Міністэрства здароўя Беларусі абвясьціла 18 сакавіка абноўленыя зьвесткі пра колькасьць пацыентаў з пацьверджаным COVID-19. Сытуацыю называюць «кантраляванай».
Цяпер у 51 чалавека выявілі наяўнасьць новага каранавірусу. Два дні таму паведамлялі пра 36 пацыентаў, дзень таму — што новых хворых ня выяўлена.
- 9 пацыентаў маюць клінічныя прыкметы хваробы COVID-19 — Мінздароўя тлумачыць, што яны «па сутнасьці зьяўляюцца хворымі»;
- 37 пацыентаў маюць станоўчыя тэсты на новы каранавірус SARS-CoV-2, але ня маюць сымптомаў хваробы;
- 5 пацыентаў ужо выпісалі пасьля адмоўных тэстаў на COVID-19, яшчэ 3 «рыхтуюцца да выпіскі».
17 выпадкаў «завезеныя» зь іншых краінаў. Апошнія чатыры (з Гішпаніі, Францыі, Нямеччыны і Расеі) выявілі на санітарна-карантынных пунктах. Астатнія ў «кантактаў 1-га ўзроўню» — у тых, хто кантактаваў з хворымі.
Пад назіраньнем мэдыкаў цяпер 1960 чалавек, яшчэ каля 2700 чалавек перасталі назіраць.
Тым часам усе суседзі Беларусі закрылі межы: Расея зрабіла гэта ў ноч на 18 сакавіка, астатнія яшчэ раней.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.