Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне зарэгістравалі 44 кандыдаты на выбары прэзыдэнта. Гэта рэкорд

абноўлена

Архіўнае фота
Архіўнае фота

Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны завяршыла рэгістрацыю кандыдатаў на выбарах прэзыдэнта, якія адбудуцца 31 сакавіка.

За права ўзначаліць украінскую дзяржаву будуць змагацца 44 асобы.

Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.

Адначасова Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі 48 грамадзянам, у тым ліку лідэру камуністаў Пятру Сіманенку і Надзеі Саўчанцы (яна знаходзіцца ў сьледчым ізалятары паводле абвінавачаньня ў замаху на канстытуцыйны лад і спробе захапіць уладу). Яе дакумэнты не адпавядалі патрабаваньням закону, да таго ж ня быў пералічаны фінансавы заклад.

Упершыню ў прэзыдэнцкіх выбарах ня зможа ўзяць удзел і лідэр камуністаў Пятро Сіманенка — яму адмовілі ў рэгістрацыі паводле дэкамунізацыйнага закону як прадстаўніку партыі, якая прапагандуе ідэі і сымбалі таталітарных рэжымаў.

Ня змог трапіць у сьпіс кандыдатаў і прадстаўнік так званага «ўраду ў выгнаньні» Ўладзімір Алійнык — колішні дэпутат Партыі рэгіёнаў, які ў 2014 годзе ўцёк у Расею і разам з экс-прэм’ерам Міколам Азаравым стварыў там «Камітэт выратаваньня Ўкраіны». ЦВК палічыла, што прапанова Алійныка ў выбарчай праграме прызнаць «ЛНР» і «ДНР» утрымлівае «прыкметы падрыву нацыянальнай бясьпекі» і накіраваная на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны
Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны

Радыё Свабода публікуе поўны сьпіс 44 прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы:

  • экс-міністар экалёгіі Ігар Шаўчэнка;
  • народны дэпутат Сяргей Каплін;
  • экс-кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка;
  • прафэсар Віталь Скоцык;
  • мэр Львову Андрэй Садавы;
  • народны дэпутат Віталь Купрый;
  • народны дэпутат Яўген Мураеў;
  • экс-міністар абароны Анатоль Грыцэнка;
  • былы народны дэпутат Генадзь Балашоў;
  • народны дэпутат Вольга Багамолец;
  • народны дэпутат Аляксандар Шаўчэнка,
  • адноўлены на пасадзе старшыні Дзяржаўнай фіскальнай службы Раман Насыраў;
  • народны дэпутат Юры Бойка;
  • народны дэпутат Алег Ляшко;
  • народны дэпутат Аркадзь Карнацкі;
  • народны дэпутат Аляксандар Вілкул;
  • народны дэпутат Юлія Цімашэнка;
  • народны дэпутат Дзьмітры Дабрадомаў;
  • экс-сьпікер Вярхоўнай Рады Аляксандар Мароз;
  • экс-дарадца міністра ўнутраных справаў Ільля Ківа;
  • былы народны дэпутат Руслан Кашулінскі;
  • сябра партыі «Грамадзянскі рух «Агульная справа» Аляксандар Данілюк;
  • народны дэпутат Сяргей Тарута;
  • былы старшыня СБУ Ігар Сьмяшко;
  • былы народны дэпутат Іна Багаслоўская;
  • актор Уладзімір Зяленскі;
  • старшыня Патрыятычнай партыі Ўкраіны Мікола Габер;
  • народны дэпутат Юры Дзеравянка;
  • былы народны дэпутат Раман Бясьсьмертны;
  • народны дэпутат Віктар Бондар;
  • прадпрымальнік Сяргей Насенка;
  • народны дэпутат Віктар Крывенка;
  • першы намесьнік камандучага Сіл спэцыяльных апэрацый ВСУ Сяргей Крыванос;
  • супрацоўнік «Севастопальскага марскога рыбнага порту» Руслан Рыгаванаў;
  • народны дэпутат Юры Цімашэнка;
  • часова беспрацоўны Андрэй Новак;
  • старшыня Фэдэрацыі футболу Марыўпалю Васіль Жураўлёў;
  • прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка;
  • былы народны дэпутат Юры Кармазін;
  • журналіст Юлія Літвіненка;
  • старшыня праўленьня грамадзкай арганізацыі «Улада народу» Аляксандар Вашчанка;
  • паліттэхноляг Уладзімір Пятроў;
  • журналіст Зьміцер Гнап;
  • лідэр партыі «Разумная сіла» Аляксандар Салаўёў.

Згодна з украінскім заканадаўствам кожны з зарэгістраваных кандыдатаў мае права не пазьней як 7 сакавіка (за 23 дні да выбараў) адмовіцца ад удзелу ў кампаніі, і тады яму вернуць 2,5 мільёна грыўняў (каля 92 тысяч даляраў) фінансавага закладу, унясеньне якога — абавязковая ўмова для рэгістрацыі.

Законам аб бюджэце прадугледжваліся выдаткі на правядзеньне выбараў у суме 2,4 мільярда грыўняў (амаль 90 мільёнаў даляраў у эквіваленце). Але гэты аб’ём фінансаваньня разьлічваўся паводле папярэдніх прагнозаў аб удзеле ў выбарах 25 кандыдатаў. Цяпер выдаткі давядзецца павялічваць амаль удвая, бо за кошт бюджэту маюць выдаваць агітацыйную і інфармацыйную прадукцыю кандыдатаў, аплачваць іх эфір у дзяржаўных СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG