Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў заявіў, што ідзе ў прэзыдэнты


Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Пра гэта ён заявіў у жывой трансьляцыі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку ў пятніцу вечарам. Некалькі цытат зь ягонага выступу:

  • «Сёньня ў Беларусі эпідэмія, заўтра – эканамічны крызіс, ужо ёсьць падзеньне даходаў, зразумела ўсім, што мы ідзём у масавы рост беспрацоўя. І ў гэтай сытуацыі дзіва, наколькі абыякавая ўлада да таго, як людзі жывуць, чым яны дыхаюць».
  • «Я б сказаў, што ўлада сёньня хворая на сардэчную недастатковасьць, а мэтады яе кіраваньня абсалютна састарэлі. І мы з гэтай бядой яшчэ 5 гадоў жыць дакладна ня хочам».
  • «Я іду ў прэзыдэнты для таго, каб дзяржава гаварыла нам праўду, каб людзі не баяліся дзяліцца праблемамі, гаварыць пра тое, што насамрэч іх хвалюе. Каб у крызіс, дзе мы ўжо знаходзімся, мы маглі разьлічваць на канкрэтную дапамогу. Таму што сёньня ва ўлады і капейкі не дапросісься на падтрымку людзей».
  • «Нам патрэбная дзяржава, якая будзе клапаціцца пра людзей і якая будзе дзейнічаць прафэсійна, зь веданьнем справы».
  • «Калі мы ня хочам з вамі, каб наступныя 5 гадоў мы пражылі ў крызісе, калі мы гаворым „так“ чалавечым адносінам да людзей, то я прашу падтрымаць мяне і далучыцца да кампаніі, увайшоўшы ў ініцыятыўную групу», — сказаў Дзьмітрыеў.

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 9 жніўня. Амаль адначасова з заявай Дзьмітрыева допіс пра вылучэньне ў прэзыдэнты зьявіўся на старонцы былога старшыні Парку высокіх тэхналёгій Валерыя Цапкалы.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG