых
У сьпісе затрыманых 1 лістапада на акцыі ў Менску, а таксама ў іншых гарадах Беларусі на рэгіянальных акцыях, які складаюць праваабаронцы «Вясны», на цяперашні момант ужо 77 прозьвішчаў. Сьпіс працягвае дапаўняцца.
Менск: на Мірашнічэнкі зноў «хапун»
Менск: пратэстоўцы працягваюць падыходзіць да Курапатаў
Частка людзей, якія ўжо схадзілі ў Курапаты, дайшла да запраўкі, якая знаходзіцца за рэстаранам «Поедем поедим». Яны плянуюць вяртацца ў горад, паведамляе Kyky.org.
Пры гэтым людзі зь іншых калёнаў працягваюць падыходзіць да Курапатаў.
Пратэстоўцы, якія дайшлі да Курапатаў, падымаюцца да асноўнага мэмарыялу праз жывы калідор, які людзі ўтварылі абапал сьцежкі, стаўшы плячом у плячо і ўзьняўшы нацыянальныя сьцягі. Наверсе, ля цэнтральнага мэмарыялу, сьпяваюць песьні, гучалі і «Муры». Відаць, што многія ў Курапатах упершыню.
Тым часам новая калёна сілавікоў пад'язжджае да Курапатаў.
Нягледзячы на ўсе перашкоды сілавікоў, людзі прарваліся ў Курапаты
Людзі, якія дайшлі да Курапатаў, нясуць кветкі і запальваюць зьнічкі на месцы расстрэлаў часоў сталінскіх рэпрэсіяў. Невялікім струменем людзі яшчэ ідуць па полі ў Курапаты.
Паводле «Белсату», у Курапатах змаглі сабрацца пару тысяч чалавек. Шмат сілавікоў стаіць на запраўцы «Беларусьнафта». Каля «Экспабелу» група каля 100 чалавек. Некаторыя зноў ідуць у Курапаты полем.
Менск: на Мірашнічэнкі працягваюцца затрыманьні
Сілавікі працягваюць затрымліваць пратэстоўцаў, якія разьбегліся па дварах у раёне вуліцы Мірашнічэнка.
Каля Курапатаў сілавікі працягваюць разганяць людзей
Частка калёны прарвалася да поля і ідзе па ім да ўрочышча Курапаты.
Тым часам ва Ўруччы перакрылі зьезд з праспэкту Незалежнасьці на МКАД у бок Курапатаў, паведамляюць чытачы Tut.by.
Па МКАД да Курапатаў пад’ехала калёна вайскоўцаў, на Мірашнічэнкі зноў зьбіраюцца людзі
Па МКАД да Курапатаў пад’яжджае вялікая калёна спэцназу 3214, а таксама вадамёт. Сілавікі пачалі вылазіць з грузавікоў.
Тым часам з вуліцы Цікоцкага ідзе невялікая калёна да вуліцы Мірашнічэнка. Яе сустракаюць мікрааўтобусы зь сілавікамі на аўтобусным прыпынку «Зялёны луг – 6».
На пачатку вуліцы Мірашнічэнка пасьля разгону зноў пачалі зьбірацца людзі. Яны скандуюць «Трыбунал», «Жыве Беларусь».
Менск: вайсковая тэхніка едзе з Уручча ў бок цэнтру
Пратэстоўцаў ля Курапатаў разагналі
Разагналі натоўп на полі каля Курапатаў. Бусы сілавікоў езьдзілі проста па полі, былі чуваць стрэлы і выбухі. Людзей даганялі літаральна на хуткасьці. Працаваў ГУБАЗіК.
Цяпер пратэстоўцаў на полі ля Курапатаў больш няма. Затрымалі шмат людзей.