Свабода сабрала інфармацыю пра зьмены, якія чакаюць беларусаў у лістападзе 2019 году.
Пражытковы мінімум: плюс 92 капейкі
Ад 1 лістапада вызначаны бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і ў асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах:
- у сярэднім на душу насельніцтва — 231 рубель 83 капейкі;
- працаздольнае насельніцтва — 257 рублёў 86 капеек;
- пэнсіянэры — 177 рублёў 79 капеек;
- студэнты — 224 рублі 80 капеек;
- дзеці ва ўзросьце да трох гадоў — 149 рублёў 63 капейкі;
- дзеці ва ўзросьце ад 3 да 6 гадоў — 205 рублёў 16 капеек;
- дзеці ва ўзросьце ад 6 да 18 гадоў — 251 рубель 19 капеек.
Гэтых грошай павінна хапіць, каб цягам месяца задавальняць «асноўныя фізіялягічныя патрэбы» чалавека.
Мінімальны спажывецкі бюджэт: плюс 1,89 рубля для працаздольных
Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі вызначаныя мінімальныя спажывецкія бюджэты для розных сацыяльных групаў. У сярэднім на душу насельніцтва і на аднаго чальца сям'і ў разліку на месяц ад 1 лістапада:
- працаздольнае насельніцтва — 475 рублёў 56 капеек;
- пэнсіянэры — 371 рубель 51 капейка;
- студэнты — 351 рубель 90 капеек;
- дзеці ва ўзросьце да трох гадоў — 301 рубель 80 капеек;
- дзеці ва ўзросьце ад 3 да 6 гадоў — 398 рублёў 68 капеек;
- дзеці ва ўзросьце ад 6 да 18 гадоў — 405 рублёў 17 капеек.
Згодна з дакумэнтам, бюджэт сям'і з чатырох чалавек не павінен быць ніжэйшы за 372 рублі 6 капеек; маладой сям'і з трох чалавек — за 405 рублёў 25 капеек.
Мінімальны спажывецкі бюджэт прымяняецца як «сацыяльны нарматыў» для прагназаваньня зьменаў узроўню жыцьця насельніцтва.
Сацыяльныя пэнсіі: плюс 17 капеек на старасьць
Павысяцца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пэнсіі, прывязаныя да памеру бюджэту пражытковага мінімуму. Крыху падрастуць надбаўкі і даплаты людзям, старэйшым за 75 гадоў, а таксама дапамога для дагляду інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.
- сацыяльная пэнсія інвалідам зь дзяцінства 2-й групы вырасьце на 87 капеек;
- сацыяльная пэнсія інвалідам 3-й групы вырасьце на 69 капеек;
- даплата да пэнсій непрацуючым пэнсіянэрам, старэйшым за 75 гадоў павялічыцца на 17 капеек.
Мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пэнсіі пераглядаюць штоквартальна, зьмяняюць разам зь бюджэтам пражытковага мінімуму.
Дапамога дзецям: плюс 46 капеек да трох гадоў
Ад 1 лістапада вырастуць памеры дапамогі пры нараджэньні дзяцей, якія залежаць ад памеру бюджэту пражытковага мінімуму.
- штомесячная дапамога сем'ям на дзяцей ад 3 да 18 гадоў на час выхаваньня дзіцяці да 3 гадоў падрасьце на 46 капеек;
- памер аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэньнем першага дзіцяці складзе 2 318,3 рубля (цяпер 2 309,1 рубля), пры нараджэньні другога і наступных — 3 245,62 рубля (цяпер 3 232,74 рубля);
- аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасьці, вырасьце да 231,83 рубля (цяпер 230,91 рубля).
Экспартнае мыта: па даляру на тону
Падвышаецца экспартнае мыта на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі Эўразійскага эканамічнага саюзу. Адпаведнае рашэньне зьмяшчае пастанова Савету Міністраў Беларусі.
Стаўка экспартнага мыта на сырую нафту складзе 88,3 даляра за 1 тону (раней 87,2). Мыта на прамагонны бэнзін падвышана з 47,9 даляра да 48,5 за 1 тону. На таварныя бэнзіны, лёгкія і сярэднія дыстыляты — з 26,1 даляра да 26,4 за 1 тону. Такое ж мыта вызначана на дызэльнае паліва, бэнзол, талюол, ксылёл, змазачныя ды іншыя алівы.
Папярэдні раз стаўкі вывазнога мыта на сырую нафту і асобныя катэгорыі тавараў, вырабленых з нафты, зьмяняліся 1 кастрычніка — тады яны былі зьніжаныя.
Сюрпрыз для курцоў: зьніжка на капейку
Зьменяцца цэны на шэраг марак цыгарэт — падаражэюць ад 1 да 10 капеек. Адрозна ад папярэдніх месяцаў, некаторыя віды цыгарэт патаньнеюць. У гэтым пераліку шэраг гатункаў, якія ўвозіць прадпрыемства «Беларусьгандаль», а таксама вырабы горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». Зьніжэньне хіба сымбалічнае, усяго на 1 капейку.
Актуальныя цэны на цыгарэты публікуе сайт Міністэрства падаткаў і збораў. Беларускія вытворцы і імпартэры цыгарэт кожны месяц дэкляруюць максымальныя розьнічныя цэны на цыгарэты і іншыя тытунёвыя вырабы. Плюс да ўсяго штомесяц уводзяцца ў продаж новыя маркі цыгарэт, больш дарагія.
Сэзонная рыбалка: штраф за сома
Ад 1 лістапада да 31 сакавіка 2020 году ў шэрагу раёнаў Берасьцейскай, Віцебскай і Гомельскай абласьцей будзе забаронена здабыча сома, а да 15 сьнежня сёлета — сіга.
Пры парушэньні забароны штраф за адну злоўленую рыбу складзе 12 базавых велічынь (адна базавая цяпер — 25,5 рубля). Калі шкода перавысіць 100 базавых, магчымая крымінальная адказнасьць.