Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РПЦ дазволіла даваць дзецям нацыянальныя імёны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сынод Расейскай праваслаўнай царквы ў чацьвер выключыў абмежаваньні ў таінствах і памінаньні для людзей, якія носяць імёны сьвятых любых памесных праваслаўных цэркваў сьвету ці сугучныя ім імёны, вынікае з журналаў пасяджэньня Сыноду.

«Падкрэсьліць недапушчальнасьць якіх-небудзь абмежаваньняў у богаслужбовым памінаньні і дапушчэньні да царкоўных таінстваў вернікаў, якія носяць нацыянальныя імёны, традыцыйныя для іншых памесных праваслаўных цэркваў (або імёны ў іншых нацыянальных гучаньнях)», — гаворыцца ў журнале №165.

Пад імёнамі «ў iншых нацыянальных гучаньнях», мяркуючы па камэнтары да рашэньня Сыноду, маюцца на ўвазе сугучныя імёны, напрыклад Ян - Джон, Іаана - Жанна.

Хрысьціць дзяцей цяпер таксама можна пад імёнамі сьвятых іншых праваслаўных цэркваў. У РПЦ таксама зьвярнулі ўвагу духавенства на гэтыя зьмены.

У той жа час, калі чалавек хоча прыняць хрышчэньне ў дарослым узросьце, але ягонае імя ня мае аналягу ў месяцасловах памесных праваслаўных цэркваў і не сугучнае ім, ён сам можа выбраць сабе хрысьцільнае імя зь месяцаслова, «прычым пажадана, каб яно было блізкае гучаньнем з грамадзянскім імем».

Рашэньні абгрунтоўваюцца тым, што традыцыя даваньня імя па сьвятцах, якая склалася ў Расейскай праваслаўнай царкве, «не заўсёды ўлічвае разнастайнасьць практык і традыцый, якія склаліся ў іншых памесных праваслаўных цэрквах, у тым ліку ў сувязі з тым, што месяцаслоў Расейскай царквы не зьмяшчае імёнаў усіх сьвятых, праслаўленых памеснымі цэрквамі».

Акрамя таго, адзначаецца, што ў біблейскай традыцыі выбіраць імя дзіцяці — гэта прэрагатыва бацькоў.

Не ва ўсіх памесных цэрквах ёсьць традыцыя называць дзяцей па сьвятцах. Напрыклад, у Баўгарыі распаўсюджаныя імёны Зорка, Сьняжынка, Цьветан, Жыўка і іншыя, а такіх сьвятых у пантэоне няма.

З пастановы Сыноду незразумела, ці змогуць беларусы даваць імёны ў сваіх нацыянальных формах пры хрышчэньні, бо БПЦ не зьяўляецца памеснай царквой. Вядомыя выпадкі, калі праваслаўныя беларусы зь імёнамі або формамі іх, якіх няма ў сьвятцах, мелі праблемы на прычашчэньні і пры царкоўнымі памінаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG