На сайце Petitions.by на пачатку лютага зьбіралі подпісы за забарону ўезду ў Беларусь грамадзянам Кітаю ў сувязі з каранавіруснай інфэкцыяй COVID-19. За тры дні набралі 698 подпісаў. На зварот 26 лютага адказала Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Начальнік Галоўнага консульскага ўпраўленьня МЗС Аляксандар Хайноўскі піша ў адказе, што такія рэчы робяцца на падставе аналізу рызыкаў, які праводзіць Міністэрства аховы здароўя. А Мінздароўя, у сваю чаргу, перадала МЗС, што:
- На дадзены момант Усясьветная арганізацыя здароўя (WHO) не рэкамэндуе ўводзіць абмежаваньні на паездкі і гандаль з Кітаем і іншымі краінамі, дзе зафіксаваныя выпадкі COVID-19.
- Дасьледаваньні WHO гэтай і папярэдніх успышак захворваньняў паказваюць, што забарона на перасоўваньне людзей ня можа істотна паўплываць на распаўсюд хваробы, а толькі ссоўвае час піку інфікаваньня. Праз 10 дзён пасьля пачатку распаўсюджваньня інфэкцыі такія захады неэфэктыўныя.
- На тэрыторыях, дзе зарэгістравалі найбольш выпадкаў COVID-19 (у прыватнасьці, правінцыі Хубэй і горадзе Ўхань у Кітаі) і так уведзеныя абмежавальныя захады, спыненыя авіязносіны.
- У Беларусі ладзяць свае проціэпідэмічныя захады. Так, у Нацыянальным аэрапорце праводзяць падвойны кантроль людзей, якія прыбываюць з Кітаю, з выкарыстаньнем цеплавізараў і лябараторных абсьледаваньняў, а пасьля прылёту ладзяць 14-дзённае мэдычнае назіраньне.
- Працаўнікоў з Кітаю перавозяць і разьмяшчаюць ва ўмовах мінімальных кантактаў з навакольнымі, таксама ладзяць мэдычнае назіраньне. Кітайскіх студэнтаў, якія вярнуліся зь зімовых вакацыяў, зьмясьцілі для часовага пражываньня ў асобных установах (аздараўленчых комплексах).
Зварот таксама накіроўвалі ў адміністрацыю прэзыдэнта, адказу ад яе пакуль не было. На іншы зварот на тую ж тэму, які высылалі толькі ў адміністрацыю прэзыдэнта, з МЗС выслалі той жа адказ Хайноўскага.
Раней Дэпартамэнт авіяцыі Мінтранспарту адказаў адмовай на зварот з просьбай закрываць авіязносіны з Кітаем — кажуць, пераарыентаваньне пасажыраў на іншы транспарт пацягне за сабой дадатковыя рызыкі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.